Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕЛІЧЭ́ННЕ АПТЫ́ЧНАЕ,
адносіны лінейных ці вуглавых памераў відарыса аптычнага, атрыманага з дапамогай аптычнай сістэмы, да адпаведных памераў аб’екта.
Для восесіметрычных аптычных сістэм адрозніваюць лінейнае, вуглавое і падоўжнае П.а. Лінейнае (папярочнае) П.а. — адносіны даўжыні відарыса адрэзка, перпендыкулярнага аптычнай восі сістэмы, да даўжыні гэтага адрэзка. Для рэальных сістэм лінейнае П.а. для спалучальных паверхняў рознае ў розных пунктах поля зроку, што вядзе да парушэнняў геам. падобнасці паміж аб’ектам і яго відарысам (гл.Дысторсія). Вуглавое П.а. — адносіны тангенса вугла нахілу праменя да аптычнай восі ў прасторы відарысаў да тангенса вугла нахілу спалучанага яму праменя ў прасторы аб’ектаў. Падоўжнае П.а. — адносіны даўжыні адрэзка, адкладзенага ўздоўж аптычнай восі ў прасторы відарысаў, да даўжыні спалучальнага яму адрэзка ў прасторы аб’ектаў. Усе віды П.а. ўзаемазвязаны. Напр., для аптычнай сістэмы, якая знаходзіцца ў паветры, вуглавое павелічэнне адваротна прапарцыянальнае лінейнаму (чым большае лінейнае павелічэнне, тым больш вузкімі светлымі пучкамі будуецца відарыс і тым меншая яго асветленасць).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІСІНО́МІЯ,
горад у Японіі, прамысл. прыгарад г.Осака. Каля 500 тыс.ж. (1998). Порт на Пд в-ва Хонсю. Вузел скарасных шашэйных дарог. Прам-сць: металургічная, металаапр., авіяц., тэкст., харчасмакавая (вытв-сць лепшых гатункаў рысавай гарэлкі — сакэ), аптычнае і дакладнае машынабудаванне. Ун-т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТРО́Н,
прылада, якая складаецца з крыніцы святла (святловыпрамяняльны дыёд), аптычна спалучанай з прыёмнікам святла (фотарэзістар, фотадыёд, фотатранзістар і інш.). Элементы аптрона змешчаны ў агульным корпусе, алегарычна ізаляваны. У аптроне выконваецца прамое і адваротнае электронна-аптычнае пераўтварэнне. Выкарыстоўваецца для сувязі паміж асобнымі вузламі электронных прылад, напр. у выліч. і вымяральнай тэхніцы і аўтаматыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁГАЛА́КТЫКІ,
разнавіднасць галактык, якія з’яўляюцца крыніцамі магутнага радыёвыпрамянення. Вядома больш за 500 Р.
Практычна ўсе галактыкі выпрамяняюць у радыёдыяпазоне. З прычыны вял. адлегласцей (большых за 5—6 Мпк) радыёвыпрамяненне звычайных галактык вельмі слабае, у сярэднім ў мільён разоў меншае за аптычнае выпрамяненне. Інтэнсіўнасць радыёвыпрамянення Р. на некалькі парадкаў вышэйшая, у большасці выпадкаў іх аптычнае выпрамяненне слабае і не заўсёды можна атаясаміць Р. з аптычнай крыніцай. Радыёвыпрамяненне Р. мае сінхратронную прыроду (гл.Сінхратроннае выпрамяненне). З дапамогай радыёінтэрферометраў устаноўлена, што 75% Р. — падвойныя сістэмы. Самая магутная Р. — Лебедзь A (у сузор’і Лебедзь), у аптычным дыяпазоне мае 18-ю зорную велічыню; вобласць радыёвыпрамянення складаецца з 2 кампанентаў, размешчаных сіметрычна па абодва бакі ад зоны аптычнага выпрамянення. Лінейныя памеры кожнага кампанента 100 тыс.св. гадоў, адлегласць паміж імі 300 тыс.св. гадоў.
Літ.:
Пахольчик А.Г. Радиогалактики: Пер. с англ.М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЭ́НДСЭТ»
(англ. Landsat, скарочанае ад Land Satellite спадарожнік для вывучэння Зямлі),
назва амерыканскіх эксперыментальных ШСЗ для даследавання прыродных рэсурсаў.
Маса 891 кг. Складаецца з блока службовых сістэм і блока з карысным грузам. Электрасілкаванне ад сонечных батарэй. Тэлекамеры забяспечваюць аптычнае раздзяленне да 30 м. Інфармацыя, што атрымліваюць пры дапамозе «Л.», выкарыстоўваецца ў геалогіі, сельскай і лясной гаспадарцы, акіянаграфіі, гідралогіі, метэаралогіі і інш. З 1972 запушчаны 4 «Л.».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЛІКО́ВАЕ ПРЫСТАСАВА́ННЕвымяральнай прылады,
частка прылады, прызначаная для адліку яе паказанняў. Адліковае прыстасаванне аналогавай прылады складаецца са шкалы і паказальніка (стрэлка, прамень святла), пры гэтым рухомымі могуць быць паказальнік або шкала. Адліковае прыстасаванне лікавай прылады дае паказанні непасрэдна ў лікавай форме з дапамогай мех., эл. і электрамех. індыкатараў.
Светлавое адліковае прыстасаванне: 1 — крыніца святла; 2 — аптычнае прыстасаванне з ніткай або кап’ём (3); 4 — люстэрка, замацаванае на рухомай частцы вымяральнага механізма; 5 — шкала з спраектаваным на яе відарысам ніткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУЛЯ́РЫ,
найбольш простае аптычнае прыстасаванне, якое выкарыстоўваецца для карэкцыі недахопаў аптычнай сістэмы вока або засцерагае яго ад мех. пашкоджанняў, уздзеяння агрэсіўных вадкіх і газападобных асяроддзяў, прамянёў святла. Складаюцца з дзвюх акулярных лінзаў (карэгавальныя акуляры) або спец. шкла (засцерагальныя акуляры) і аправы, якая забяспечвае неабходнае становішча лінзаў або шкла адносна вачэй. Разнавіднасцю акуляраў можна лічыць кантактныя лінзы. Робяць іх з гнуткага празрыстага шкла і прыкладаюць непасрэдна да рагавіцы або склеры вока. Найб. пашырэнне маюць акуляры, прызначаныя для паляпшэння зроку пры блізарукасці (міяпіі) і дальназоркасці (гіперметрапіі).