Алтайскія мовы 1/165, 264; 4/394; 7/285, 429; 10/329; 11/157, 555
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АЛТА́ЙСКІЯ МО́ВЫ,
макрасям’я моў, што аб’ядноўвае цюркскія, мангольскія, тунгуса-маньчжурскія, а таксама ізаляваныя карэйскую і японскую мовы (гл. адпаведныя арт.). Збліжаюцца агульнасцю рысаў: фанетычных (заканамернасць палатальнага і лабіяльнага сінгарманізму зычных і галосных, асіміляцыі зычных; корань 1-складовы, 3-гукавы, найчасцей утварае закрыты склад), марфалагічных (словаўтварэнне і словазмяненне з дапамогай аглюцінатыўных афіксаў, адсутнасць роду, наяўнасць катэгорыі прыналежнасці) і сінтаксічных (паясняльныя словы ў сказе абавязкова стаяць перад паяснёнымі, слабае развіццё складаназалежных сказаў). Найб. сувязь алтайскай мовы у лексіцы, што тлумачыцца іх генетычнай блізкасцю.
Літ.:
Баскаков Н.А. Алтайская семья языков и её изучение. М., 1981.
т. 1, с. 268
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСТРАТЫ́ЧНЫЯ МО́ВЫ (ад лац noster наш),
макрасям’я моў, якая ўключае шэраг моўных сем’яў і моў Еўразіі і Афрыкі (індаеўрапейскія мовы, семіта-хаміцкія мовы, уральскія мовы, дравідыйскія мовы, алтайскія мовы, картвельскія мовы). Падзяляюцца на ўсходненастратычныя (уральскія, дравідыйскія, алтайскія) і заходненастратычныя (індаеўрап., картвельскія, семіта-хаміцкія). Дакладныя межы настратычнай сям’і не вызначаны. Роднасць Н.м. у наяўнасці ў іх генетычна тоесных каранёвых і афіксальных марфем (каля 1000). Корпус каранёвых марфем уключае ў сябе карані адзінак асн. слоўнікавага фонду, што адлюстроўваюць найб. значныя для чалавека рэаліі і паняцці (часткі цела, роднасныя адносіны, асн. з’явы прыроды, назвы жывёл і раслін, прасторавыя адносіны, элементарныя дзеянні і працэсы, асн. якасці). Фаналагічная структура настратычнай прамовы мела, верагодна, 7 галосных і вял. колькасць зычных. Многія даследчыкі лічаць настратычную сістэму блізкай да аглюцінатыўнай (гл. Аглюцінатыўныя мовы). Гіпотэзу пра роднасць Н.м. выказаў у пач. 20 ст. дацкі вучоны Х.Педэрсен. Яе навук. абгрунтаванасць даказаў рас. вучоны У.Іліч-Світыч.
Літ.:
Иллич-Свитыч ВМ. Опыт сравнения ностратических языков: Сравнительный словарь. Т. 1—3. М., 1971—84.
т. 11, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)