Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АНАТО́ЛІЯ (грэч. Anatolē, тур. Anadolu),
у старажытнасці назва М. Азіі. Уваходзіла ў склад Хецкай дзяржавы, з 4 ст. да н.э. — у імперыю Аляксандра Македонскага, з 2 ст. да н.э. ў Рым. імперыі, потым да 11 ст. ў Візантыі, у 11—14 ст. у дзяржаве сельджукаў. У 14—15 ст. заваявана туркамі асманамі. У Асманскай імперыі Анатолія — правінцыя на З М. Азіі з цэнтрам у г. Кютах’я. З 1920-х г. Анатоліяй называецца ўся азіяцкая частка Турцыі.
т. 1, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГАЗКЁЙ (Boğazköy),
рэшткі стараж. сталіцы Хецкай дзяржавы г. Хатусас на тэр. сучаснага г. Багазкёй (Цэнтр. Анатолія, Турцыя). Заснаваны на паселішчы эпохі энеаліту каля 1500 да нашай эры. Агульная пл. больш за 121 га. Быў абкружаны сцяной з каменю і сырцовай цэглы, меў 3 брамы, упрыгожаныя рэльефнымі выявамі воінаў, ільвоў і сфінксаў. Раскопкі выявілі рэшткі 4 храмаў, некалькіх свецкіх будынкаў, сховішча гліняных таблічак з надпісам (больш за 10 тыс.). За сценамі горада размяшчаліся скальнае свяцілішча Язылыкая з выявамі хурыцкіх багоў, іх служак і іерагліфічнымі надпісамі, могільнік з вял. колькасцю трупаспаленняў. Разбураны каля 1200 да нашай эры.
т. 2, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛЕ́НКА (Пётр Андрэевіч) (11.7.1899, С.-Пецярбург — 16.6.1951),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Бакінскім палітэхнікуме (1919—20). Першае апавяд. «Лорд Байран» (1928, з Б.Пільняком). Зб-кі «Азіяцкія апавяданні» (1929), «Стамбул і Турцыя» (1930), «Анатолія» (1932) у традыцыях рамант. «усходняй» л-ры. Аўтар раманаў «Барыкады» (1932), «Шчасце» (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948), «Рускай аповесці» (1942), кн. «Падарожжа ў Туркменістан» (1932), «Італьянскія ўражанні» (1951), п’ес, артыкулаў, нарысаў, успамінаў і інш. За кінасцэнарыі «Аляксандр Неўскі» (1938, з С.Эйзенштэйнам), «Клятва» (1946), «Падзенне Берліна» (1949) Дзярж. прэміі СССР 1941, 1947, 1950. У нарысах «Капітан Гастэла» (з П.Крыловым; адно з першых паведамленняў у друку пра подзвіг лётчыка на бел. зямлі), «З запісных кніжак ваенных гадоў (Ад Паўночнага Каўказа да Прыбалтыкі, 1942—45)», «Віцебск, 26 чэрвеня», «Што адбылося», «На Барысаў», «Канец адной нямецкай дывізіі», «Па дарогах Беларусі і Літвы», апавяданнях «На шашы», «У наступленні», «Ініцыятыва», «Манеўр» — падзеі, звязаныя з вызваленнем Беларусі ад ням.-фаш. акупантаў. На бел. мове выйшлі яго раман «На Усходзе» (1938) і аповесць «Стэпавае сонца» (1950, пер. М.Лупсякоў).
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—6. М., 1953—55.
Літ.:
Хмелюк Н.Д. Художественная проза П.А.Павленко. Киев, 1976.
т. 12, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)