ПРАМЕ́ЖКАВЫЯ ВЕ́КТАРНЫЯ БАЗО́НЫ,

цяжкія нестабільныя элементарныя часціцы са спінам 1, якія разам з фатонам забяспечваюць электраслабае ўзаемадзеянне. Існаванне П.в.б. прадказана тэарэтычна да іх адкрыцця ў 1983 (Жэнева, Швейцарыя) на падставе тлумачэння слабага ўзаемадзеяння, як выніку «прамежкавага» абмену гэтымі часціцамі.

Да П.в.б. адносяцца 2 зараджаныя часціцы W​+ і W​ (маса спакою прыкладна 80,4 ГэВ) і нейтральная часціца Z​0 (маса спакою 91,2 ГэВ). W​+ i W​ суадносяцца як часціца і антычасціца, маюць час жыцця τ = 3,1∙10​−22 с, Ζ​0 не мае антычасціцы, τ = 2,6∙10​−22 с. Атрымліваюцца ў выніку сутыкненняў паскораных пратонаў з пратонамі або антыпратонамі, а таксама электронаў з пратонамі ці пазітронамі метадам сустрэчных пучкоў (гл. Паскаральнік з сустрэчнымі пучкамі). У 68% выпадкаў W​± распадаюцца на адпаведныя кваркі і антыкваркі і ў 32% — на лептоны e​±, μ​±, τ​± і адпаведныя нейтрына (антынейтрына), Z​0 у 70% выпадкаў — на пары кварк-антыкварк і ў 30% — на лептон-антылептонныя пары e​+ e​, μ​+ μ​, τ​+ τ​ і адпаведныя нейтрына і антынейтрына.

Літ.:

Окунь Л.Б. Лептоны и кварки. 2 изд. М., 1990.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 12, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ-МЕЗО́НЫ, π-мезоны, піоны,

група самых лёгкіх нестабільных псеўдаскалярных элементарных часціц з моцнымі ўзаемадзеяннямі — адронаў. Утвараюць трыплет, які складаецца з 2 зараджаных (π​+ — часціца і π​ — антычасціца) і 1 нейтральнай (π​0) часціц з нулявым спінам і масамі, прамежкавымі паміж масамі пратона і электрона (масы π​+ і π​ роўныя прыкладна 139,6 МэВ, π​0 — 135 МэВ). Прадказаны Х.Юкавай (1935) для тлумачэння караткадзейнага характару і вялікай велічыні ядз. сіл; эксперыментальна π​+ знойдзены ў касм. прамянях С.Ф.Паўэлам (1947), π​ і π​0 атрыманы ў лабараторных умовах (1948 і 1950 адпаведна).

З’яўляюцца звязанымі станамі пар кварк—антыкварк. маюць нулявы спін і адмоўную ўнутраную цотнасць, утвараюць ізатапічны трыплет (праекцыі ізатапічнага спіна +1, -1, 0) з амаль строга выраджанымі па масе спакою членамі. Удзельнічаюць ва ўзаемадзеяннях — моцным, эл.-магн., слабым і гравітацыйным. Іх распады абумоўлены электраслабым ўзаемадзеяннем (час жыцця π​+ і π​ роўны прыкладна 2,6 10​−8 с, π​0 — 0,9 10​−16 с; спосабы распаду вызначаюцца іх квантавымі лікамі), а нараджэнне — моцным узаемадзеяннем паміж нуклонамі пры іх сутыкненнях. Складаюць значную частку касм. выпрамянення ў атмасферы Зямлі, штучна інтэнсіўныя пучкі піонаў атрымліваюць для прыкладных мэт, напр., для прамянёвай тэрапіі злаякасных пухлін. Павольныя зараджаныя П.-м. выкарыстоўваюць для вывучэння структуры рэчыва.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 12, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)