АНТРАКНО́ЗЫ [ад грэч. anthrax (anthrakos) вугаль, карбункул + ...оз(ы)],

хваробы раслін, якія выклікаюцца паразітнымі грыбамі з родаў глеяспорый, калетотрых і кабатыела. Найб. пашыраны ў зоне ўмеранага клімату, асабліва значна зніжаюць ураджай у вільготныя і цёплыя гады. Хварэюць на антракнозы гарбузовыя, бабовыя, цытрусавыя, вінаград, грэцкі арэх, жэньшэнь і інш. На Беларусі антракнозы найбольш шкодзіць лёну, бабовым культурам, агуркам, памідорам, чорным парэчкам і агрэсту.

На карэньчыках праросткаў і надземных ч. расліны ўтвараюцца язвачкі або плямы рознага колеру з цёмнымі, рэзка абмежаванымі краямі. Інфекцыя перадаецца з насеннем, праз глебу (з расліннымі рэшткамі), можа разносіцца вадой, насякомымі, ветрам. Меры барацьбы: дэзінфекцыя, апырскванне фунгіцыдамі, зяблевае ворыва, унясенне ўгнаенняў.

Антракноз: 1 — фасолі; 2 — агуркоў; 3 — чорных парэчак.

т. 1, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕТАТРЫ́ХУМ (Colletotrichum),

род паразітычных недасканалых грыбоў парадку меланконіевых. Каля 39 відаў (600 сінонімаў). Пашыраны ўсюды. Выклікаюць антракнозы вышэйшых раслін. На Беларусі найб. вядомыя К.: Ліндэмута (C. lindemutianum, антракноз бабовых), лёну (C. lini, антракноз лёнавых), арбікулярэ (C. orbiculare, антракноз гарбузовых).

Міцэлій галінасты, шматклетачны. Канідыі бясколерныя, аднаклетачныя, канідыяносцы падоўжаныя, сабраныя ў ложа накшталт ружавата-жоўтых падушачак з доўгімі цёмнымі шчацінкамі, якія ўтвараюцца на струках, лісці, сцёблах хворых раслін. Зімуе міцаліем у сумчатай стадыі.

В.​Г.​Гапіенка.

т. 7, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЛАНКАНІЯ́ЛЬНЫЯ (Melanconiales),

парадак недасканалых грыбоў. 1 сям. — меланконіевыя. Каля 120 родаў і 1000 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 150 відаў з родаў глеяспорый, калетатрыхум, кабатыела, карынеў, марсаніна, меланконій, паліспора, песталоцыя, цыліндраспорый, энтамаспорый. Сапратрофы і паразіты, узбуджальнікі небяспечных хвароб с.-г. раслін (выклікаюць плямістасці і язвы, або антракнозы).

Міцэлій грыбоў добра развіты, септаваны, галінасты, гаплоідны, складаецца са шмат’ядравых клетак. Канідыяносцы кароткія, адна-і шматклетачныя, бясколерныя або афарбаваныя, сабраныя разам на ложы (асн. прыкмета парадку). Ложа мае выгляд падушачкі або дыска, з асновай са шчыльнага спляцення гіфаў міцэлію і зверху прыкрыта кутыкулай, эпідэрмісам або перыдэрмай. Канідыі аднаклетачныя, размешчаныя на канідыяносцах адзіночна ці ланцужкамі. У цыкле развіцця некат. відаў назіраюцца сумчатыя стадыі (у асн. пірэнаміцэты і дыскаміцэты).

С.​І.​Бельская.

т. 10, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)