Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БАКА́ЧЫО, Бакача (Boccaccio) Джавані (1313, Парыж — 21.12.1375), італьянскі пісьменнік, гуманіст ранняга Адраджэння. Сябра Ф.Петраркі. Аўтар паэм на сюжэты ант. міфалогіі «Філастрата» (1338 ?, выд. 1499), «Тэсеіда» (1339—41, выд. 1475), рамана «Філакола» (пачаты ў 1338, выд. 1472), псіхал. аповесці «Ф’ямета» (1343, выд. 1472). Блізкасць да Дантэ выявілася ў пастаралі «Амета...» (1341—42, выд. 1478) і паэме «Любоўны прывід» (1342, выд. 1521). Паэма «Ф’езаланскія німфы» (1344—46, выд. 1477) навеяна «Метамарфозамі» Авідзія. Асн. твор — «Дэкамерон» (1350—53, выд. каля 1470) — 100 рэаліст. навел, прасякнутых гуманіст. ідэямі, духам вальнадумства і антыклерыкалізму, непрыняццем аскетычнай маралі, жыццярадасным гумарам, — шматколерная панарама нораваў італьян. грамадства. Супярэчнасці сац. развіцця Італіі выклікалі крызіс гуманіст. ідэалаў Бакачыо (алегарычная сатыра ў прозе «Карбача, ці Лабірынт любові», 1354—55 ці 1365; выд. 1487, рус.пер. «Крумкач», 1975). Аўтар біягр.кн. «Жыццё Дантэ Аліг’еры» (каля 1360, выд. 1477), каментарыяў да 17 песень «Боскай камедыі» Дантэ (1373—74), трактатаў на лац. мове. Сюжэт 2-й навелы 10-га дня «Дэкамерона» ляжыць у аснове казкі «Аб тым, як ксяндзы вылечыліся» са зб. А.Сержпутоўскага «Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў». Пераклад Б.Будным аднаго з эпізодаў «Дэкамерона» («Аповесць суцяшальная пра купца Барнабаша») Пётр Бластус Кміта ўключыў у 4-ю кн. «Апафегматаў». П’еса «Золата ў агні» Ф.У.Радзівіл, якая ставілася ў Нясвіжскім прыдворным тэатры, — драм. перапрацоўка навелы Бакачыо.
Тв.:
Рус.пер. — Малые произведения. Л., 1975;
Декамерон. Мн., 1985.
Літ.:
Хлодовский Р.И. Декамерон: Поэтика и стиль. М., 1982;
Бранка В. Боккаччо средневековый: Пер. с итал. М., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́НТЭАліг’еры
(Dante Alighieri; 15.5 ці 15.6.1265, г. Фларэнцыя, Італія — 13 ці 14.9.1321),
італьянскі паэт. Па некат. звестках, вучыўся ў Балонскім ун-це. У 1300 адзін з прыёраў Фларэнцыі, у 1301 амбасадар горада пры папскім двары ў Рыме. Быў абвінавачаны ў выступленнях супраць папы і гар. улад і прыгавораны да спалення на кастры; усё астатняе жыццё правёў у выгнанні. У ранніх вершах апяваў Беатрычэ Партынары, каханне да якой пранёс праз усё жыццё. Гэтыя вершы і далучаная да іх проза на італьян. мове склалі першы буйны твор — «Новае жыццё» (1291—93, выд. 1576), у якім распрацаваў правілы «новага салодкага стылю» (ускладненыя маральна-філас. ідэі, сімволіка і алегарызм, вытанчанасць маст. формы). Пазней яго творчасць развівалася ў 2 кірунках: на лац. мове ствараў трактаты па пытаннях італьян. мовы («Пра народнае красамоўства», 1303—04), аб дзярж. уладзе («Пра манархію», 1312—13), на італьян. мове — трактат, прысвечаны філас., маральным і літ. пытанням («Баль», 1304—07) і вершы (т.зв. «рыфмы»). У 1311—13 напісаў 13 «Пасланняў» на лац. мове, эклогі, а таксама трактат «Спрэчка аб вадзе і зямлі» (1320). Вяршыня творчасці Д. — «Боская камедыя» [1306—1318(?)—21]. Гэты манум. твор позняга сярэднявечча ўяўляе сабой энцыклапедыю філасофіі, касмагоніі, гісторыі, рэлігіі, маралі, паліт. поглядаў еўрап. чалавека напярэдадні Адраджэння. Твор падзелены на 3 часткі (кантыкі): «Пекла», «Чысцец» і «Рай». У алегарычнай форме Д. гаворыць аб сучаснасці, яскрава звязваючы яе з Антычнасцю. Стройная лагічная схема твора базіруецца на сімволіцы лічбаў (пачынаючы ад лічбы 3 — сімвала Тройцы: 3 кантыкі, тэрцына — асн. вершаваны памер, кожная кантыка складаецца з 33 песняў і г.д.). Творчасць Д. зрабіла вял. ўплыў на развіццё л-ры. Яго творы перакладзены амаль на ўсе мовы свету. На бел. мову «Боскую камедыю» пераклалі Я.Семяжон, А.Мінкін, У.Скарынкін.