ЭЎФЕМІ́ЗМ (грэч. euphēmismos ад eu добра + phemi кажу),

моўны выраз, што ўжываецца з мэтай аслабіць залішне прамое, адкрытае выказванне (звычайна ўласцівае быт., гутарковай мове), даць больш мяккае, «прыстойнае» абазначэнне якога-н. прадмета або з’явы; від тропа. У адносінах да слоў, якія яны замяняюць, Э. часта выступаюць у ролі сінонімаў (напр., «зорак з неба не хапае» замест «недалёкі, неразумны»).

Э. вядомы з даўніх часоў, звязаны з забаронай ужываць тое ці інш. слова, каб не наклікаць злую сілу на сябе (талу). Паводле характару Э. блізкія да метаніміі, перыфразы, нярэдка становяцца іх разнавіднасцю. Э. проціпастаўляецца дысфемізм — замена эмацыянальна і стылістычна нейтральнага слова больш грубым, зневажальным (напр., замест «памерці» — «апруцянець, загнуцца, апрэгчыся» і г.д.). Працэсы эўфемізацыі вывучаюцца ў лексікалогіі і сацыялінгвістыцы.

М.​А.​Лазарук.

т. 18, кн. 1, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)