Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМПРАФІ́Р,
жыльная магматычная горная парода, складзеная з палявога шпату (радзей фельдшпатоідаў) і павышанай колькасці каляровых мінералаў (не менш за 30%; біятыт, амфібол, алівін, меліліт і інш.). Колер цёмна-шэры да чорнага. Вылучаюць Л. вапнякова-шчолачныя (спесартыт, керсантыт), шчолачныя або фельдшпатоідныя (камптаніт) і мелілітавыя (альнеіт). Утвараюць серыі малых інтрузіўных цел (сілаў, даек, некаў, трубак выбуху), цесна злучаных з разломнай тэктонікай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РХНЯЯ МА́НТЫЯ,
абалонка Зямлі, якая знаходзіцца паміж зямной карой і ніжняй мантыяй. Аддзяляецца ад кары Махаровічыча паверхняй, ніжняя граніца невыразная, на глыб. каля 900 км. У рэчыве верхняй мантыі пераважае алівін. Верхні слой верхняй мантыі (субстрат) разам з зямной карой утварае літасферу, пад якой залягае астэнасфера, ніжняя частка (глыбей за 400 км) — слой Галіцына, які характарызуецца інтэнсіўным нарастаннем скорасці сейсмічных хваль. У верхняй мантыі развіваюцца працэсы, з якімі цесна звязаны тэктанічныя рухі, магматызм, вулканізм, метамарфізм зямной кары, утварэнне карысных выкапняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫДАТЫ́Т (франц. péridotite ад péridot перыдот, алівін),
магматычная поўнакрышталічная горная парода ультраасноўнага саставу. Складаецца з алівіну (70—30%) і піраксену (30—70%), радзей з рагавой падманкай ці слюдой. Мае ўкрапаннікі магнетыту, ільменіту, храміту, гранату і інш. У залежнасці ад мінер. складу вылучаюцца віды П.: гарцбургіт, верліт, лерцаліт, рогаваабманкавы П. Колер цёмна-зялёны, цёмна-шэры да чорнага. Пры выветрыванні пераўтвараецца ў серпенцініт. Трапляецца ў асацыяцыі з асноўнымі габравымі інтрузіямі. З габрава-перыдатытавымі фармацыямі звязаны радовішчы плаціны, нікелю, кобальту, хрому і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАГЕНЕ́ЗІС МІНЕРА́ЛАЎ,
заканамернае сумеснае размяшчэнне ў зямной кары мінералаў, звязаных агульнымі ўмовамі ўтварэння (магматычны расплаў, гідратэрмальная сістэма, басейн седыментацыі і інш.). Вызначальнымі фактарамі П.м. з’яўляюцца хімізм асяроддзя, гісторыя яго геал. развіцця і тэрмадынамічныя ўмовы мінералаўтварэння. Вылучаюць тыповы П.м. (напр., сумеснае размяшчэнне мускавіту, турмаліну, берылу ў гранітных пегматытах) і нетыповы (алівін і кварц у вывергнутых пародах). З П.м. цесна звязаны парагенезіс элементаў (напр., хром Cr, нікель Ni, плаціна Pt звязаны з асноўнымі горнымі пародамі). Вывучэнне П.м. мае вял. значэнне пры пошуках і ацэнцы радовішчаў карысных выкапняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСНО́ЎНЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,
магматычныя горныя пароды, адносна бедныя крэменязёмам (44—53% SiO2) і багатыя магніем і кальцыем. Важнейшыя мінералы асноўных горных парод — асноўныя плагіяклазы (лабрадор, бітаўніт, анартыт), піраксены, алівін. Могуць быць інтрузіўныя (габра, нарыты, анартазіты і інш.) і эфузіўныя (базальты і інш.). Пашыраны найб. у літасферы Зямлі, Месяца, Венеры, Марса. Пераважаюць у акіянскай кары Зямлі, на кантынентах больш чым у 5 разоў перавышаюць па аб’ёме іншыя вылітыя магматычныя горныя пароды. Пашыраны ва ўсіх складкавых паясах (Урал, Каўказ і інш.) і кратонах (Еўрапейская, Сібірская і інш. платформы). З кожнай серыяй асноўных горных парод звязаны спецыфічныя карысныя выкапні (руды медзі, нікелю, плаціны, рэдкіх элементаў і гэтак далей). Выкарыстоўваюцца ў многіх галінах буд. індустрыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРОДАЎТВАРА́ЛЬНЫЯ МІНЕРА́ЛЫ,
найб. пашыраныя мінералы зямной кары, з якіх пераважна або цалкам складзены горныя пароды. Прадстаўлены сілікатамі (больш за 75% масы зямной кары), карбанатамі, аксідамі, хларыдамі і сульфатамі. Вылучаюць галоўныя (асноўныя) П.м. (больш за 10% у пародзе), другарадныя (1—10%) і акцэсорныя мінералы (менш за 1%). Найб. пашыраныя П.м.; кварц, палявыя шпаты, слюды (характэрны для ўсіх груп парод: магматычных, асадкавых, метамарфічных); амфіболы, піраксены (магматычныя, метамарфічныя); гліністыя (гідраслюда, каалін, монтмарыланіт) і карбанатныя (кальцыт, даламіт) мінералы (пераважна асадкавыя). Радзей П.м. з’яўляюцца алівін, ільменіт, нефелін, лейцыт, магнетыт, гранат, хларыт, глаўканіт, апатыт, гіпс, ангідрыт, галіт, сільвініт і інш. Адрозніваюць П.м.: светлыя (кварц, палявыя шпаты і інш.) і цемнаколерныя (біятыт, амфіболы, піраксены і інш.); першасныя (сінгенетычныя з утварэннем пароды) і другасныя (узнікаюць пры пераўтварэнні пароды). Хім. элементы, якія складаюць П.м., наз.петрагеннымі.