АЛАГЕНЕ́З

(ад ала... + ...генез),

кірунак эвалюцыі групы арганізмаў, пры якой у блізкіх відаў адбываецца змена адных прыватных прыстасаванняў на іншыя, а агульны ўзровень арганізацыі застаецца ранейшым. Выяўляецца гэта ў адаптыўных ператварэннях (напр., пры змене асяроддзя наземнага на воднае) — аламарфозах, або ідыяадаптацыях.

Адзначаецца на ўсіх стадыях індывід. развіцця жывёлы — ад зародка, лічынкі і маляўкі да дарослай асобіны. Пры гэтым адны органы прагрэсіўна развіваюцца, іншыя — трацяць функцыян. значэнне і рэдукуюцца. Прыкладам прыстасавання арганізмаў да спецыфічных умоў эмбрыянальнага або лічынкавага развіцця (цэнагенез) з’яўляюцца якасныя новаўтварэнні: амніён, харыён, плацэнта і інш.

т. 1, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛА...

(ад грэч. allos іншы),

першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнні адпавядае словам «іншы», «розны», «зменены», напр., алагенез, аламетрыя.

т. 1, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

...ГЕНЕЗ (ад грэч. genesis паходжанне), другая састаўная частка складаных слоў, што па значэнні адпавядае словам «род», «паходжанне» і абазначае: які звязаны з працэсам утварэння, узнікнення і далейшага развіцця, напр., гістагенез, алагенез.

т. 5, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНЫ ПРАГРЭ́С,

эвалюцыйны ўздым дадзенай групы арганізмаў у барацьбе за існаванне, які характарызуецца біял. росквітам таксона. Адзначаецца павышэннем колькасці асобін, пашырэннем яго арэала, павелічэннем колькасці даччыных таксанамічных адзінак і інш. (напр., асобныя віды насякомых, касцістыя рыбы, кветкавыя расліны і інш.). Вылучаюць 3 асн. шляхі дасягнення біялагічнага прагрэсу: арамарфоз, алагенез і катагенез. Тэрмін увёў рус. вучоны А.М.Северцаў (1925). Параўн. Біялагічны рэгрэс.

т. 3, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)