Апека 1/383; 2/189; 10/171

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕ́КА,

форма аховы асабістых і маёмасных правоў і інтарэсаў недзеяздольных асоб. У Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца над дзецьмі да 15 гадоў, якія не маюць бацькоў або бацькі не здольныя іх выхоўваць, над грамадзянамі, якія прызнаны судом недзеяздольнымі ў сувязі з іх псіхічнай хваробай ці разумовай непаўнацэннасцю. Парадак апекі вызначаецца заканадаўствам. Органамі апекі з’яўляюцца выканкомы мясц. Саветаў дэпутатаў, якія выконваюць гэтыя функцыі праз аддзелы нар. асветы, аховы здароўя, сац. забеспячэння. Непасрэднае ажыццяўленне апекай ўскладаецца на апекуна (прызначаецца з ліку сваякоў падапечнага ці інш. грамадзян), пры злоўжыванні правамі апошні нясе маёмасную, у некаторых выпадках і крымінальную адказнасць.

т. 1, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Апека міжнародная 1/383—384, 414; 6/612; 9/289

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕ́КА МІЖНАРО́ДНАЯ,

сістэма кіравання былымі залежнымі тэрыторыямі, якая ажыццяўлялася ад імя і пад кіраўніцтвам ААН. Створана ў 1945. Апекавала тэрыторыі, на якія раней распаўсюджвалася мандатная сістэма Лігі Нацый, а пасля 2-й сусветнай вайны былі адарваны ад дзяржаў гітлераўскай кааліцыі і добраахвотна ўвайшлі ў сістэму апекі. Грунтавалася на праве нацый на самавызначэнне, была больш прагрэсіўная па сваіх мэтах і накіравана на ліквідацыю каланіяльнай залежнасці. У сістэму апекі міжнароднай было ўключана 11 тэрыторый. Кантрольныя функцыі за выкананнем дзяржавамі-апекунамі сваіх абавязкаў ускладаліся на Савет па апецы ААН і Савет Бяспекі ААН. Прыняцце Ген. Асамблеяй ААН у 1960 Дэкларацыі аб прадастаўленні незалежнасці каланіяльным краінам і народам садзейнічала таму, што ўсе падапечныя тэрыторыі да 1994 атрымалі незалежнасць. Такім чынам сістэма апекі міжнароднай вычарпала свае функцыі.

Л.​В.​Паўлава.

т. 1, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЯКУ́Н,

гл. ў арт. Апека.

т. 1, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІКІ́НІ (Bikini),

атол у Ціхім ак., у архіпелагу Маршалавых астравоў. Апека ЗША. Пл. каля 5 км². Месца правядзення ядзерных выпрабаванняў ЗША у 1946—58. Жыхары эвакуіраваны ў 1946.

т. 3, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТЭРНАЛІ́ЗМ (ад лац. paternus бацькоўскі),

заступніцтва, апека старэйшага ў адносінах да малодшых, падапечных. У развітых дзяржавах П. у адносінах да працоўных называюць сістэму дадатковых ільгот і выплат на прадпрыемствах за кошт прадпрымальнікаў. Накіраваны на замацаванне кадраў, на змякчэнне прац. канфліктаў. У міжнар. адносінах тэрмін «П.» выкарыстоўваўся для абазначэння апекі буйных дзяржаў над больш слабымі дзяржавамі, калоніямі, падапечнымі тэрыторыямі.

т. 12, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНДА́ТНЫЯ ТЭРЫТО́РЫІ,

агульная назва б. калоній Германіі і некаторых уладанняў Турцыі, перададзеных пасля 1-й сусв. вайны Лігай Нацый у кіраванне краінам-пераможцам на аснове мандата. Мандатная сістэма, уведзеная паводле Статута Лігі Нацый, фактычна ўяўляла сабой форму каланіяльнага панавання імперыяліст. дзяржаў і прыкрывала пераразмеркаванне імі каланіяльных уладанняў пераможаных дзяржаў. Кожная з М.т. мела свой статус, які ў многім залежаў ад дзяржаў — трымальнікаў мандатаў. Пасля 2-й сусв. вайны мандатная сістэма заменена сістэмай апекі ААН (гл. Апека міжнародная).

т. 10, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДСУ́ТНАСЦЬ БЕЗ ВЕ́СТАК,

у цывільным праве ўстаноўлены судом факт працяглай (не менш за адзін год) адсутнасці асобы і звестак пра яе ў месцы яе пастаяннага жыхарства. Прызнанне факта адсутнасці без вестак праводзіцца па заяве зацікаўленай фіз. або юрыд. асобы і цягне за сабой пэўныя юрыд. вынікі: над маёмасцю адсутнага ўстанаўліваецца апека, з яго маёмасці выдаецца забеспячэнне асобам, якіх ён паводле закону абавязаны ўтрымліваць, пагашаюцца даўгі па яго абавязацельствах. У выпадку яўкі ці выяўлення месца знаходжання адсутнага суд адмяняе сваё рашэнне аб прызнанні факта адсутнасці без вестак. Гл. таксама Абвяшчэнне памерлым.

т. 1, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАГА ГУБЕ́РНСКАГА ПРАЎЛЕ́ННЯ БУДЫ́НАК Існаваў у Магілёве ў 18—1-й пал. 20 ст. Пабудаваны ў 1778 у стылі класіцызму. Мураваны 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак з прыбудовамі з боку дваровага фасада быў злучаны з асн. аб’ёмам мураванай сцяной. На гал. фасадзе вылучаліся 3 неглыбокія рызаліты: цэнтральны, завершаны прамавугольным атыкам, і бакавыя з трохвугольнымі франтонамі. Будынак завяршаўся простым карнізам з сухарыкамі на рызалітах. На 1-м паверсе знаходзілася кватэрная камісія, выліч. экспедыцыя, паліцыя, скарб, грамадз. апека, пав. суд, на 2-м — дзярж. палата, губ. ўправа, 1-ы і 2-і дэпартаменты. Разбураны ў 1944.

Т.​І.​Чарняўская.

т. 9, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)