Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АПО́РНАЕ СВІДРАВА́ННЕ,
праходка глыбокіх свідравін з мэтай вывучэння геал. будовы пэўнай тэрыторыі і вызначэння напрамку пошукава-разведвальных работ. Выконваецца з адборам керну да глыб. ад некалькіх дзесяткаў метраў да некалькіх кіламетраў (у найб. спрыяльных структурных і стратыграфічных умовах). Адрозніваецца дэталёвым паслойным вывучэннем геал. разрэзу комплексам метадаў: геафіз., літолага-петраграфічных, геахім., гідрагеал., палеанталагічных, геахраналагічных і інш. Да апорнага свідравання таксама належыць свідраванне звышглыбокіх свідравін (да 10—15 км) для вывучэння будовы зямной кары і верхняй мантыі Зямлі. На Беларусі планамерна праводзіцца з 1960-х г. з мэтай вывучэння стрататыпаў геал. падраздзяленняў, тэктанічных структур і адкладаў, перспектыўных на карысныя выкапні (нафта, солі, жал. руды, алмазы і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАСКАРЭ́З-ГЛЫБОКАРЫХЛІ́ЦЕЛЬ,
прылада для глыбокага рыхлення глебы без яе перамешвання і пашкоджвання ржышча. Выкарыстоўваецца для апрацоўкі глебы, схільнай да ветравой эрозіі.
П.-г. падразае карані пустазелля на глыбіні 12—30 см, а ржышча, што застаецца на паверхні поля, затрымлівае снег, засцерагае глебу ад выдзімання і змыву, садзейнічае назапашванню вільгаці. Пашыраны навясны на трактар культыватар -П.-г. з адным або некалькімі рабочымі органамі і прычапны культыватар — пласкарэз-угнойвальнік для раўнамернага ўнясення ў глебу грануляваных мінер. угнаенняў.
В.М.Кандрацьеў.
Навясны пласкарэз-глыбокарыхліцель: 1 — навясное прыстасаванне; 2 — апорнае кола з механізмам рэгуліроўкі глыбіні апрацоўкі глебы; 3 — рабочы орган.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОЎ Я́НА І ЦЭЦЫ́ЛІІ,
эразійная лагчына, геолага-геамарфалагічны і палеанталагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1998). Размешчаны каля зах. ускраіны в. Багатырэвічы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл.Даўж. 700 м, шыр. да 100 м, глыб. да 10 м, пл. 0,3 км². Лагчына ўтварылася пры размыве азёрна-ледавіковай нізіны за 14 тыс. гадоў. Мае звілістую форму. Уключае помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963) Самастрэльнікі — апорнаегеал. агаленне стараж. азёрных і балотных адкладаў муравінскага міжледавікоўя. Адклады (магутнасць 3,3 м) багатыя на рэшткі выкапнёвай флоры (больш за 100 відаў), што існавала каля 100 тыс.г. назад. На паверхні зах. схілу, паводле падання, знаходзяцца магілы герояў рамана Э.Ажэшкі «Над Нёманам» Яна і Цэцыліі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАЛАКАПА́ЛЬНІК, канавакапальнік,
машына для пракладкі і рамонту асушальных і арашальных каналаў, канаў, траншэй, кюветаў і інш. Бываюць з актыўнымі (ротар, фрэза), пасіўнымі (плуг, адвал) і камбінаванымі рабочымі органамі. Пашыраны К. з капіруючай фрэзай, двухфрэзерныя, шнэкаротарныя, адвальна-ротарныя, плужныя.
Складаюцца з базавай машыны (трактар, самаходнае шасі) і рабочых органаў, якія навешваюцца ззаду або збоку К. з капіруючай фрэзай і двухфрэзерныя з гусенічнымі рухачамі высокай праходнасці выкарыстоўваюць на пераўвільготненых тарфяніках, двухротарныя і шнэкаротарныя — на мінер. грунтах з высокай нясучай здольнасцю. Адвальна-ротарныя і плужныя — універсальнага выкарыстання, імі ў асн. пракладваюць каналы невял. глыбіні. К. з актыўнымі (ратацыйнымі) рабочымі органамі ствараюць папярочны профіль канала з роўнымі адхонамі Фрэзерныя пракладваюць каналы глыб. 0,5—2 м у балотна-тарфяных грунтах, ротарныя — глыб. да 2 м у шчыльных грунтах, плужныя — глыб. 0,4—1,2 м. К. з камбінаванымі рабочымі органамі пракладваюць за адзін праход канал глыб. да 3 м, планіруюць дно і адхоны. На Беларусі некаторыя тыпы К. створаны ў СКБ «Меліярмаш», Цэнтр.НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, на Мазырскім з-дзе меліярац. машын.
І.І.Леановіч.
Схемы каналакапальнікаў: а — двухфрэзернага (1 — трактар, 2 — зачышчальнае прыстасаванне з планіруючым адвалам, 3 — фрэза); б — прычапнога плужнага (1 — трактар, 2 — цягавая рама, 3 — плуг з адваламі і бермаачышчальнікамі, 4 — апорнае кола, 5 — хадавое кола); е — шнэкаротарнага (1 — шнэк, 2 — ротар, 3 — канвеер).