Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЛЬЯЙ, Бояй (Bolyai) Янаш (15.12.1802, г. Клуж-Напока, Румынія — 27.1.1860), венгерскі матэматык, адзін са стваральнікаў нееўклідавай геаметрыі. Калі быў студэнтам Ваенна-інж. акадэміі ў Вене, займаўся доказам пастулата аб паралельных лініях. У 1832 выдаў «Апендыкс» як дадатак да 1-га т. падручніка матэматыкі свайго бацькі Ф.Больяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДЫМЕНТА́РНЫЯ О́РГАНЫ,
недаразвітыя, спрошчаныя органы, якія выконвалі пэўныя функцыі ў эвалюцыйных продкаў, але страцілі сваё значэнне ў арганізме патомкаў у працэсе гіст. развіцця. Закладваюцца ў час зародкавага развіцця і поўнасцю не развіваюцца. Напр., малая галёначная косць у птушак, вочы ў некат. жывёл, што жывуць пад зямлёй (краты, слепакі і інш.), рэшткі валасянога покрыва і тазавых касцей шэрагу кітападобных. У чалавека да 100 Р.о., у т. л. хваставыя пазванкі, валасяное покрыва тулава, вушныя мышцы, апендыкс і інш. У адрозненне ад атавізмаў Р.о. ёсць ва ўсіх асобін віду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАЛАВЕКАПАДО́БНЫЯ (Pongidae),
сямейства вышэйшых прыматаў. Разам з сям.гамінід складаюць надсям. чалавекападобных прыматаў (Hominoidea). Выкапнёвыя Ч. былі пашыраны ў міяцэне і пліяцэне Еўразіі і Афрыкі. Ад міяцэнавых пліяпітэкаў (продкаў гібонаў) узялі пачатак дрыяпітэкі — зыходная форма ўсіх сучасных Ч. і чалавека (у адпаведнасці з тэорыяй Ч.Дарвіна). Сучасныя 4 віды Ч.: арангутан, гарыла, шымпанзэ (2 віды). Пашыраны ў Азіі і Афрыцы. Актыўныя ўдзень. Трымаюцца невял. групамі (2—15 асобін). Паводле анатама-фізіял. прыкмет найб. блізкія да чалавека гарыла і шымпанзэ (з апошнім — амаль 100-працэнтная ідэнтычнасць паводле складу поліпептыдаў). Усе віды Ч. занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. (выш.) да 180 см (зрэдку больш, гарыла), маса да 300 кг. Самкі драбнейшыя за самцоў. Хвост адсутнічае. Валасяное покрыва грубае, кароткае, часам касматае, чарнаватае (у арангутанаў чырванаватае). Тваравы аддзел слаба ўкрыты валасамі, далоні, падэшвы і вушы без валасоў. На чэрапе самцоў арангутанаў і гарыл развітыя грабяні. Зубоў 32. Мозг адносна вял., з развітымі барознамі і звілінамі, масай да 600 г, зрэдку да 750 г (у гарыл), што абумоўлівае ў Ч. высокаразвітую вышэйшую нерв. дзейнасць. Пярэднія канечнасці даўжэйшыя за заднія. Першы палец проціпастаўлены астатнім. У арангутанаў 12 пар рэбраў, у астатніх — 13 пар. 4 групы крыві (як у чалавека). Ёсць сляпая кішка, яе адростак (апендыкс) дасягае даўж. 25 см. Спажываюць пераважна расл. (гарыла), часам дробны жывёльны корм. Нараджаюць звычайна 1 дзіцяня.