МНОГАКАНА́ЛЬНАЯ СУ́ВЯЗЬ,
від электрасувязі, які забяспечвае адначасовую і незалежную перадачу многіх паведамленняў па адной лініі сувязі. Ёмістасць лічбавых сістэм М.с. да дзесяткаў тысяч каналаў сувязі. Выкарыстоўваецца ў тэлефаніі, тэлеграфіі, тэлебачанні і інш. для перадачы паведамленняў па паветраных, кабельных, хваляводных, аптычных, радыёрэлейных і спадарожнікавых лініях сувязі.
Грунтуецца на частотным, часавым, палярызацыйным або кодавым (ці іх камбінацыі) ушчыльненні сігналаў (раздзяленні каналаў для кожнага паведамлення); канальныя сігналы ўшчыльняюцца ў групавы, які падаецца ў лінію сувязі пасля лінейных пераўтварэнняў для ўзгаднення з яе характарыстыкамі. Частотнае ушчыльненне, калі кожнаму каналу адпавядае пэўны ўчастак спектра частот у агульнай паласе прапускання лініі, выкарыстоўваецца пераважна ў аналагавых сістэмах перадачы; часавае ушчыльненне (адпавядае пэўны прамежак часу) — у аналага-імпульсных і лічбавых сістэмах; палярызацыйнае (тыл палярызацыі хвалі) — у спалучэнні з інш. ў спадарожнікавых і аптычных сістэмах; кодавае ўшчыльненне — у сістэмах рухомай сотавай радыёсувязі і інш. сістэмах з шумападобнымі сігналамі.
А.П.Ткачэнка.
т. 10, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБРЫ́ДНАЯ ВЫЛІЧА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,
камбінаваны комплекс з некалькіх вылічальных машын з рознай формай выяўлення велічынь (аналагавай і лічбавай), аб’яднаных агульнай сістэмай кіравання. Спалучае якасці і ўласцівасці аналагавых і лічбавых выліч. машын. Выкарыстоўваецца, калі магчымасці аналагавых і лічбавых выліч. машын, узятых паасобку, недастатковыя: пры мадэляванні задач кіравання (у рэальным маштабе часу) рухомымі аб’ектамі (у т. л. ў сістэмах саманавядзення), энергет. комплексамі; стварэнні комплексных трэнажораў і інш.
Адрозніваюць аналага-арыентаваныя, лічбава-арыентаваныя і збалансаваныя (найб. магутныя) гібрыдныя вылічальныя сістэмы. Структура гібрыднай вылічальнай сістэмы, патрабаванні да яе асобных частак залежаць ад галіны выкарыстання і вынікаў дэталёвага аналізу тыповых задач. Разгалінаванне выліч. працэсу паміж аналагавымі і лічбавымі машынамі, якія працуюць у комплексе, забяспечвае высокую дакладнасць і магчымасць выканання многафункцыянальных аперацый, павялічвае агульнае хуткадзеянне і інш.
На Беларусі даследаванні па праблемах гібрыднай вылічальнай сістэмы вядуцца ў Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Распрацаваныя сістэмы выкарыстоўваюцца на аб’ектах судна- і машынабудавання, энергетыкі.
А.С.Кабайла.
т. 5, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБМЕ́ННАЕ ЎЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ,
спецыфічны ўзаемны ўплыў тоесных часціц, які эфектыўна праяўляецца як вынік некаторага асаблівага ўзаемадзеяння. Чыста квантавы эфект, які не мае класічнага аналага і вынікае з тоеснасці прынцыпу.
Пры сілавым узаемадзеянні паміж часціцамі сярэдняя энергія сістэмы часціц неаднолькавая ў станах, што апісваюцца хвалевымі функцыямі з рознай сіметрыяй, напр. сістэма з 2 электронаў, калі не ўлічваць іх эл. ўзаемадзеяння, характарызуецца 2 хвалевымі функцыямі φ(r1, r2), якія адносна перастаноўкі каардынат электронаў (r1 ⇄ r2) мяняюць або не мяняюць знак Станам з φ± адпавядае сярэдняя энергія ўзаемадзеяння E± = Ek+Ea, дзе Ek — энергія электрастатычнага (кулонаўскага) узаемадзеяння электронаў, кожны з якіх знаходзіцца ў індывід, стане; Ea — т.зв. абменная энергія, што ўзнікае, калі электроны як бы абменьваюцца сваімі станамі (адсюль назва). Абменнае ўзаемадзеянне існуе ў сістэме тоесных часціц і пры адсутнасці сілавога ўзаемадзеяння (ідэальны газ тоесных часціц). Яно пачынае праяўляцца, калі сярэдняя адлегласць паміж часціцамі становіцца параўнальнай з даўжынёй хвалі дэ Бройля, мае характар адштурхоўвання для ферміёнаў (гл. Паўлі прынцып) і прыцяжэння — для базонаў. Паняццем абменнага ўзаемадзеяння карыстаюцца ў тэорыі многаэлектронных атамаў, гомеапалярнай хім. сувязі, ферамагнетызму. Тэрмін абменнае ўзаемадзеянне ўжываецца і ў ядз. фізіцы (гл. Ядзерныя сілы).
Л.М.Тамільчык.
т. 1, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАВЫ́ АРКЕ́СТР, рагавая музыка,
самабытны тып аркестра медных духавых інструментаў. Вядомы ў Расіі ў сярэдзіне 18—1-й пал. 19 ст. Упершыню створаны ў Пецярбургу чэш. валтарністам Я.А.Марашам, прыдворным капельмайстрам аркестра С.К.Нарышкіна. Не меў аналага ў зах.-еўрап. краінах. На Беларусі быў у Шклоўскім тэатры Зорыча.
Складаўся з удасканаленых паляўнічых рагоў розных памераў (ад 9,5 да 225 см), якія выраблялі з ліставой медзі, мелі канічную форму і парабалічна загнуты канец трубкі каля муштука. Р.а. поўнага складу ўключаў 91 рог, кожны з якіх выдаваў адзін гук пэўнай вышыні. Гучанне Р.а., магутнае і разам з тым мяккае, аксамітавае, вібрыраванае, нагадвала гучанне своеасаблівага аргана. Напачатку Р.а. абслугоўвалі прыдворныя святы, балі, прагулкі «на вадзе», феерверкі, маскарады, паляўнічыя выезды, суправаджалі серэнады. У канцы 18 — пач. 19 ст. іх выкарыстоўвалі ў публічных тэатр. пастаноўках і канцэртах. Часта былі адзінымі выканаўцамі інстр. музыкі ў правінцыяльных гарадах і памешчыцкіх сядзібах. Лепшыя Р.а. мелі даволі багаты і разнастайны рэпертуар — ад апрацовак нар. песень і танцаў да оперных уверцюр, сімфоній. Як спецыфічная з’ява муз. культуры знік у 1830-я г.
Літ.:
Вертков К. Русская роговая музыка. Л.;
М., 1948.
І.Дз.Назіна.
т. 13, с. 193
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ ІНТЭГРА́ЛЬНАЯ СХЕ́МА,
інтэгральная схема з вялікай колькасцю схемных элементаў (высокай ступені інтэграцыі); асн. элементная база ЭВМ і радыёэлектронных сродкаў. Аналагавыя вялікія інтэгральныя схемы маюць да 800, лічбавыя — да некалькіх дзесяткаў тысяч элементаў. Звышвялікая інтэгральная схема мае на парадак большую ступень інтэграцыі. Вялікія інтэгральныя схемы забяспечваюць надзейнасць радыёэлектроннай тэхнікі, яе малыя габарыты і масу, нізкую спажываную магутнасць.
Асаблівасць вялікіх інтэгральных схем — малыя памеры яе элементаў і міжэлементных злучэнняў (да 1,2 мкм пры выкарыстанні фоталітаграфіі і менш за 1 мкм пры рэнтгенаўскай і электроннай літаграфіі); скарачэнне колькасці знешніх вывадаў для забеспячэння хуткадзеяння, напр. у аднакрышталёвых ЭВМ. Адрозніваюць вялікія інтэгральныя схемы цвердацельныя (маналітныя; бываюць на аснове структур метал-дыэлектрык-паўправаднік і біпалярных структур) і гібрыдныя (дыскрэтныя бяскорпусныя паўправадніковыя прыборы і інтэгральныя схемы размешчаны на плёначнай падложцы; маюць больш шырокі частотны дыяпазон у параўнанні з маналітнымі; недахопы — меншая шчыльнасць упакоўкі элементаў, меншая надзейнасць). Праектаванне і тэхнал. рэалізацыя вялікіх інтэгральных схем ажыццяўляюцца пры дапамозе ЭВМ.
Вялікія інтэгральныя схемы выкарыстоўваюцца як запамінальныя прыстасаванні, аналага-лічбавыя і лічбавыя пераўтваральнікі, узмацняльнікі, у мікрапрацэсарных камплектах і інш. На Беларусі навук. распрацоўкі і вытворчасць вялікіх інтэгральных схем і звышвялікіх інтэгральных схем ажыццяўляюцца ў навук.-вытв. аб’яднаннях «Інтэграл», «Карал», канцэрне «Планар», Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Мінскім н.-д. прыладабудаўнічым ін-це, НДІ радыёматэрыялаў і інш.
Літ.:
Технология СБИС: Пер. с англ. Кн. 1—2. М., 1986;
Гурский Л.И., Степанец В.Я. Проектирование микросхем. Мн., 1991.
В.У.Баранаў, А.П.Дастанка.
т. 4, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)