Анальгін 1/57, 315; 8/312, 581

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АЗО́ЛЫ,

пяцічленныя гетэрацыклічныя злучэнні, якія маюць у цыкле атамы вугляроду і не менш як два гетэраатамы, адзін з іх азот. Да азолаў належаць аксазол, імідазол, піразол, тыязол і інш. Маюць араматычныя ўласцівасці. Уваходзяць у састаў прыродных злучэнняў і лекаў (вітаміны B1 і B12, амідапірын, анальгін, гістыдзін і інш.).

т. 1, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАЧКАПАНІЖА́ЛЬНЫЯ СРО́ДКІ,

лекавыя рэчывы, якія памяншаюць або знімаюць тэмпературу цела пры ліхаманцы; маюць таксама абязбольваючае і процізапаленчае дзеянне. Да іх належаць: аспірын, анальгін, бутадыён, фенацэцін, ібупрафен, вальтарэн, індаметацын і інш. Гарачкапаніжальныя сродкі парушаюць сінтэз простагландзінаў (медыятараў ліхаманкі), гэтым зменьваюць работу гіпаталамічнага цэнтра тэрмарэгуляцыі і павялічваюць працэс цеплааддачы. Выкарыстоўваюць гарачкапаніжальныя сродкі рацыянальна пры рэзкім павышэнні тэмпературы (да 39 °C і вышэй).

А.С.Захарэўскі.

т. 5, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОЛЕПАТО́ЛЬНЫЯ СРО́ДКІ,

лекавыя сродкі, якія дзеяннем на ц. н. с. выбарачна аслабляюць ці здымаюць боль. Падзяляюцца на наркатычныя і ненаркатычныя. Наркатычныя болепатольныя сродкі (марфін, амнапон — раслінныя алкалоіды, іх прэпараты атрымліваюць з опіуму, прамедол, фентаніл, пентазацын — сінт. заменнікі марфіну) выкарыстоўваюцца пры рознага паходжання моцных болях. Яны дзейнічаюць на эмацыянальную сферу і выклікаюць эйфарыю; пры працяглым іх ужыванні развіваецца лек. залежнасць (наркаманія). У вял. дозах прыгнечваюць дыханне, выклікаюць кому. Ненаркатычныя болепатольныя сродкі (аспірын, анальгін, бутадыён, парацэтамол і інш.) саступаюць наркатычным, малаэфектыўныя пры інтэнсіўных болях. Іх ужываюць пры галаўным і зубным болю, пры запаленчых працэсах і траўматычных пашкоджаннях суставаў, шкілетных мускулаў, перыферычных нерваў і інш., яны маюць процізапаленчае і гарачкапаніжальнае ўздзеянне; лек. залежнасці не выклікаюць. Пабочнае дзеянне: раздражненне слізістай абалонкі страўнікава-кішачнага тракту і ўтварэнне язваў, прыгнечанне кроваўтварэння.

А.С.Захарэўскі.

т. 3, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)