КУПЕЛІ́РАВАННЕ (ад франц. coupelle раздзяляльная печ, літар. кубачак),
купеляцыя, ачыстка высакародных металаў ад свінцу і інш. прымесей акісляльнай плаўкай у капелях (кубачках з вогнетрывалых матэрыялаў) або полымных печах. Заснавана на ўласцівасці свінцу і інш. звычайных металаў (у адрозненне ад высакародных) акісляцца кіслародам паветра. Выкарыстоўваецца ў прабірным аналізе (для ўстанаўлення пробы), металургіі (для вылучэння высакародных металаў, якія знаходзяцца ў сплаве са свінцом).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУТАТЫЁН, γ-L-глутаміл-L-цыстэінгліцын,
C10H17O6N3S, унутрыклетачны трыпептыд, складзены з астаткаў трох амінакіслот — глутамінавай, цыстэіну і гліцыну. Ёсць у высокіх канцэнтрацыях практычна ва ўсіх жывых клетках. Мае важнае значэнне для акісляльна-аднаўленчых рэакцый у сувязі са здольнасцю сульфгідрыльнай групы (-SH) цыстэіну акісляцца з утварэннем дысульфіднага мастка. Асн. функцыя глутатыёну — захаванне SH-групы бялкоў у адноўленым стане. Выконвае спецыфічную ролю пры разбурэнні таксічнага перакісу вадароду, аднаўленні акісленай формы аскарбінавай к-ты. Служыць кафактарам асобных ферментаў, асабліва пратэінаў, адыгрывае пэўную ролю ў транспарце амінакіслот праз клетачныя мембраны. Глутатыён атрымліваюць з дражджэй і сінтэтычна; выкарыстоўваюць пры біяхім. даследаваннях, кансерваванні крыві.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯРАГРА́ФІЯ,
электрахімічны метад колькаснага аналізу, якаснага аналізу, а таксама кінетыкі хім. працэсаў. Распрацаваны Я.Гейраўскім (1922), развіты А.Н.Фрумкіным і інш.
Грунтуецца на даследаванні эл.-хім. сістэм з дапамогай іх вольтамперных характарыстык (паляраграм), якія рэгіструюцца палярографамі. Найб. пашырана атрыманне паляраграм з дапамогай спец. ячэйкі, якая мае палярызавальны мікраэлектрод (катод; капіляр, з якога кроплямі выцякае ртуць) і непалярызавальны электрод (анод; слой ртуці на дне ячэйкі). У ячэйку змяшчаюць даследавальны раствор; калі ў растворы ёсць сумесь розных кампанентаў (катыёнаў), паляраграма мае характэрны хвалепадобны выгляд, кожная хваля якога адпавядае пэўнаму катыёну. Вышыня хвалі залежыць ад канцэнтрацыі катыёнаў, што ўзнаўляюцца на катодзе, каэфіцыента дыфузіі, інтэнсіўнасці перамешвання і інш. Метады П. выкарыстоўваюцца для аналізу рэчываў у водных і няводных растворах, вызначэння дамешкаў у сплавах, металах, рудах, хім. рэактывах, а таксама для выяўлення арган. і неарган. іонаў, якія могуць узнаўляцца на катодзе ці акісляцца на анодзе.
Л.М.Скрыпнічэнка.
Да арт.Паляраграфія: паляраграма раствору, які мае сумесь катыёнаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІО́БІЙ (лац. Niobium),
Nb, хімічны элемент V групы перыяд. сістэмы, ат. н. 41, ат. м. 92,9064. У прыродзе адзін стабільны ізатоп 93Nb. У зямной кары 210−3% па масе, трапляецца звычайна разам з танталам (гл.Ніобіевыя руды). Адкрыты ў выглядзе аксіду ў 1801 англ. вучоным Ч.Хатчэтам (названы ім «калумбіем»), незалежна ад яго ў 1844 ням. хімікам Г.Розе (прапанаваў назву Н.; ад імя Ніобы — дачкі міфалагічнага Тантала); пазней даказана ідэнтычнасць Н. і калумбію. Назва ўзаконена ў 1950 Міжнар. саюзам тэарэт. і прыкладной хіміі.
Светла-шэры пластычны метал, tпл 2477 °C, tкіп каля 4760 °C, шчыльн. 8570 кг/м³, т-ра пераходу ў звышправодны стан 9,28 К. У звычайных умовах хімічна ўстойлівы. Раствараецца толькі ў плавікавай кіслаце, яе сумесях з азотнай к-той і расплавах шчолачаў. Кампактны Н. у паветры пачынае акісляцца пры t > 200 °C. Пры награванні ўзаемадзейнічае з хлорам, фторам, вадародам, азотам, вугляродам і інш. Атрымліваюць аднаўленнем аксіду Nb (V) Nb2O5, гептафтораніабату (V) калію K2NbF7, асабліва чысты Н. і пакрыцці з яго на інш. металах — аднаўленнем пентахларыду NbCl5 вадародам пры t > 1000 °C. Выкарыстоўваюць пераважна як кампанент нержавейных і гарачаўстойлівых сталей, сплавы Н. з вальфрамам, малібдэнам і цырконіем — як гарачаўстойлівыя канстр. матэрыялы ў ядз. энергетыцы, авіяц. і касм. тэхніцы, каразійнаўстойлівыя сплавы Н. з танталам — для вырабу хім. абсталявання, што працуе ў агрэсіўным асяроддзі, сплавы Н. з тытанам і цырконіем, а таксама звышправаднікі станід Nb3Sn і германід Nb3Ge (т-ра пераходу ў звышправодны стан 23,2 К) — у радыёэлектроніды для вырабу звышправодных саленоідаў.