АМАНІМІ́Я (ад грэч. homōnymia аднайменнасць),
гукавое супадзенне адзінак (марфем, слоў, словазлучэнняў), якія адрозніваюцца паміж сабой значэннем. Усе амонімы-словы падзяляюцца на тыпы: лексічныя (маюць поўнае гукавое супадзенне ва ўсіх формах і адносяцца да адной часціны мовы, напр., «нота» — ‘дыпламатычны дакумент’ і «нота» — ‘муз. знак’), фанетычныя — амафоны, марфалагічныя — амаформы. Адрозніваюць поўную і частковую аманімію.
Поўныя лексічныя амонімы супадаюць ва ўсіх граматычных формах («заранка» — ‘зорка’ і «заранка» — ‘птушка’), пры частковай аманіміі адно са слоў цалкам (ва ўсіх формах) супадае па гучанні з часткай формаў інш. слова ці з адной яго формай («вечарам» — прыслоўе і «вечарам» — назоўнік мужч. роду адз. л. творнага склону). Да частковай адносяць прыставачную аманімію («дапісаць» — ‘поўнасцю скончыць пісаць’ і «дапісаць» — ‘запоўніць старонку’), супадзенне формаў аднаго з трыванняў розных дзеясловаў («прамакаць» ад «прамакнуць» і ад «прамокнуць») і г.д. Амонімы ўзнікаюць у мове ў выніку страты сэнсавай сувязі паміж асобнымі значэннямі (у т. л. пераноснымі) мнагазначных слоў («каса» — ‘прылада працы’, «каса» — ‘заплеценыя валасы’, «каса» — ‘вузкая пясчаная паласа’), у выніку дзеяння фанет. законаў мовы (аглушэння зычных на канцы слова: «мох» — ‘расліна’ і «мог» — ад дзеяслова «магчы»), гукавога супадзення розных слоў («міна» — ‘выраз твару’ і «міна» — ‘снарад з выбуховым рэчывам’) і інш. Ад амонімаў трэба адрозніваць амографы.
Л.П.Кунцэвіч, А.Я.Міхневіч.
т. 1, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМО́НІМЫ (ад гама + грэч. onyma імя),
словы, што супадаюць у гучанні і напісанні, але маюць рознае значэнне. Гл. ў арт. Аманімія.
т. 1, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМО́НІМАЎ СЛО́ЎНІК,
аспектны даведнік, які апісвае пары і групы амонімаў. У артыкулах амонімаў слоўніка падаюцца семантычныя, граматычныя, спалучальныя, стылістычныя і інш. адрозненні паміж словамі ў аднолькавых парах і групах амонімаў (у адрозненне ад інш. слоўнікаў, дзе загаловачнае слова-амонім толькі пазначаецца надрадковай арабскай лічбай). Напр., «Слоўнік амонімаў беларускай мовы» В.Дз.Старычонка (1991) змяшчае 1265 аманімічных пар і груп слоў у асн. частцы і больш як 750 у раздзеле «Субстантыўная аманімія». Для практычнага вырашэння праблем міжмоўнай аманіі (і параніміі) створаны спец. слоўнік дыферэнцыяльнага тыпу: «Кароткі дыферэнцыяльны руска-беларускі слоўнік» у кн. «Беларуская мова для небеларусаў» А.А.Крывіцкага, А.Я.Міхневіча і А.І.Падлужнага (3-е выд., 1990), «Міжмоўныя амонімы і паронімы. Спроба руска-беларускага слоўніка» С.М.Грабчыкава (1980), «Беларуска-рускі паралексічны слоўнік-даведнік» (1985) і інш.
В.К.Шчэрбін.
т. 1, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАНІМІ́Я,
моўная з’ява, якая выяўляецца пры гукавым і марфемным падабенстве слоў, што адрозніваюцца сваімі значэннямі (паронімаў). Напр., «чарнець» — «чарніць», «царыца» — «царэўна», «абагульніць» — «абагуліць»). Паронімы — пераважна аднакарэнныя словы, якія маюць марфемнае і гукавое падабенства, але выражаюць розныя сэнсавыя паняцці: «адрасат» (той, каму адрасавана паштовае адпраўленне) — «адрасант» (той, хто пасылае паштовае адпраўленне). Паранімічныя адносіны найчасцей узнікаюць паміж назоўнікамі, прыметнікамі, радзей — дзеясловамі. Значэнні паронімаў не супадаюць. Кожны з паронімаў з’яўляецца функцыянальна самастойным, можа мець сінонімы і антонімы, ніколі не можа быць заменены ў тэксце інш. кампанентам паранімічнай пары без парушэння сэнсу выказвання. У шырокім значэнні паронімы — усе блізкія па гучанні словы незалежна ад іх значэння, марфал. будовы і інш. («амплуа» — «ампула», «камічны» — «касмічны»). П. трэба адрозніваць ад паранамазіі.
Літ.:
Шуба П.П. Міжмоўная беларуска-руская аманімія і паранімія // Пытанні білінгвізму і ўзаемадзеяння моў. Мн., 1982.
Л.П.Кунцэвіч.
т. 12, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)