АЛО́НСА (Alonso; сапр. Мартынес дэль Ойо) Алісія
(н. 21.12.1921, Гавана),
кубінская артыстка балета, балетмайстар; заснавальніца кубінскага балета. Стварыла з Фернанда і Альберта Алонса ў Гаване трупу «Балет Алісіі Алонса» (1948, з 1959 — нац. балет Кубы). Паставіла шэраг арыгінальных балетаў. Сярод партый: Жызэль («Жызэль» А.Адана), Адэта — Адылія («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Сванільда («Капелія» Л.Дэліба), Тэрпсіхора («Апалон Мусагет» І.Стравінскага).
т. 1, с. 265
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́ЎХА (Araujo) Лойпа
(н. 27.5.1941, Гавана),
кубінская артыстка балета. Пасля заканчэння школы пры трупе «Балет Алісіі Алонса» (1956) артыстка трупы, з 1966 і 1978 вядучая салістка Нац. балета Кубы, у 1974—77 — Марсельскага балета пад кіраўніцтвам Р.Пці. Сярод партый: Адэта — Адылія («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Вівета («Арлезіянка» на муз. Ж.Бізэ) і інш. Лаўрэат міжнар. конкурсаў балета ў Варне (1965), Маскве (1965), Парыжы (1970).
т. 1, с. 454
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХЕ́ДА (Ojeda, Hojeda) Алонса дэ (каля 1470, г. Куэнка, Іспанія — каля 1515), іспанскі мараплавец, канкістадор. Удзельнік 2-й экспедыцыі (1493—96) Х.Калумба. У пошуках золата першы з еўрапейцаў трапіў ва ўнутр. раёны Гаіці. У 1499—1500 узначаліў экспедыцыю (з удзелам А.Веспучы), якая адкрыла бераг Гвіяны і шэраг астравоў, у тым ліку Кюрасао. У 1502 зноў абследаваў карыбскі бераг Венесуэлы, у 1508—10 — паўн. бераг Калумбіі і заснаваў там крэпасць, паклаўшы пачатак іспанскай каланізацыі Паўд. Амерыкі.
т. 2, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРУГЕ́ТЭ
(Berruguete),
сям’я іспанскіх мастакоў 15—16 ст. Нарадзіліся ў г. Парэдэс-дэ-Нава (Іспанія).
Педра (каля 1450—1504), жывапісец. У 1475—82 працаваў у г. Урбіна (Італія), з 1483 — у Іспаніі. У сваіх карцінах (сцэны з жыцця св. Фамы) сумяшчаў навук. перспектыву і ўважлівае назіранне з сярэдневяковай статычнасцю позаў, а часам і з рознамаштабнасцю фігур.
Алонса (каля 1486—13.9.1561), скульптар, архітэктар, жывапісец. Сын і вучань Педра. Прадстаўнік ісп. Адраджэння. Каля 1504—17 вучыўся ў Італіі ў Мікеланджэла, з 1518 працаваў у Іспаніі. Яго скульптуры (пераважна алтарныя) адметныя экспрэсіяй і павышанай эмацыянальнасцю («Святы Себасцьян», 1526—32; «Ператварэнне», 1543-48).
т. 3, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РДЖА, Борджыя (ісп. Borja, італьян. Borgia),
арыстакратычны род іспанскага паходжання, які ў 15 — пач. 16 ст. адыгрываў значную ролю ў гісторыі Італіі. Пачатак яго ўзвышэнню даў Алонса (31.12.1378—6.8.1458), які стаў папам (1455—58) пад імем Калікста III. Яго пляменнік Радрыга (1430—18.8.1503) — папа Аляксандр VI (1492—1503), са сваім сынам Чэзарэ (1475 ці 1476—12.3.1507) імкнуліся стварыць у Сярэдняй Італіі вял. дзяржаву, дзе Чэзарэ меў бы абсалютную ўладу. Дзеля гэтага выкарыстоўвалі подкупы, забойствы. У 1499 Чэзарэ стаў правіцелем Раманьі. Пасля смерці Аляксандра VI пазбаўлены ўлады, уцёк у Іспанію. Загінуў у баі ў час міжусобных войнаў. Чэзарэ — прататып правіцеля ў творы Н.Макіявелі «Гасудар». Дачку Аляксандра VI Лукрэцыю (18.4.1480—24.6.1519) бацька і брат Чэзарэ тройчы выдавалі замуж з паліт. мэтамі. У 1501 Лукрэцыя стала жонкай герцага Ферары Альфонса д’Эстэ. Пры яе двары ў Ферары працавалі вучоныя, паэты, мастакі Л.Арыёста, П.Бемба, Тыцыян і інш.
т. 3, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА-ПАС
(La Paz),
горад у Балівіі, фактычная сталіца краіны. Знаходзіцца ў Цэнтр. Андах, на выш. каля 3700 м, у даліне р. Ла-Пас. Адм. ц. дэпартамента Ла-Пас. 1,25 млн. ж. з прыгарадамі (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог, у т.л. Панамерыканская шаша. Міжнар. аэрапорт Эль-Альта. Гал. прамысл. (каля 75% усёй прадукцыі апрацоўчай прам-сці краіны), гандл.-фін., навук. і культ. цэнтр Балівіі. Прам-сць: тэкст., харч., гарбарна-абутковая, цэм., мэблевая, шкляная. Рамесніцкая вытв-сць вырабаў з керамікі, золата, серабра. 2 ун-ты. АН, Нац., археал. і інш. музеі. Астр. абсерваторыя.
Засн. ў 1548 ісп. канкістадорам Алонса Мендосай. Названы (La Paz — мір) з нагоды прымірэння варагуючых паміж сабою ісп. заваёўнікаў. У 1809 у горадзе адбылося антыісп. паўстанне. У 1825 вызвалены ад ісп. панавання войскамі ген. А.Х.Сукрэ. З 1898 фактычна сталіца Балівіі, месцазнаходжанне рэзідэнцыі прэзідэнта і парламента (афіц. сталіца — г. Сукрэ).
У старых кварталах з традыц. 2-павярховымі дамамі захавалася прамавугольная сетка вуліц. Сярод пабудоў у стылі барока: палацы 18 ст. — Дыес дэ Медына (1755, 3-павярховы з аркадамі і лесвіцамі ва ўнутр. дварах), Вільявердэ і інш., цэрквы — Санта-Дамінга (1726), Сан-Франсіска (каля 1743—84, 3-лопасцевы партал з багатай разьбой), Сан-Педра (1790, скляпенне нефа і купал з вапнава-пемзавай масы на трысняговым каркасе). У часткова рэканструяваным цэнтры — шматпавярховыя жалезабетонныя будынкі сярэдзіны 20 ст., на ўскраіне — індзейскія кварталы.
т. 9, с. 131
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)