СЫ́ВАРАТАЧНАЯ ХВАРО́БА,
алергічнае захворванне, якое развіваецца пасля ўвядзення ў арганізм лячэбна-прафілакт. сываратак імунных (напр., супраць слупняку, дыфтэрыі, батулізму), імунаглабулінаў, лек. сродкаў (напр., інсуліну). Увядзенне гэтых прэпаратаў індуцыруе выпрацоўку антыцелаў і ўтварэнне комплексу антыген і антыцела, што выклікае запаленне. Прыкметы: ліхаманка, галаўны боль, скурная высыпка, сверб, прыпуханне суставаў, павелічэнне лімфавузлоў, селязёнкі і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае.
І.М.Семяненя.
т. 15, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРАДЫЯГНО́СТЫКА (ад лац. serum сываратка + дыягностыка),
выяўленне дыягназу інфекц. і неінфекц. захворванняў або вызначэнне антыгенных характарыстык тканак чалавека (напр., груп крыві) з дапамогай сералагічных даследаванняў. Засн. на выяўленні антыгенаў або антыцел у крыві (інш. вадкасцях) і тканках арганізма.
Для С. выкарыстоўваюць рэакцыі аглюцінацыі (зліпанне і выпадзенне ў асадак бактэрый, клетак крыві, тканак і інш.), нейтралізацыі, прэцыпітацыі (асаджэнне комплексу антыген-антыцела ў выніку злучэння растваральнага антыгена с антыцелам), радыеімуналагічныя, імунаферментныя і інш. метады.
І.М.Семяненя.
т. 14, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАБУЛІ́НЫ (ад лац. globulus шарык),
група глабулярных бялкоў жывёльнага і расліннага паходжання, найб. пашыраных у прыродзе. Раствараюцца ў разбаўленых растворах солей, к-т і шчолачы, слабарастваральныя ў вадзе (акрамя міязіну і некат. інш.). Уваходзяць у састаў раслінных і жывёльных тканак (складаюць амаль палову сываратачных бялкоў крыві, вызначаюць яе буферную ёмістасць). Большасць глабулінаў — простыя бялкі, некат. звязаны з вугляводамі, ліпідамі (асабліва глабуліны плазмы крыві), нуклеінавымі к-тамі (нейраглабулін), ёдам (тырэаглабулін). Вызначаюць імунныя якасці арганізма (антыцела, камплемент), згусанне крыві (пратрамбін, фібрынаген і інш.), удзельнічаюць у пераносе жалеза (трансферын, гаптаглабін), медзі (цэруплазмін), у рэгуляцыі гемапаэзу (эрытрапаэціны) і г.д. Адносіны альбумін/глабулін у плазме крыві маюць дыягнастычнае значэнне (у норме каля 2, пры запаленчых працэсах памяншаецца).
т. 5, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАФАГІ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА манацытарна-фагацытарная сістэма, рэтыкула-эндатэліяльная сістэма,
сукупнасць клетак-фагацытаў тканак і органаў, якія маюць агульнае паходжанне ад манацытаў крыві. Мае 3 звяны: клеткі-папярэднікі (манабласты і праманацыты) чырв. касцявога мозгу; транспартная форма — манацыты крыві (6—8% у лейкацытарнай формуле); клеткі-эфектары — мікрафагі ў тканках і органах, нашчадкі манацытаў, што пакінулі крывяное рэчышча. Клеткі М.с. выконваюць функцыі: выпрацоўкі біялагічна актыўных рэчываў, якія рэгулююць утварэнне імунакампетэнтных лімфоідных клетак; аховы арганізма ад чужародных мікраарганізмаў, таксінаў, інш. часцінак; удзелу ў рэакцыях запалення, рэарганізацыі тканак, загойванні ран, рэгуляцыі кроваўтварэння і інш. Рэгуляцыя функцыянавання М.с. ажыццяўляецца пры дапамозе пасрэднікаў, якія ўтвараюцца макрафагамі, лімфоіднымі і інш. імунакампетэнтнымі клеткамі. Макрафагі ўзбуджаюцца антыгеннымі сігналамі праз комплекс антыген-антыцела, кааперацыя з лімфацытамі ажыццяўляецца пры дапамозе розных рэцэптараў і антыгенаў.
А.С.Леанцюк.
т. 9, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)