Амоній 1/300, 301

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АМО́НІЙ, амонію катыён,

складаны катыён агульнай формулы [RR​1NR​2R​3]​+, дзе R, R​1, R​2, R​3 — вадарод, алкіл, арыл. Катыён [NH4]​+, які існуе ў водных растворах аміяку, у саставе малекул неарган. і арган. злучэнняў адыгрывае ролю аднавалентнага металу, напр. гідраксід амонію (NH4OH), сульфат амонію [(NH4)2SO4], ацэтат амонію (CH3COONH4) і інш. Амоній з алкіл- і арыл-радыкаламі — катыён амоніевых соляў (гл. Амонію злучэнні).

т. 1, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Сернакіслы амоній, гл. Сульфат амонію

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АЛКІЛФАСФА́ТЫ,

паверхнева-актыўныя рэчывы аніённай прыроды, ROPO(OM)2 і (RO)2POOM, дзе R — алкіл, M — метал, амоній. Пастападобныя рэчывы крэмавага колеру, растваральныя ў вадзе, маюць высокую мыйную ўласцівасць, устойлівыя пры t да 220 °C, біяраскладальныя да 90%. Атрымліваюць узаемадзеяннем вышэйшых спіртоў ці монаалкілполіэтыленгліколяў з пентаксідам або трыхлораксідам фосфару і наступнай нейтралізацыяй прадуктаў шчолачамі ці аміякам. Выкарыстоўваюцца [пераважна алкілфасфаты, у якіх R=CnH2n+1; CnH2n+1(OC2H4)m (n=6-20; m=4 і 6), M — калій, натрый, амоній] як эмульгатары, кампаненты мыйных і ачышчальных сродкаў, тэкстыльна-дапаможных рэчываў (антыстатыкаў, замаслівальнікаў і інш.).

т. 1, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАНІФІКА́ЦЫЯ (ад амоній + лац. facio раблю),

працэс раскладання мікраарганізмамі арган. азоцістых рэчываў глебы з вылучэннем аміяку. Мае вял. значэнне ў кругавароце азоту ў прыродзе і жыўленні раслін. У аманіфікацыі ўдзельнічаюць гніласныя бактэрыі, актынаміцэты, плесневыя грыбы. Аманіфікацыі падвяргаюцца рэшткі раслін, жывёл, якія загінулі, гумус, арган. ўгнаенні і інш. Аміяк, што выдзяляецца пры аманіфікацыі, часткова выкарыстоўваецца мікраарганізмамі ў сінтэзе бялкоў уласных клетак. Большая колькасць яго ператвараецца ў глебе ў аманійныя солі, якія засвойваюцца раслінамі, частка акісляецца да нітратаў (гл. Нітрыфікацыя). Лепш працякае ў слабакіслых і нейтральных, дастаткова ўвільготненых глебах, што добра аэрыруюцца.

т. 1, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІНА́Ж (ад франц. affinage ачыстка),

працэс атрымання высакародных металаў высокай чысціні шляхам ачысткі ад дамешкаў; адзін з відаў рафінавання металаў. Золата і серабро ачышчаюць электролізам (чысты метал асядае на катодзе); атрыманае золата мае пробу не ніжэй за 999,9. Плаціну і металы плацінавай групы ачышчаюць т.зв. «мокрым» спосабам: раствараюць у мінер. кіслотах і асаджаюць спец. рэагентамі (хлорысты амоній, аміяк, цукар). Афінаж золата робяць і «сухім» спосабам: расплаўляюць, насычаюць хлорам, хларыды невысакародных металаў выпарваюць, хларыды серабра ўсплываюць на паверхню. Проба золата 996,5, серабра, адноўленага з хларыдаў, 999.

т. 2, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІТРЫФІКА́ЦЫЯ (ад нітр + лац. facere рабіць),

працэс акіслення біялагічнага злучэнняў азоту з утварэннем неарган. солей. Завяршае мінералізацыю арган. злучэнняў, пачатую аманіфікацыяй. У прыродзе адбываецца ў глебе, вадзе і арган. рэштках пры добрай аэрацыі. У асяроддзі, блізкім да нейтральнага (pH 5—9), ажыццяўляецца аўтатрофнымі нітрыфікуючымі бактэрыямі, у кіслым з прыгнечанай аўтатрофнай мікрафлорай — гетэратрофамі (некат. грыбамі і бактэрыямі). Аўтатрофная Н. ідзе ў 2 фазы (прыблізная схема: амоній — гідраксіламін — пераксанітрыт — нітрыт; нітрыт — нітрат), якія спалучаюцца з акісляльным фасфарыліраваннем (энергія ідзе на сінтэз арган. злучэнняў з вуглекіслаты). Пры гетэратрофнай Н. акісляюцца акрамя мінеральных і арган. злучэнні азоту. Гл. таксама Дэнітрыфікацыя.

Л.В.Круглоў.

т. 11, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМО́НІЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні з зараджаным атамам азоту (амонію катыёнам), які кавалентна звязаны з вадародам ці арган. радыкаламі і іоннай сувяззю з аніёнам. Найпрасцейшыя неарганічныя амонію злучэнні — гідраксід амонію (NH4OH) і солі амонію: хлорысты амоній (NH4Cl), нітрат амонію (NH4NO3) і інш. Гідраксід амонію атрымліваюць растварэннем аміяку ў вадзе; пры дысацыяцыі праяўляе ўласцівасці слабай асновы. Большасць соляў амонію раствараюцца ў вадзе, дысацыіруюць, гідралізуюцца, пры награванні раскладаюцца. Гідроліз і тэрмічнае раскладанне іх залежыць ад прыроды аніёна, напр. NH4Cl раскладаецца па схеме: NH4Cl=NH3+HCl; у солях з аніёнам-акісляльнікам адбываецца акісляльна-аднаўляльны працэс, напр. NH4NO3=N2O+2H2O. Солі амонію маюць шырокае выкарыстанне: хлорысты амоній — у сухіх батарэях, як флюс для пайкі і зварвання металаў, дымаўтваральнік; сульфат і нітрат — азотныя ўгнаенні, нітрат — кампанент выбуховых рэчываў; гідракарбанат амонію выкарыстоўваецца ў кандытарскай вытв-сці. Да арганічных амонію злучэнняў належаць першасныя [RNH3]​+X​, другасныя [R2NH2]​+X​, трацічныя [R3NH]​+X​ і чацвярцічныя амоніевыя солі [R4N]​+X​, унутраныя чацвярцічныя амоніевыя солі, напр. бетанін (CH3)3N​+CH2COO​, оніевыя злучэнні з атамам азоту. Найб. распаўсюджаныя чацвярцічныя амоніевыя солі, якія атрымліваюць алкіліраваннем (кватэрнізацыяй) трацічных амінаў. Злучэнні хоць з адным доўгім алкільным радыкалам валодаюць паверхневаактыўнымі і антысептычнымі ўласцівасцямі. Выкарыстоўваюцца як эмульгатары, стабілізатары, змочвальнікі, дэзінфекцыйныя сродкі, лек. прэпараты (метацын, кватэрон), пры амыленні тлушчаў. Сустракаюцца ў прыродзе ў раслінах (алкалоіды); халін, ацэтылхалін — фізіялагічна актыўныя рэчывы.

Літ.:

Общая органическая химия. Т. 3. М., 1982.

т. 1, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)