А́ПА (Apo),
дзеючы вулкан на в-ве Мінданао, у Азіі. Выш. 2954 м (самы высокі на Філіпінах). Складзены з андэзітаў, знаходзіцца ў сальфатарнай стадыі (гл. Сальфатары). Укрыты трапічнымі, мяшанымі лясамі, хмызнякамі; каньёны, вадаспады, тэрмальныя крыніцы. Нац. парк Маўнт-Апа (пл. 72,9 тыс. га, засн. ў 1936).
т. 1, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПА... (ад грэч. apo з, ад, без),
першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае адмаўленне, страту, адсутнасць чаго-н., паходжанне з чаго-н., выдаленне, напр., апагамія, апаміксіс.
т. 1, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАХРАМА́Т [ад апа... + грэч. chrōma
(chrōmatos) колер),
складаны аб’ектыў са значна зменшанай храматычнай аберацыяй аптычнай сістэмы. Складаецца са спец. падабраных лінзаў і люстэркаў. Выкарыстоўваецца ў каляровай фатаграфіі, кінематаграфіі, паліграфіі і тэлебачанні.
т. 1, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАБІЯСФЕ́РА (ад апа... + біясфера),
слаі атмасферы (вышэй за 60—80 км), у якія ніколі, нават выпадкова, натуральным шляхам не падымаюцца жывыя арганізмы і куды біягенныя рэчывы заносяцца толькі ў вельмі невял. колькасці. Структурная частка мегабіясферы.
т. 1, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАГАМІ́Я (ад апа... + ...гамія),
апагаметыя, адна з формаў бясполага размнажэння (апаміксісу) у вышэйшых раслін. Пры апагаміі зародак утвараецца з клетак зарастка (у папарацяў) або зародкавага мяшка (у кветкавых раслін). Трапляецца рэдка (напр., у трыпутніка ланцэталістага).
т. 1, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАФЕРМЕ́НТ (ад апа... + фермент),
апаэнзім, бялковая частка складаных (двух- і шматкампанентных) ферментаў. Вызначае выбіральныя дзеянні ферменту ў адносінах да субстрату і магчымасць рэгулявання яго актыўнасці. Для выяўлення каталітычнай актыўнасці апаферменту неабходная наяўнасць небялковага кампанента — кафактару (каферменту).
т. 1, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФЕ́ЛІЙ (ад апа... + грэч. hēlios Сонца),
найбольш аддалены ад Сонца пункт арбіты планеты або інш. цела, што абарачаецца вакол Сонца. Адлегласць Зямлі ад Сонца ў афеліі 152 млн. км (у пач. ліпеня). Процілеглы пункт арбіты — перыгелій. Гл. таксама Апагей, Перыгей.
т. 2, с. 131
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАГЕ́Й (ад апа... + грэч. gē Зямля),
1) пункт арбіты Месяца ці штучнага спадарожніка Зямлі, найб. аддалены ад цэнтра Зямлі; процілеглы перыгею). У астраноміі тэрмін «апагей» адносіцца толькі да целаў, што рухаюцца па замкнёных арбітах вакол Зямлі.
2) У пераносным сэнсе апагей — найвышэйшая ступень, найб. ўздым, росквіт дзейнасці, творчасці, славы.
т. 1, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАНЕЎРО́З (ад апа... + неўроз),
злучальнатканкавая пласціна са шчыльных, б.ч. размешчаных паралельна калагенавых і эластычных валокнаў, з дапамогай якой фіксуюцца мышцы. Прымацоўвае шырокія мышцы да касцей або да інш. тканак цела і абмяжоўвае іх. Напр., далонны апанеўроз абмяжоўвае рухомасць згінальнікаў пальцаў, апанеўроз вонкавай косай мышцы жывата — рухомасць сценкі брушной поласці і інш.
т. 1, с. 418
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАСПАРЫ́Я (ад апа... + спора),
развіццё гаметафіта ў некаторых вышэйшых раслін з вегетатыўнай клеткі спарафіта без утварэння спораў (гаплоіднай фазы развіцця). Напр., зарастка папараці з тканкі або ножкі спарангія; развіццё зародкавага мяшка ў пакрытанасенных з клетак семязавязі (нуцэлуса і інш.) без рэдукцыйнага дзялення (меёзу). Звычайна спалучаецца з рознымі формамі апаміксісу або з палавым працэсам.
т. 1, с. 418
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)