АРА́ЛІЯ
(Aralia),
род кветкавых раслін сям. араліевых. 35 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі ў Цэнтр. бат. садзе АН інтрадукавана аралія маньчжурская, або чортава дрэва (A. mandshurica), разводзіцца ў садах і парках.
Невялікія дрэвы або кусты і высокія травы Сцябло густа ўкрытае вострымі калючкамі. Лісце няпарнаперыстае, на доўгіх чаранках. Кветкі дробныя, жоўта-белыя, сабраныя ў мяцёлчатыя суквецці. Плод — ягадападобная касцянка. Дэкар., харч. расліна. У каранях ёсць эфірны алей, смолы, сапаніны, вітаміны C, B, B1; настой з іх ужываецца як танізоўны сродак (сурагат жэньшэню).
т. 1, с. 451
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова) 
ВЯЛІКАЛЯТЧА́НСКІ БАТАНІ́ЧНЫ САД.
Існаваў з пач. 20 ст. да 1924 у маёнтку Вял. Лётцы, за 15 км ад Віцебска. Створаны У.У.Адамавым з дапамогай Бат. ін-та Пецярбургскага ун-та, бат. саду Расійскай АН, садовых устаноў Варшавы, Парыжа, Жэнеўскага альпійскага саду і інш. Да 1910 у Вялікалятчанскім батанічным садзе меліся 344 віды дрэвавых (з іх 23 хвойных, 13 ліян), 664 травяністых і паўкустовых раслін, 13 відаў папарацей, у 1924 — каля 400 відаў рэдкіх дрэвавых парод (раслін-альбіносаў, стракаталістых формаў — клён вастралісты, бяроза нізкая і інш.), шмат раслін з сям. араліевых (аралія маньчжурская, акантапанакс сядзячакветны і інш.), калекцыя шматгадовых травяністых раслін (у т. л. альбіносаў), цяпліца з 300 відамі экзотаў, гербарый, «жывы зельнік» (больш за 2 тыс. відаў лек., тэхн. і інш. раслін), бат. музей. Пасля 1924 частку калекцый (да 200 відаў) перанеслі ў Батанічны сад Віцебскага педагагічнага універсітэта.
т. 4, с. 369
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)