Амніён 1/301

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АМНІЁН

(грэч. amnion),

адна з зародкавых абалонак амніётаў. Утварае запоўненую вадкасцю поласць — асяроддзе для развіцця зародка, ахоўвае яго ад мех. пашкоджанняў. Падобную да амніёна абалонку маюць некаторыя насякомыя, немертыны і інш. беспазваночныя.

т. 1, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́МНІІ

(ад ан... + амніён),

першаснаводныя ніжэйшыя пазваночныя (кругларотыя, рыбы, земнаводныя), у якіх у працэсе эмбрыягенезу не ўтвараецца зародкавая абалонка — амніён і асаблівы зародкавы орган — алантоіс. Анамніі жывуць у водным асяроддзі на працягу ўсяго жыццёвага цыкла або на асобных яго стадыях.

т. 1, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМНІЁТЫ

(Amniota),

група першаснаназемных пазваночных жывёл (паўзуны, птушкі і млекакормячыя), у якіх на ранніх стадыях развіцця паяўляюцца асобныя зародкавыя абалонкі, у т. л. амніён (адсюль назва). У адрозненне ад анамній у амніётах зародак развіваецца ў яйцы (паўзуны, птушкі) або ў матцы самкі (млекакормячыя). Размнажаюцца і развіваюцца на сушы.

т. 1, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАГЕНЕ́З

(ад ала... + ...генез),

кірунак эвалюцыі групы арганізмаў, пры якой у блізкіх відаў адбываецца змена адных прыватных прыстасаванняў на іншыя, а агульны ўзровень арганізацыі застаецца ранейшым. Выяўляецца гэта ў адаптыўных ператварэннях (напр., пры змене асяроддзя наземнага на воднае) — аламарфозах, або ідыяадаптацыях.

Адзначаецца на ўсіх стадыях індывід. развіцця жывёлы — ад зародка, лічынкі і маляўкі да дарослай асобіны. Пры гэтым адны органы прагрэсіўна развіваюцца, іншыя — трацяць функцыян. значэнне і рэдукуюцца. Прыкладам прыстасавання арганізмаў да спецыфічных умоў эмбрыянальнага або лічынкавага развіцця (цэнагенез) з’яўляюцца якасныя новаўтварэнні: амніён, харыён, плацэнта і інш.

т. 1, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)