БЭНЧЫ́ЛЭ ((Băncilă) Актаў) (27.1.1872, г. Корні, Румынія — 3.4.1944),
румынскі жывапісец. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Ясах (1887—93; выкладаў у ёй у 1916—37) і ў АМ у Мюнхене (1894—98). Аўтар цыклаў твораў пра сялянскае паўстанне 1907: «Адчай», «1907 год», «Апазнаванне забітых», «Пахаванне» (1907—12); карцін «Галодны», «Стары кравец» (абедзве 1908), «Рабочы» (1911), «Забастоўшчык» (1914), «У полі» (1915) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁТЭХНІ́ЧНЫЯ ВО́ЙСКІ,
род войск для вядзення радыёлакацыйнай разведкі паветраных цэлей, радыёлакацыйнага забеспячэння баявых дзеянняў часцей і злучэнняў проціпаветранай абароны і інш.
Узніклі ў пач. 1-й сусв. вайны, калі авіяцыя стала адным са сродкаў узбр. барацьбы. З 1932 у СССР ствараліся падраздзяленні паветр. назірання, апавяшчэння і сувязі (ПНАС). Пераўзбраенне войск ПНАС радыёлакацыйнымі сістэмамі выклікала неабходнасць фарміравання (1952) Р.в. ППА.
Складаюцца са злучэнняў, часцей і падраздзяленняў (у т. л. асобных) і ўтвараюць на тэр. краіны адзіную цэнтралізаваную сістэму. Гал. задачы Р.в.: выяўленне паветр. аб’ектаў, вызначэнне каардынат, саставу і параметраў іх руху, кантроль за палётамі сваёй авіяцыі, апазнаванне і суправаджэнне розных класаў (тыпаў) цэлей праціўніка і забеспячэнне камандавання інфармацыяй. Р.в. выкарыстоўваюцца таксама для кіравання баявымі дзеяннямі, цэлеўказання зенітным ракетным комплексам, навядзення знішчальнікаў на паветр. цэлі і інш.Асн. сродкі выяўлення паветр. цэлей — радыёлакацыйныя станцыі і комплексы, а таксама сродкі аўтам. сістэм кіравання, перадачы даных, прыстасаванні адлюстравання інфармацыі і інш. На Беларусі Р.в. з’яўляюцца родам войск ППА; радыётэхн. часці і падраздзяленні існуюць і ў інш. відах Узбр. Сіл.
Літ.:
Дружинин В.В. Радиотехнические войска ПВО. М., 1968;
Лобанов М.М. Развитие советской радиолокационной техники. М., 1982;
Костенко В.В. ПВО. Взгляд в завтра // Армия. 2000. № 5.
І.М.Нераслаўскі.
Да арт.Радыётэхнічныя войскі. Радыёлакацыйная станцыя «Гама» для выяўлення паветраных цэлей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЭНТЫФІКА́ЦЫЯ (ад позналац. identifico атаясамліваю),
апазнаванне, устанаўленне тоеснасці аб’ектаў. У навук. ўжытак тэрмін ўведзены З.Фрэйдам, які разглядаў яе як неўсвядомлены працэс пераймання, як самую раннюю праяву эмацыянальнай прыхільнасці дзіцяці да маці, эмацыянальнае зліццё з ёю. У неартадаксальным псіхааналізе І. трактуецца як цэнтр. механізм фарміравання здольнасці “Я”-суб’екта да самаразвіцця, псіхал. абароны яго ад знешніх пагражальных аб’ектаў. У сучаснай псіхалогіі пад І. разумеецца атаясамліванне суб’ектам сябе з інш. аўтарытэтнай асобай, рэальнай або намінальнай групай; засваенне (інтэрыярызацыя) іх каштоўных арыентацый, норм і ўзораў паводзін; механізм псіхал. абароны, які выяўляецца ў імітацыі, пераймальных паводзінах і прыпадабненні да аб’екта, які выклікае страх або трывогу; успрыманне інш. чалавека як прадаўжэння сябе, міжвольнае прыпісванне яму сваіх думак, пачуццяў, перажыванняў; пастаноўка сябе на месца другога, суперажыванне, перанясенне ў стан, абставіны другога. У сацыялогіі і сацыяльнай псіхалогіі І. — важны механізм сацыялізацыі асобы, пры дапамозе якога засвойваюцца сац. ролі, устаноўкі, нормы, ідэалы. У тэхніцы і матэматыцы І. — выяўленне адпаведнасці распазнавальнага прадмета свайму вобразу (знаку, мадэлі і інш.); стварэнне аналогій, абагульненняў і іх класіфікацыя, распазнаванне вобразаў, аналіз знакавых сістэм (гл.Ізамарфізм, Мадэліраванне). У хіміі І. — вызначэнне будовы і саставу невядомага злучэння шляхам параўнання вынікаў аналізу, а таксама хім. і фіз. уласцівасцей гэтага злучэння з аналагічнымі характарыстыкамі вядомага злучэння. Прыёмы І. выкарыстоўваюць у літаратуразнаўчых, гіст. і археал. даследаваннях, а таксама ў крымінальным праве (гл.Ідэнтыфікацыя ў крыміналістыцы).
Літ.:
Столин В.В. Самосознание личности. М., 1983;
Андреева Г.М. Психология социального познания. М., 1997;
Хьелл Л., Зиглер Д. Теории личности: Пер. с англ. СПб., 1997.