АНКЕ́ТА
(франц. enquête літар. расследаванне),
апытальны ліст для атрымання якіх-н. звестак пра таго, хто яго запаўняе, або адказаў на пытанні, складзеныя па пэўнай праграме (напр., у сацыялагічных апытаннях).
т. 1, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРОС
(Gross) Віллем (н. 11.1.1922, г. Тарту, Эстонія),
эстонскі празаік і драматург. Засл. пісьменнік Эстоніі (1975). Друкуецца з 1949. У сацыяльна-псіхал. п’есах «Лёд растае» (1950), «У вялікай сям’і» (1951), «Анкета» (1955), «Паўтара месяца» (1967), у зб-ку апавяданняў «Сярэднія дні» (1966), раманах «Крылы распрамляюцца» (1958), «Прадаецца індывідуальны недабудаваны дом...» (1961), «Аднакласнікі» (1965), «Зімовы адпачынак» (1975), «Матывы ўмоўчвання» (1978, Літ. прэмія імя Ю.Смуула 1978), «У перагружанай лодцы» (1981) і інш. даследуе актуальныя маральна-этычныя і філас. праблемы на матэрыяле пасляваен. і сучаснага жыцця сваіх суайчыннікаў. Аўтар кнігі літ.-публіцыстычных артыкулаў «Хіба сёння — толькі сёння» (1972).
т. 5, с. 448
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎРА́МЧЫК Мікола
(Мікалай Якаўлевіч; нарадзіўся 14.1.1920, в. Плёсы Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. паэт, празаік, перакладчык. Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Скончыў БДУ (1949). У 1942—45 у палоне, на кам.-вуг. шахтах у Руры. Пасля вайны — на аднаўленні Данбаса. У 1953—80 рэдактар аддзела паэзіі час. «Маладосць». Друкуецца з 1937. Першы зб. вершаў «Пярэдні край» (1949). У яго паэзіі шчырасць, добразычлівасць, любоў да радзімы, драматычны ваен. лёс (зб-кі «Шляхамі дружбы», 1952; «Ключы жураўліныя», 1960; «Сустрэча былых канагонаў», 1963, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1964; «Універсітэцкі гарадок», 1967; «Радовішча», 1976, і інш.). Раман «Падзямелле» (1983) і аповесць «Палон» (1989) пра жорсткія баі, палон, маральнае супрацьстаянне ворагу, змаганне за чалавечую годнасць. Пераклаў на бел. мову творы Дж.Байрана, А.Міцкевіча, Л.Украінкі, М.Джаліля, Г.Эміна, паэму М.Нагнібеды «Васілёк» (1961) і інш.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1980;
Агледзіны. Мн., 1969;
Анкета. Мн., 1990.
Літ.:
Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974. С. 113—118;
Бугаёў Д. Адкрытая душа паэта // Бугаёў Д. Талент і праца. Мн., 1979;
Лойка А. Сустрэча з чалавекам // Лойка А. Сустрэчы з днём сённяшнім. Мн., 1968;
Лецка Я. Балючыя старонкі жыцця // Вобраз—85. Мн., 1985.
І.У. Саламевіч.
т. 2, с. 87
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)