Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРАМЕ́ДА,
у грэчаскай міфалогіі дачка эфіопскага цара Кефея і Касіяпеі. Калі Пасейдон з нерэідамі наслалі на Эфіопію пачвару і навадненне, бацька прынёс Андрамеду ў ахвяру. Персей забіў пачвару, выратаваў Андрамеду і ажаніўся з ёю. Пасля яны ператварыліся ў сузор’і. Тэма выратавання Андрамеды адлюстравана ў л-ры (Лопэ дэ Вэга, Г.Сакс, П.Кальдэрон) і выяўл. мастацтве (малюнкі на ант. вазах, фрэскі ў Пампеі, палотны Тыцыяна, Рубенса, Рэмбранта і інш.).
Персей і Андрамеда. Фрэска з дома Дыяскураў у Пампеях. 65—70 н. э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРАМЕ́ДА (лац. Andromeda),
сузор’е Паўн. паўшар’я. У Андрамедзе 3 зоркі 2-й зорнай велічыні і спіральная галактыка (гл.Андрамеды туманнасць). Найлепшыя ўмовы бачнасці ў вер.—кастрычніку. Гл. таксама Зорнае неба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́КІЙ,
старажытнагрэчаскі жывапісец 4 ст. да н.э. Прадстаўнік афінскай школы. Выконваў паліхроміі мармуровых скульптур Праксіцеля. Аўтар насценных размалёвак, надмагільных стэл, карцін на дошках. Работы Н. не захаваліся, некат. вядомы паводле апісанняў у літ. крыніцах: «Іо і Аргус», «Персей і Андрамеда», «Каліпса», партрэт Аляксандра Вялікага. Мяркуецца, што копіямі яго прац з’яўляюцца некат. размалёўкі ў Пампеях.
Нікій. Персей і Андрамеда. Рымская копія з арыгінала. 2-я пал. 4 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Імшарніца, гл.Андрамеда (расліна)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРСЕ́Й,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі герой, сын Зеўса і Данаі. Паводле міфа, дзед П. цар Аргаса (на п-ве Пелапанес) Акрысій, якому прадказалі смерць ад рукі ўнука, загадаў зачыніць яго разам з маткай у скрыні і кінуць у мора. Выратаваныя рыбакамі, яны жылі на в-ве Серыфас, адкуль мясц. цар Палідэкт паслаў П. ў паход па галаву гаргоны Медузы. Здабыўшы яе пасля шматлікіх прыгод, П. на зваротным шляху выратаваў ад марской пачвары Андрамеду, якая стала яго жонкай. Паводле позніх міфаў, П. і Андрамеда былі ўзнесены на неба і ператварыліся ў сузор’і. П. прыпісвалі заснаванне г.Мікены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМША́РНІЦА, андрамеда (Andromeda),
род кветкавых раслін сям. верасовых. 2 віды. Пашыраны ва ўмераным і арктычным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі І. шматлістая — (A. polifonia). Нар. назвы дурэц, тухлянка. Расце ў забалочаных хвойных лясах, на сфагнавых балотах.
Шматгадовая, вечназялёная кусцікавая расліна выш. 6—40 см. Сцяблы тонкія, ляжачыя, чырвона-бурыя з буравата-шэрымі галінкамі. Лісце чаргаванае, лінейна-авальнае або ланцэтападобнае, скурыстае, знізу лямцавае з завернутымі краямі. Кветкі белавата-ружовыя, з яйцападобна-гарлачыкавым зрослапялёсткавым вяночкам і чырв. чашачкай на паніклых кветаножках. Цвіце ў маі—чэрв. Плод — 5-гнездавая шматнасенная каробачка. Лек., фарбавальная (дае чорную фарбу) і таніданосная расліна. Лісце мае ядавіты гліказід, небяспечны для авечак і коз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
П’Е́РА ДЫ КО́ЗІМА [Piero di Cosimo; сапр. П’ера ды Ларэнца (Piero di Lorenzo); 1462, г. Фларэнцыя, Італія — 1521],
італьянскі жывапісец эпохі Адраджэння. Прадстаўнік фларэнційскай школы жывапісу. Зазнаў уплывы Філіпіна Ліпі, Леанарда да Вінчы і Х. ван дэр Гуса. Творам, у якіх пераважалі фантастычна-міфалагічныя сцэны, уласціва паэт.-казачнае адчуванне прыгажосці свету, вытанчаная стылізацыя маст. форм, спалучэнне цікавасці да натуры з некат. манернасцю вобразаў: «Венера і Марс», «Персей і Андрамеда», «Вакханалія», «Бітва кентаўраў і лапіфаў», «Смерць Пракрыды», «Сустрэча Марыі з Лізаветай», «Заручыны Лізаветы», «Марыя Магдаліна», «Святая сям’я», «Мадонна з голубам», «Партрэт Сіманеты Веспучы» і інш.