Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСАНДРЫ́Т,
мінерал, рэдкая празрыстая разнавіднасць хрызаберылу. Састаў берыліева-алюмініевага вокіслу (BeAl2O4), з прымессю вокіслу хрома (Cr2O3). Крышталі тоўстатаблітасныя, псеўдагексаганальныя. Колер ізумрудна-зялёны, пры штучным асвятленні — вішнёва- ці фіялетава-чырвоны, ружовы. Бляск шкляны. Цв. 8,5. Шчыльн. каля 3,7 г/см³. Трапляецца ў пегматытавых жылах. Радовішчы на Урале, у Бразіліі, на Пд Афрыкі, Мадагаскары і Цэйлоне. Александрыт масай больш за 2—3 караты і густа афарбаваныя лічаць каштоўнымі камянямі. Александрытам называюць таксама светла-зялёную разнавіднасць штучнага карунду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕРА́ЛЫ ШТУ́ЧНЫЯ (сінтэтычныя),
мінералы, створаныя на аснове сучасных прамысл. тэхналогій (фіз. і хім. метадамі), паводле хім. саставу, фіз. уласцівасцей і крышт. структуры адпавядаюць прыродным прататыпам. У 1837 штучна быў зроблены першы сінт. рубін масай у 1 карат франц. хімікам М.Гадэнам. У 1892 франц. даследчык А.Вернейль распрацаваў першую прамысл. тэхналогію атрымання рубінаў у шырокім маштабе. Існуюць 2 віды М.ш.: сінт. мінералы, што маюць прыродныя аналагі (александрыт, алмаз, апал, біруза, ізумруд, кварц, рубін, рутыл, сапфір, шпінель і інш.); штучныя мінералы, якія не маюць прыродных аналагаў (фабуліт-тытаніт стронцыю, ніабат літыю і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШТО́ЎНЫЯ КАМЯНІ́,
бясколерныя або прыгожа афарбаваныя мінералы (пераважна крышталі), якія маюць яркі бляск, вял. святлорассеянне, празрыстасць, высокую цвёрдасць (6—7 і больш па шкале Моаса) і хім. інертнасць, чысціню тону афарбоўкі, аднароднасць колеру ці арыгінальныя светлавыя эфекты, здольныя прымаць агранку. Умоўна падзяляюцца на 4 парадкі (класы); I — алмаз, ізумруд, рубін, сапфір сіні; II — александрыт, чорны апал, сапфіры зялёны, фіялетавы, аранжавы, высакародны жадэіт; III — аквамарын, тапаз, турмалін, дэмантоід, шпінель, апалы белы і вогненны; IV — біруза, хрызаліт, аметыст, цыркон, кунцыт, берылы жоўты, зялёны, ружовы, піроп, альмандзін, цытрын, хрызапраз. Да К.к. адносяць таксама мінер. ўтварэнні арган. паходжання — жэмчуг, бурштын. Маса К.к. вымяраецца ў каратах (0,2 г), жэмчугу — у гранах (0,25 карата). Паходжанне К.к. звязана з эндагеннымі і эказагеннымі працэсамі. Радовішчы ёсць у многіх краінах свету. Акрамя прыродных вырабляюць сінт. К.к. (алмаз, рубін, сапфір і інш.). Выкарыстоўваюцца ў дарагіх ювелірных вырабах. К.к. 1-га парадку ўваходзяць у актывы нац. банкаў дзяржаў свету.
У.Я.Бардон.
Да арт.Каштоўныя камяні. Вогненны апал.Да арт.Каштоўныя камяні. Чэхія. Святавацлаўская карона (аздабляюць сапфіры, чырвоныя шпінэлі, рубін, жэмчуг і дробныя ізумруды).