АПАРЫ́Я

(грэч. aporia літар. бязвыхаднасць),

тэрмін, які абазначае цяжкавырашальную праблему, звычайна звязаную з супярэчнасцю паміж данымі вопыту і мысленным аналізам. Упершыню апарыі выкарыстаны ў стараж.-грэч. філасофіі. Найб. вядомыя апарыі Зянона з Элеі (выяўлялі супярэчнасці ў паняццях неперарыўнасці руху, часу і прасторы), Сакрата, Платона, Арыстоцеля і скептыкаў.

т. 1, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫНО́МІЯ

(ад грэч. antinomia супярэчнасць у законе),

супярэчнасць паміж двума суджэннямі, кожнае з якіх аднолькава лагічна даказальнае. Паняцце «антыномія» ўзнікла ў антычнасці (Платон, Арыстоцель). Стараж.-грэч. філосафы ў сэнсе антыноміі часцей выкарыстоўвалі тэрмін «апарыя». Шмат увагі фармулёўцы і аналізу антыноміі аддавалі схаластычныя логікі. Кант выкарыстоўваў паняцце «антыномія», спрабуючы апраўдаць асн. тэзіс сваёй філасофіі, паводле якога розум не можа выйсці за межы пачуццёвага вопыту і пазнаць «рэч у сабе». Вучэнне Канта пра антыномію развіта ням. класічным ідэалізмам як фундаментальная перадумова дыялект. логікі. Гегель крытычна прааналізаваў кантаўскае вырашэнне пытання антыноміі і паказаў, што супярэчнасць — неад’емная аб’ектыўная характарыстыка духу, які знаходзіцца ў развіцці, гіст. быцця і мыслення. У дыялект. матэрыялізме антыномія разглядаецца ў рамках вучэння пра дыялект. супярэчнасці (адрознівае супярэчнасці ад парадоксаў). Пастаноўка навук. праблем у форме антыноміі і іх вырашэнне — важнае звяно ў тэарэт. адлюстраванні дыялект. супярэчнасці аб’ектыўнай рэальнасці.

Літ.:

Манеев А.К. Философский анализ антиномии науки. Мн., 1974.

т. 1, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)