АНАНІ́М
(ад грэч. anōnymos безыменны),
1) аўтар пісьма, запіскі або літ. твора, які ўтойвае сваё імя.
2) Літаратурны твор без подпісу, невядома кім напісаны, гл. Ананімны твор.
т. 1, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛ АНАНІ́М
(Gall Anonim),
польскі гісторык 12 ст. Імя і паходжанне невядомыя, паводле адной з версій, нарадзіўся ў Францыі (стараж. Галія, адсюль мянушка Гал Ананім, дадзеная ў 16 ст. гісторыкам М.Кромерам). Манах-бенедыкцінец, у Польшчу прыехаў у пач. 12 ст., верагодна, з кляштара ў Шомадзьвары (Венгрыя). Знаходзіўся пры канцылярыі князя Баляслава III Крывавустага. Аўтар першай польскай гіст. хронікі (напр., у 1107—13 на лац. мове рыфмаванай прозай з вершаванымі ўстаўкамі). Хроніка створана на падставе вусных паданняў пястаўскага двара, аўтарскіх назіранняў і пісьмовых крыніц для ўсхвалення панавання Баляслава III, асабліва яго ваен. дзейнасці, ахоплівае падзеі з легендарных часоў да 1113. Твор — асн. крыніца па ранняй гісторыі Польшчы, яе адносінах з суседнімі краінамі (у т. л. з валынскімі, тураўскімі і кіеўскімі князямі), дае звесткі пра захоп Кіева Баляславам І у 1018 і Баляславам II у 1069 і інш.
Тв.:
Рус. пер. — Хроника и деяния князей или правителей польских. М., 1961.
Літ.:
Щавелева Н.И. Польские латиноязычные средневековые источники: Тексты, перевод, коммент. М., 1990.
В.С.Пазднякоў.
т. 4, с. 442
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)