Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫ́НІІ, марскія анемоны (Actiniaria),
атрад марскіх кішачнаполасцевых жывёл. Існуюць як адзіночныя, радзей каланіяльныя бесшкілетныя паліпы. Каля 1,5 тыс. відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных морах. Трапляюцца ў Чорным, Баранцавым і далёкаўсходніх морах.
Цыліндрычнай формы, у папярочніку ад некалькіх міліметраў да 1,5 м, з венчыкам шчупальцаў вакол рота, звычайна ярка афарбаваныя. Сядзячыя або павольна перамяшчаюцца, закопваюцца ў грунт, зрэдку плаваюць. Кормяцца дробнымі воднымі жывёламі, у т. л. рыбамі. Размнажэнне палавое і вегетац. дзяленнем. Для многіх характэрны сімбіёз з ракамі-пустэльнікамі і інш. беспазваночнымі. Дотык шчупальцаў да чалавека можа выклікаць апёк скуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІШАЧНАПО́ЛАСЦЕВЫЯ (Coelenterata),
жыгучыя, кнідарыі, тып беспазваночных жывёл, гл. ў арт.Актыніі, Высакародны карал, Гідроідныя, Гідры, Канулярыі, Каралавыя паліпы, Каралы, Медузы, Паліпы, Сіфанафоры, Сцыфоідныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІ́ПЫ,
прымацаваныя формы кішачнаполасцевых: гідроідных, сцыфоідных і каралавых паліпаў, каралаў. Жывуць пераважна ў акіяне.
Даўж. ад некалькіх міліметраў да некалькіх сантыметраў (зрэдку да некалькіх метраў). Цела цыліндрычнае, на верхнім канцы ротавая адтуліна з шчупальцамі, на ніжнім — падэшва для прымацавання да субстрату або цела калоніі. Многія П. маюць цвёрды вонкавы або ўнутр. шкілет, арган. або вапнавы. Пераважна каланіяльныя формы, ёсць адзіночныя (актыніі, гідры), здольныя да павольнага перамяшчэння. Кормяцца пераважна жывёльным кормам, з дапамогай шчупальцаў. Размнажаюцца палавым (на многіх П. узнікаюць палавыя асобіны — медузы) і бясполым (пачкаванне) спосабамі.