АПРАСНЕ́ННЕ ВАДЫ́,

апрацоўка марской вады ці вады моцнамінералізаванай крыніцы з мэтай зніжэння канцэнтрацыі раствораных соляў да ступені (звычайна да 1 г/л), пры якой вада становіцца прыдатнай на піццё ці гасп. мэты. Робіцца ў апрасняльніках.

Пры апрасненні вады выпарэннем салёную ваду награваюць, пару кандэнсуюць. Пры апрасненні вады вымарожваннем выкарыстоўваюць уласцівасць салёнай вады пры замярзанні ўтвараць крышталі прэснага лёду, паміж якімі знаходзяцца крышталі салёнага лёду. Пры раставанні ў вадкі стан спачатку пераходзяць крышталі салёнага лёду, што і дазваляе аддзяліць салёную ваду ад прэснай. Пры электролізным спосабе катыёны і аніёны раствораных у вадзе соляў пад дзеяннем пастаяннага эл. поля выдаляюцца праз спец. мембраны, якія не прапускаюць прэснай вады. Гіперфільтрацыйны метад заснаваны на ўласцівасці мембран, зробленых з ацэтылцэлюлозы ці паліамідных смолаў, пры ціску, вышэйшым за асматычны, прапускаць малекулы вады, але затрымліваць гідратызаваныя іоны раствораных у вадзе соляў.

Апрасненне вады ў многаступеньчатым дыстыляцыйным апрасняльніку з імгненным закіпаннем: I—IV, N — камеры выпарэння; 1 — падагравальнік; 2 — кандэнсатар эжэктара; 3 — паравыя эжэктары; 4 — кандэнсатары; 5 — пырскаўлоўнікі; 6 — паддоны для збору кандэнсату; 7 — помпы.

т. 1, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕРЭІ́ДЫ (Nereidae),

сямейства многашчацінкавых чарвей. 35 родаў, каля 450 відаў. Пашыраны ўсюды ў прыбярэжнай зоне мораў. Некат. пераносяць моцнае апрасненне. Жывуць на дне ў норках, утвараюць вял. пасяленні. Найб. шматлікі род нерэіс (Nereis) — каля 150 відаў.

Даўж. ад 4 да 90 см (звычайна 5—10). Афарбоўка пераважна зялёных тонаў. Усёедныя. Раздзельнаполыя. Пры палавой спеласці ў многіх Н. адбываецца ператварэнне ў гетэранерэідныя формы (эпітакія); павялічваюцца вочы, параподыі, паяўляюцца плавальныя шчацінкі, і чэрві падымаюцца на паверхню вады для размнажэння. Корм для рыб і птушак.

Да арт. Нерэіды. Нерэіс.

т. 11, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)