Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АКЦЁРСКАЕ МАСТА́ЦТВА,
від выканальніцкай творчасці, майстэрства ствараць мастацкія вобразы.
У тэатры акцёр увасабляе характары, выкарыстоўваючы свае інтэлект, тэмперамент, эмоцыі, міміку, голас, рухі, жэсты, пластыку цела і г.д.Сцэн. вобраз ён стварае на аснове літ. вобраза драматургіі, разам з тым прапануе ўласнае бачанне і трактоўку вобраза, узбагачае і пашырае яго. Акцёрскае мастацтва падзяляецца на драм., опернае, балетнае, эстраднае, цыркавое і г.д.; дыферэнцыруецца паводле жанраў (камедыя, вадэвіль, фарс, трагедыя і інш.).
Элементы акцёрскага мастацтва ў часы першабытнага грамадства меліся ў масавых дзействах, абрадах, рытуалах. Як від мастацтва сфарміравалася ў Стараж. Грэцыі. Тады ж зарадзілася традыцыя выканальніцкай стылістыкі асн. жанраў драматургіі: трагедыі (велічнасць, узнёслая пафаснасць, вытанчаная пластыка) і камедыі (падкрэсленая перабольшанасць ці знарочыстае паніжэнне таго, што паказваецца). Акцёры выступалі ў масках. У Стараж. Рыме традыцыі акцёрскага мастацтва ўзбагаціліся жанрам пантамімы, у сярэднія вякі — мастацтвам гістрыёнаў і скамарохаў. У сярэднявеччы сфарміраваліся літургічная драма, містэрыя, міракль, маралітэ, узнік фарс. Вышэйшае дасягненне нар. т-ра масак — італьян.камедыя дэль артэ. У эпоху Адраджэння акцёрскае мастацтва было скіравана на раскрыццё вял. ідэй, увасабленне індывід. і псіхалагічна складаных характараў. У перыяд класіцызму ў ім узмацніўся рацыяналістычны пачатак, вял. ўвага аддавалася дэкламацыйнасці. Рамантызм прывёў на сцэну ўзрыўны тэмперамент, бурныя страсці герояў, надзвычайную эмацыянальнасць і імпульсіўнасць. Рэаліст.акцёрскае мастацтва вызначаецца дакладным і псіхалагічна тонкім раскрыццём характару. Яго тэарэт. асновы і метадалогію працы з акцёрам заклаў і распрацаваў К.С.Станіслаўскі (гл.Станіслаўскага сістэма). На пач. 20 ст. ўзніклі і з сярэдзіны 20 ст. атрымалі пашырэнне мадэрнісцкія плыні ў акцёрскім мастацтве (умоўнасць, замест жыццёвых рэалій знакавасць і вобразная метафарычнасць). Побач з гэтым з’явіліся патрабаванні большай вастрыні і абагульненасці акцёрскага мастацтва, узмацнення яго агітацыйных функцый (творчасць У.Меерхольда, Б.Брэхта). Своеасаблівыя сістэмы акцёрскага мастацтва склаліся ў т-ры Усходу (Індыя, Кітай, Японія).
Карані акцёрскага мастацтва Беларусі ў глыбокай старажытнасці. Яго элементы меліся ў рытуальных святах, звязаных з гадавым цыклам кругавароту сонца і земляробчым календаром, з жыццём чалавека — ад з’яўлення яго на свет да памінання памерлага, у нар. ігрышчах, абрадах, карагодах. Першыя прафес. акцёры — скамарохі. Вял. пашырэнне на Беларусі атрымалі школьны тэатр, батлейка, народная драма. Характэрная выканальніцкая манера ва ўсіх відах фалькл. т-ра — завостраная сац. акрэсленасць сцэн. вобразаў, акцэнтаванне ўвагі на камед. і сатыр. рысах персанажаў, карнавальны характар ігры, узбуйненне акцёрскіх фарбаў. У 18—19 ст. прыкметны след у акцёрскім мастацтве балета, оперы, драмы пакінулі выканаўцы гар. і маёнткавых т-раў, выхадцы з нар. нізоў, пераважна з сялян.
Развіццё бел.прафес. акцёрскага мастацтва новага часу звязана з дзейнасцю Дуніна-Марцінкевіча тэатра, Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага, Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. У 1920-я г. расло прафес. майстэрства, пашыраліся стылявыя пошукі. акцёрскага мастацтва БДТ-3 характарызавалася каларытнай самабытнасцю, нар. сакавітасцю, яркасцю; у БДТ-1 ад фальклорна-этнагр. кірунку з акрэсленымі сац. матывамі акцёрскага мастацтва ўзнялося да высокага рамант. гучання і псіхалагічна тонкага малюнка вобразаў; БДТ-2 быў адметны эксперыментатарствам, тэатр. кідкасцю. Глыбока раскрыліся таленты (Ф.Ждановіча, У.Галубка, У.Крыловіча, Г.Грыгоніса, К.Міронавай і інш. У канцы 1920-х — 30-я г. на акцёрскае майстэрства адмоўна паўплывалі ідэалагізацыя, вульгарны сацыялагізм, схематызм. Нягледзячы на гэта, акцёрскае майстэрства развівалася, паглыбілася псіхал. распрацоўка характараў. Яркія сцэн. вобразы ўвасобілі У.Уладамірскі, Г.Глебаў, А.Ільінскі, Л.Ржэцкая. Акцёры Б.Платонаў, І.Ждановіч, пераадолеўшы вонкавую манументальнасць і рыторыку, паказвалі цікавыя ўзоры сцэн. творчасці. Акцёрскае мастацтва ўзбагацілі У.Дзядзюшка, Ц.Сяргейчык, В.Галіна, В.Пола, І.Шаціла, М.Бялінская, М.Звездачотаў, Р.Кашэльнікава, Я.Глебаўская, А.Радзялоўская, С.Бірыла, А.Шэлег.
З сярэдзіны 1960-х г. разам з акцёрамі старэйшага і сярэдняга пакаленняў (С.Станюта, Л.Рахленка, З.Стома, Г.Макарава, Ф.Шмакаў, І.Матусевіч, З.Канапелька, З.Браварская) набірала творчую сілу новае пакаленне (В.Тарасаў, Г.Гарбук, Л.Давідовіч, М.Захарэвіч, П.Дубашынскі, А.Мілаванаў, Г.Талкачова, У.Куляшоў, Г.Дубаў, Т.Кокштыс, Я.Шыпіла і інш.). Значны ўклад у акцёрскае мастацтва зрабілі майстры рус. т-раў Беларусі (У.Кумельскі, А.Кістаў, Дз.Арлоў, А.Клімава, Р.Янкоўскі і інш.).
У 1920—40-я г. падрыхтоўка бел. акцёраў вялася ў тэатр. студыях, у 1940—60-я г. ў студыях пры т-рах імя Я.Купалы і Я.Коласа, з 1945 у Бел.тэатр. ін-це (цяпер Бел. акадэмія мастацтваў). Акцёрамі працуюць і выпускнікі Бел. ун-та культуры.
У кіноакцёрскае мастацтва абапіраецца на традыцыі т-ра і дакумент. кінематографа. На пач. 20 ст. першых прафес. кінаакцёраў (М.Пікфард, Л. і Д.Гіш і інш.) выхаваў амер. рэжысёр Д.Грыфіт, які распрацаваў асн. прынцыпы акцёрскага мастацтва ў кінематографе. У 1920-я г. Л.Куляшоў заснаваў школу «кінанатуршчыкаў», што імкнуліся спалучаць экспрэсіўнасць мімікі і пантамімы з натуральнасцю аблічча. С.Эйзенштэйн выкарыстоўваў «тыпаж» (непрафес. выканаўца з выразнай знешняй сац. характарнасцю). Жанравае кіно як мастацка-рэкламны сродак выкарыстоўвала «зорку» — акцёра са сталым абліччам і характарам (камед. маскі, вамп, гангстэр, «папялушка» і інш). Выдатныя акцёры-«зоркі» стварылі глыбокія тыповыя вобразы (Ч.Чаплін, Д.Фербенкс, Пікфард, Л.Гіш, І.Мазжухін, А.Нільсен). У 1930—40-я г. са з’яўленнем гуку акцёры атрымалі магчымасць надаваць персанажам большую псіхал. і маст. аб’ёмнасць (Ж.Габэн, М.Сімон, М.Дзітрых, В.Лі, Л.Аліўе, Ч.Лоўтан, Г.Гарба, Х.Богарт, Г.Фонда, Б.Бабачкін, В.Марэцкая, Л.Арлова). У 1940—50-я г. дасягненні Куляшова і Эйзенштэйна развілі майстры італьян. неарэалізму, у 1950—60-я г. актуальнымі застаюцца імкненні да натуральнасці і псіхал. дакладнасці характараў у фільмах майстроў неарэалізму, французскай «новай хвалі», польск., венг., рас., груз. кіно, творчасці Ж.Філіпа, Ж.Маро, Дж.Мазіны, М.Мастраяні, С.Ларэн, І.Тулін, М. фон Сюдаў, Б.Ланкастэра, С.Трэсі, М.Бранда, З.Цыбульскага, Л.Вініцкай, С.Бандарчука, І.Смактуноўскага, Д.Баніёніса, М.Ульянава.
У 1970—80-я г. ў акцёрскім мастацтве фарміраваліся разнастайныя індывід. стылі (Ж.Дэпардзьё, Дж.Нікалсан, Д.Хофман, Дж.Фонда, Л.Ульман, Х.Шыгула).
У бел. кіно ў 1920—30-я г. вызначыліся пераважна рас. акцёры. Але прыкметныя ролі стварылі і бел. акцёры У.Крыловіч, В.Пола, Б.Платонаў, Л.Мазалеўская. У 1940—50-я г. ў фільмах-спектаклях раскрылася бліскучае майстэрства Г.Глебава, Платонава, Дзядзюшкі, Рахленкі, Полы, Ржэцкай. У 1960—90-я г. высокага прафес. ўзроўню дасягнула акцёрскае мастацтва Станюты, Стомы, Кармуніна, Г.Макаравай, Куляшова, Мілаванава, А.Дзянісава, В.Белахвосціка, Т.Мархель, У.Гасцюхіна, Г.Гарбука, М.Яроменкі, С.Сухавей.
Літ.:
Станнславский К.С. Работа актёра над собой: Дневник ученика. Ч. 1—2. М., 1951;
Советское актёрское искусство, 50—70 годы. М., 1982;
Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986;
Атрошчанка А. Фларыян Ждановіч: Біягр. нарыс. Мн., 1972;
Яго ж. Уладзіслаў Галубок. Мн., 1969;
Есакоў А. Уладзімір Крыловіч: Жыццёвы і творчы шлях. Мн., 1956;
Няфёд У. Народны артыст СССР П.С.Малчанаў. Мн., 1958;
Яго ж. Народны артыст БССР У.І.Уладамірскі. Мн., 1954;
Сабалеўскі А. Барыс Платонаў: Жыццё і творчасць вялікага беларускага артыста. 2 выд.Мн., 1989;
Яго ж. Глеб Глебаў: Жыццё і творчасць вялікага беларускага камед. акцёра. Мн., 1994;
Скібнеўскі А. Народны артыст СССР А.К.Ільінскі. Мн., 1954;
Сяргейчык Ц. Нататкі акцёра: Шлях жыцця і творчасці. Мн., 1973;
Кузняцова К. Ірына Ждановіч. Мн, 1970;
Яе ж. Генрых Грыгоніс: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1984;
Гаробчанка Т. Вольга Галіна: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1980;
Бурьян Б. Судьба чужая — как своя: Этюды о сценич. созданиях Александры Климовой. Мн., 1982;
Малчанаў П. Тэатр — жыццё маё: Успаміны. Мн., 1984;
Арлова Т. Купалаўцы: Эцюды пра акцёраў. Мн., 1985;
Обухович А. Полвека на сцене. Мн., 1987.
А.В.Сабалеўскі (тэатр), Г.В.Ратнікаў (кіно).
Да арт. Акцёрскае мастацтва. А.Ільінскі ў ролі Несцеркі («Несцерка» В.Вольскага).Да арт. Акцёрскае мастацтва. М.Ульянаў у ролі маршала Г.К.Жукава (мастацкі фільм «Блакада»).Да арт. Акцёрскае мастацтва. С.Станюта ў ролі Марылі («Раскіданае гняздо» Я.Купалы).Да арт. Акцёрскае мастацтва. Ч.Чаплін у фільме «Агні вялікага горада».
Да арт. Акцёрскае мастацтва. Г.Глебаў у ролі Пустарэвіча (злева), Б.Платонаў — Адольфа Быкоўскага («Паўлінка» Я.Купалы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЦЁР
(франц. acteur ад лац. actor выканаўца),
артыст, выканаўца роляў у драматычных, оперных, балетных, муз. камедыі, лялечных спектаклях, у цыркавых, эстрадных паказах, у кіно, на радыё і тэлебачанні. Гл.Акцёрскае мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ТЭ́ХНІКУМ СЦЭНІ́ЧНАГА МАСТА́ЦТВА.
Існаваў у 1930—32 у Мінску. Створаны для падрыхтоўкі нац. акцёрскіх кадраў: дзейнічалі акцёрскае аддзяленне і 1-гадовыя драм. курсы. Апрача спец. дысцыплін (выкладалі Е.Міровіч, П.Данілаў, Г.Халізеў) выкладаліся і агульнаадук. прадметы. Вясной 1932 адбыўся выпуск навучэнцаў курсаў. Сярод выпускнікоў: Н.Гейц, І.Дзядовіч, Я.Зайчык, П.Пекур, З.Скачкоўская, М.Троіцкая, С.Хацкевіч, І.Шаціла (у далейшым акцёры БДТ-1), Ю.Гальперына, Т.Заранок, Е.Іванова, Г.Кавальчук, Н.Мішэнка. З выпускнікоў курсаў арганізаваны т-ры вандроўны імя Дзяржынскага і Чырвонаармейскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАМА́ЙЦІС (Adomaitis) Рэгімантас
(н. 31.1.1937, г. Шаўляй),
літоўскі акцёр. Нар.арт.СССР (1985). Скончыў акцёрскаеаддз. Кансерваторыі Літвы (1962). Працаваў у Капсукскім і Каўнаскім драм. т-рах, з 1967 у Т-ры драмы Літвы. Мастацтва Адамайціса вызначаецца псіхал. глыбінёй, тонкай іроніяй. За ролі Міндаўгаса, Мажвідаса («Міндаўгас», «Мажвідас» Ю.Марцінкявічуса), Йуна («Йун Габрыэль Боркман» Г.Ібсена) у т-ры Дзярж. прэмія Літвы 1982. У кіно выявіліся яго моцны тэмперамент, здольнасць ствараць складаныя і супярэчлівыя характары: «Ніхто не хацеў паміраць», «Кароль Лір», «Гэта салодкае слова — свабода», «Кентаўры», «Аварыя», «Багач, бядняк» (два апошнія фільмы — тэлевізійныя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДАРЧУ́К Сяргей Фёдаравіч
(25.9.1920, с. Белазёрка Херсонскай вобл., Украіна — 20.10.1994),
рускі акцёр, рэжысёр. Нар.арт.СССР (1952). Герой Сац. Працы (1980). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1948). Яго акцёрскае майстэрства спалучала цэльнасць і выразнасць з тонкай псіхал. прапрацоўкай вобраза, мяккасцю артыстычнай манеры: Тарас Шаўчэнка (аднайм. фільм, Дзярж. прэмія СССР 1952), доктар Дымаў («Скакуха»), Атэла (аднайм. фільм), Карасцялёў («Сярожа») і інш. Як рэжысёр Бандарчук вызначаўся выразнасцю і дакладнасцю канцэпцыі, зладжаным акцёрскім ансамблем. Майстар масавых сцэн. Сярод фільмаў: «Лёс чалавека» (1959, Ленінская прэмія 1960 за рэжысуру і выкананне ролі Андрэя Сакалова), «Вайна і мір» (4 серыі, 1966—67, «Оскар» 1969, роля П’ера Бязухава), «Ватэрлоо» (1970, сав.-італьян.), «Яны змагаліся за Радзіму» (1975, Дзярж. прэмія Расіі 1977, роля Звягінцава), «Чырвоныя званы» (1982, Дзярж. прэмія СССР 1984), тэлевіз. фільм «Ціхі Дон» (10 серый).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ЎБЕК (Holoubek) Густаў
(н. 21.4.1923, г. Кракаў, Польшча),
польскі акцёр і рэжысёр. Праф. Вышэйшай тэатр. школы (Варшава). Скончыў Вышэйшую тэатр. школу ў Кракаве. З 1947 у т-рах Кракава і Катавіц, з 1957 у розных т-рах Варшавы (у т. л. ў 1969—87 у Т-ры Драматычным, у 1972—82 адначасова дырэктар). Акцёрскае мастацтва Галоўбека вызначаецца высокай інтэлектуальнасцю, строгасцю ў падборы выразных сродкаў разам з глыбокай унутр. засяроджанасцю. Сярод лепшых роляў: Эдып («Эдып» Сафокла), Конрад («Дзяды» А.Міцкевіча), Скрыпач («Разня» С.Мрожака), Лір («Кароль Лір» У.Шэкспіра). Яго лепшая рэжысёрская работа — «Гамлет» Шэкспіра (выканаў таксама гал. ролю). З 1953 здымаецца ў кіно («Пятля», «Супольны пакой», «Санаторый пад Клепсідрай» і інш.). У 1972—81 узначальваў Т-ва польскіх акцёраў т-ра і кіно. Дзярж. прэміі Польшчы 1966, 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХЛО́ПКАЎ Мікалай Пятровіч
(15.5.1900, г. Іркуцк — 8.1.1967),
рускі рэжысёр, акцёр. Нар.арт.СССР (1948). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1918. З 1923 акцёр Т-ра імя У.Меерхольда. З 1930 узначальваў Рэалістычны т-р, з 1938 рэж. і акцёр т-ра імя Я.Вахтангава. У 1943—66 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра драмы (з 1954 т-р імя У.Маякоўскага). Яго спектаклі вызначаліся яскравай тэатральнасцю, публіцыстычнасцю, манументальнасцю, шырокім выкарыстаннем умоўнасці і сінт. сродкаў выразнасці, пошукамі новых тэатр. формаў. Сярод пастановак: «Арыстакраты» М.Пагодзіна (1935), «Маладая гвардыя» паводле А.Фадзеева (1947), «Гамлет» У.Шэкспіра (1954), «Іркуцкая гісторыя» А.Арбузава (1960), «Медэя» Эўрыпіда (1961). Акцёрскае мастацтва Ахлопкава адметнае спалучэннем арганічнасці пачуццяў з экспрэсіўнай выразнасцю вобраза. Здымаўся ў кіно: Васіль Буслаеў («Аляксандр Неўскі»), камісар Вараб’ёў («Аповесць пра сапраўднага чалавека»), Батманаў («Далёка ад Масквы») і інш.Дзярж. прэмія СССР 1941, 1947, 1949 (двойчы), 1951 (двойчы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́БІ (Gobbi) Ціта
(24.10.1913, г. Басана-дэль-Грапа, Італія — 5.3.1984),
італьянскі спявак (барытон). Скончыў юрыд.ф-т Падуанскага ун-та. З 1938 саліст оперных т-раў Італіі (з 1942 — «Ла Скала»), з 1947 — інш.еўрап. і амер. т-раў. Голас рэдкай прыгажосці, майстэрства бельканта і акцёрскае дараванне здабылі яму славу аднаго з лепшых спевакоў свайго часу. Стварыў рознахарактарныя муз.-сцэнічныя вобразы. Сярод лепшых партый: Рыгалета, Яга, маркіз ды Поза, Жэрмон, Макбет, Рэната («Рыгалета», «Атэла», «Дон Карлас», «Травіята», «Макбет», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Скарпія, Джані Скікі («Тоска», «Джані Скікі» Дж.Пучыні), Фігара («Вяселле Фігара» В.А.Моцарта), Воцэк («Воцэк» А.Берга). 1-я прэмія Міжнар. конкурсу вакалістаў (Вена, 1936). Аўтар шэрагу кніг, у т. л. «Свет італьянскай оперы» (з І.Кук, пер. з англ., М., 1989). Здымаўся ў муз. кінафільмах.
Літ.:
Лаури-Вольпи Дж. Вокальные параллели: Пер. с итал. Л., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛКАЎ Георгій Андрэевіч
(н. 20.7.1922, Масква),
бел. акцёр, рэжысёр, педагог. Нар.арт. Беларусі (1967). Скончыў Маскоўскае гар.тэатр. вучылішча (1944), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы пры Ленінградскім тэатр, ін-це імя А.Астроўскага (1955). З 1944 акцёр, з 1951 і рэжысёр, у 1965—79 гал. рэжысёр Брэсцкага абл.драм. т-ра імя ЛКСМБ. У 1979—87 выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це. Акцёрскае мастацтва Волкава вызначалі вострая характарнасць у спалучэнні з тонкім псіхал. аналізам і лірызмам: Лапшын («У пошуках радасці» В.Розава), Труфальдзіна («Слуга двух гаспадароў» К.Гальдоні), Трыстан («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі) і інш. Як рэжысёру Волкаву характэрна арганічнае адчуванне акцёра, адметнае прачытанне твора і наданне яму выразнай сцэн. формы: «Беспасажніца» А.Астроўскага (1957), «Выбачайце, калі ласка» (1958) і «Зацюканы апостал» (1972) А.Макаёнка, «Джэні Герхарт» паводле Т.Драйзера (1958), «Пігмаліён» Б.Шоу (1964), «Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна (1966), «Людзі і камяні» (1968) і «Брэсцкі мір» (1969) К.Губарэвіча, «Апошняя інстанцыя» (1975) і «Нашчадак» (1976) М.Матукоўскага, «Месяц у вёсцы» паводле І.Тургенева (1975; т-р імя Ю.Астэрвы ў г. Люблін, Польшча).