А́НДЭРС (Anders) Уільям Алісан
(н. 17.10.1938, Ганконг),
касманаўт ЗША. Скончыў Ваенна-марскую акадэмію ЗША (1955). З 1963 у групе касманаўтаў НАСА. 21—26.12.1968 разам з Ф.Борманам і Дж.Ловелам здзейсніў першы палёт да Месяца з выхадам на селенацэнтрычную арбіту на касм. караблі «Апалон-8» як пілот месяцавай кабіны. Карабель зрабіў 10 абаротаў вакол Месяца, вярнуўся на Зямлю. Палёт працягваўся 6,125 сут.
т. 1, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НДЭРС (Anders) Уладзіслаў
(11.8.1892, г. Блоне каля Варшавы — 12.5.1970),
польскі ваенны і паліт. дзеяч. Генерал дывізіі (1941). Вучыўся ў Вышэйшым тэхн. вучылішчы ў Рызе (1911—14), скончыў Вышэйшае ваен. вучылішча ў Парыжы (1923). У 1-ю сусв. вайну ў рас. арміі. З 1918 у Войску Польскім. Удзельнік польска-сав. вайны 1920. У час дзярж. перавароту Ю.Пілсудскага (май 1926) нач. штаба ўрадавых войскаў. Камандаваў Валынскай (1928—37) і Навагрудскай (1934—39) брыгадамі кавалерыі, на пач. 2-й сусв. вайны — аператыўнай групай. Інтэрніраваны 29.9.1939 сав. войскамі ў час паходу ў Зах. Беларусь. У жн. 1941 вызвалены з палону і прызначаны У.Сікорскім камандуючым польскай арміяй у СССР, якую ў 1942 вывеў на Б. Усход (гл. Андэрса армія). На чале 2-га Польскага корпуса ўдзельнічаў у Італьянскай кампаніі 1943—45. У 1946—54 Вярх. галоўнакамандуючы і Ген. інспектар Польскіх узбр. сіл на Захадзе. Пасля вайны жыў у Лондане, адзін з кіраўнікоў польск. эміграцыі.
У.Я.Калаткоў.
т. 1, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕДЫ́Н (Hedin) Свен Андэрс
(19.2.1865, Стакгольм — 26.11.1952),
шведскі падарожнік. У 1893—1902 даследаваў Тыбет і ПнЗ Цэнтр. Азіі. У 1905—08 з Трапезунда (цяпер г. Трабзон, Турцыя) праз Паўн.-Усх. Іран, Кашмір дасягнуў вытокаў рэк Брахмапутра і Сатледж. Адкрыў Гандысышань. У 1923 здзейсніў кругасветнае падарожжа праз Паўн. Амерыку, Японію, Манголію і Сібір. У 1927—35 вывучаў Кітай, Манголію, Зах. Тыбет і Усх. Туркестан.
т. 5, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГСТРЭМ (Ångström) Андэрс Іонас
(13.8.1814, г. Лёгдзё, Швецыя — 21.6.1874),
шведскі фізік, адзін з заснавальнікаў спектральнага аналізу. Скончыў Упсальскі ун-т (1839), дзе працаваў (з 1858 праф., у 1870—71 рэктар). Навук. працы Ангстрэма па спектральным аналізе, магнетызме, цеплавых з’явах і ўласцівасцях металаў. Вызначыў з вял. дакладнасцю даўжыні хваляў і склаў першы падрабязны атлас спектральных ліній сонечнага спектра. Адкрыў вадарод у сонечнай атмасферы. Імем Ангстрэма наз. адзінка даўжыні, роўная 10-10м.
т. 1, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)