Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕЯ́ДЫ,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі 7 сясцёр, дачок Атланта і акіяніды Плеёны (дачкі Акіяна): Алкіёна, Меропа, Келена, Электра, Стэропа, Тайгета, Мая. Усе былі ў шлюбе з багамі, акрамя Меропы — жонкі Сізіфа. Паводле пашыранага міфа, П., каб выратавацца ад праследаванняў закаханага ў іх паляўнічага Арыёна, папрасілі дапамогі ў багоў. Багі ператварылі П. і Арыёна ў аднайм. сузор’і. Пераноснае значэнне слова «плеяда» — група выдатных людзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́МФЫ,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі другарадныя божаствы, якія ўвасабляюць сілы і з’явы прыроды. Лічыліся дачкамі Зеўса, Акіяна і інш. багоў. Вядомы Н. рэк, мораў, крыніц (водныя Н.: акіяніды, нерэіды, наяды), азёр і балот (лімнады), гор (аграсціны, арэстыяды), гаёў (альсеіды), дрэў (дрыяды, гамадрыяды) і іх асобных парод. Паводле міфаў, Н. валодаюць стараж. мудрасцю, тайнамі жыцця і смерці, лечаць людзей, прадказваюць іх будучыню. Стараж. мастакі і скульптары звычайна паказвалі Н. у выглядзе прыгожых аголеных або паўаголеных дзяўчат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФРАДЫ́ТА,
у стараж.-грэч. міфалогіі багіня кахання і хараства. Дачка Зеўса і акіяніды Дыёны (паводле інш. міфаў, Афрадыта ўзнікла з марской пены). Культ Афрадыты быў пашыраны акрамя Грэцыі на ўзбярэжжы М. Азіі, Эгейскага м. і ў грэч. калоніях Прычарнамор’я. У творах мастацтва ўвасабляла ідэал жаночага хараства. З ант. скульптур найб. вядомыя: Афрадыта Кнідская Праксіцеля, Афрадыта Медычы, Афрадыта Таўрыйская, Афрадыта (Венера) Мілоская і інш.Грэч. пісьменнік Лукіян прысвяціў Афрадыце трактат «Пра Сірыйскую багіню». У рымскай міфалогіі Афрадыце адпавядае Венера.
Афрадыта з г. Арль. Скульптар Праксіцель. 350—340 да н.э. Рымская копія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЕ́РА,
у старажытнарымскай міфалогіі першапачаткова багіня вясны і садоў, пазней яе атаясамлівалі з грэч. багіняй Афрадытай і шанавалі як багіню кахання і прыгажосці. Дачка Юпітэра і акіяніды Дыёны. Лічылася маці Энея — прамаці і апякункай рымлян. У 295 да н.э. ў Рыме ўстаноўлены дзярж.культ. Венеры. У 215 да н.э. рымляне прысвяцілі храм Венеры Эрыцынскай, Цэзар — храм Венеры-Маці, як прамаці роду Юліяў. Да міфа аб Венеры звярталіся скульптары і мастакі (А.Маёль, А.Рэнуар, С.Батычэлі, Л.Кранах Старэйшы, Джарджоне, Тыцыян), пісьменнікі (Г.Сакс, У.Шэкспір) і інш.