Анжу 1/343; 9/540

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АНЖУ́ (Пётр Фёдаравіч) (15.2.1796, Вышні Валачок, Расія — 12.10.1869),

даследчык Арктыкі, адмірал рус. флоту. У 1821—23 з памочнікамі апісаў паўн. берагі і а-вы паміж рэкамі Алянёк і Індыгірка, склаў карту Новасібірскіх а-воў. У 1825—26 удзельнічаў у апісанні паўн.-ўсх. берага Каспійскага м. і зах. берага Аральскага м. У 1827 вызначыўся ў Наварынскай бітве руска-англа-франц. флоту з тур.-егіп. флотам на лінейным караблі «Гангут». Займаў камандныя пасады ў марскім ведамстве. Імем Анжу названа паўн. група Новасібірскіх а-воў.

Літ.:

Пасецкий В.М. Петр Анжу. М., 1958.

т. 1, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЖУ́ (Anjou),

гістарычная вобласць на ПнЗ Францыі, у бас. Ніжняй Луары. Пл. 7,6 тыс. км². Нас. 680 тыс. чал. (1982). Уключае дэпартаменты Мен і Луара, часткова Эндр і Луара, Маен, Сарта. Гал. горад — Анжэ.

т. 1, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЖУ́ АСТРАВЫ́,

цэнтральныя, самыя вял. астравы ў архіпелагу Новасібірскія а-вы ў м. Лапцевых і Усходне-Сібірскім м. Уключаюць а-вы: Кацельны, Зямля Бунге, Фадзееўскі, Новая Сібір і Бялькоўскі. Агульная пл. каля 29 тыс. км². У рэльефе пераважаюць нізінныя акумулятыўныя раўніны, занятыя арктычнымі тундрамі. Названы імем рус. палярнага даследчыка П.Ф.Анжу.

т. 1, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕН-АНЖУ́,

парода буйной рагатай жывёлы мяснога кірунку. Выведзена ў Францыі скрыжаваннем парод мансель (мясц.) і дурхен (англ.). Гадуюць у Францыі. На Беларусі — у доследна-племянной гаспадарцы «Куранец» Вілейскага р-на.

Касцяк і галава цяжкія, лоб шырокі, шыя тоўстая, кароткая, тулава шырокае, доўгае, спіна прамая, грудзі глыбокія, паясніца кароткая, крыж доўгі, мясныя формы добра выяўленыя. Масць чырв., чырв.-пярэстая. Маса кароў 750—900, бугаёў 1200—1350 кг Скараспелыя. Мяса высокай якасці. Сярэдні гадавы надой 2,9 т (рэкордны 3,8 т). Непатрабавальныя да кармоў.

П.​П.​Ракецкі.

т. 10, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЖУ́ЙСКАЯ ДЫНА́СТЫЯ,

каралеўская дынастыя ў шэрагу еўрапейскіх краін сярэднявечча. Паходзіла ад франц. графаў Анжу. Правіла ў Англіі ў 1154—1399 (гл. Плантагенеты), у Паўд. Італіі ў 1268—1442, Сіцыліі ў 1268—82 (намінальна ў 1266—1302). Заснавальнік дынастыі ў Сіцыліі і Паўд. Італіі Карл Анжуйскі (правіў да 1285). Правіла таксама ў Венгрыі ў 1308—87 і ў Польшчы ў 1370—82 і 1384—85.

т. 1, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУВІ́Н (Bouvines),

населены пункт у паўн.-ўсх. Францыі (дэпартамент Нор), каля якога 27.7.1214 войска франц. караля Філіпа II Аўгуста (пешае апалчэнне паўн.-франц. гарадоў і рыцарская конніца) разбіла армію герм. Імператара Атона IV (нямецкія і некалькі франц. атрадаў, англ. лучнікі). Вырашальную ролю ў бітве адыграла цяжкая конніца французаў. У выніку перамогі ўлада франц. караля ўзмацнілася, да Францыі адышлі Нармандыя, Мэн, Анжу і інш. вобласці.

т. 3, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮДО́ВІК XI (Louis; 3.7.1423, г. Бурж, Францыя — 30.8.1483),

кароль Францыі [1461—83]. З дынастыі Валуа. Сын Карла VII [1422—61]. Праводзіў палітыку цэнтралізацыі, падаўляў феад. мяцяжы. У 1462 набыў прав. Русільён і Сердань, у выніку перамогі ў Бургундскіх войнах 1474—77 — герцагства Бургундскае і прав. Пікардыя. Далучэннем у 1481 да каралеўскіх уладанняў правінцый Анжу, Мэн і Праванс у асн. завяршыў тэр. аб’яднанне Францыі. Спрыяў развіццю рамёстваў, знешняга і ўнутр. гандлю, падтрымліваў заможных гараджан. Стварыў умовы для будучага развіцця абсалютызму ў Францыі.

т. 9, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАА́Н БЕЗЗЯМЕ́ЛЬНЫ (John Lackland; 24.12.1167, г. Оксфард, Англія — 19.10.1216),

англійскі кароль [1199—1216]. З дынастыі Плантагенетаў. Малодшы сын Генрыха II (гл. ў арт. Генрых), брат і наследнік Рычарда I Львінае Сэрца. У 1203—08 страціў б. ч. сваіх уладанняў у Францыі, у т. л. Нармандыю і Анжу. У выніку канфлікту з царквой (1207) пазбаўлены трона рым. папам Інакенціем III (1209), у 1213 прызнаў сябе яго васалам. У 1214 беспаспяхова спрабаваў вярнуць свае б. франц. ўладанні. У выніку паўстання баронаў, якіх падтрымалі рыцары і гараджане, вымушаны падпісаць Вялікую хартыю вольнасцей.

т. 7, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОВАСІБІ́РСКІЯ АСТРАВЫ́,

архіпелаг паміж морамі Лапцевых і Усх.-Сібірскім, у Рэсп. Саха (Якуція), у Расіі. Пл. каля 38 тыс., км². Уключаюць 3 групы а-воў: Ляхаўскія астравы, уласна Новасібірскія, або Анжу астравы, і Дэ-Лонга. Паверхня нізінная, складзена пераважна з рыхлых адкладаў, у зах. ч. — з вапнякоў і сланцаў. Выш. да 374 м (в-аў Кацельны). Клімат арктычны, суровы. Сярэднія т-ры студз. ад -28 °C да -31 °C, ліп. 1—3 °C. Ападкаў да 132 мм за год. Пераважаюць шматгадовамёрзлыя горныя пароды і падземныя льды. Расліннасць арктычнай тундры. З жывёл трапляюцца паўн. алень, пясец, лемінг, зрэдку белы мядзведзь. У летні час шмат птушак. Промысел пясца. Палярная станцыя на в-ве Кацельны (з 1933).

т. 11, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)