Актыній 1/206; 8/415 (табл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫ́НІЙ (лац. Actinium),

Ac, радыеактыўны хімічны элемент з ліку актыноідаў, ат. н. 89. Вядомы 12 ізатопаў; найб. устойлівы ​227Ac (перыяд паўраспаду 21,7 года — α- і β-выпрамяняльнік). У прыродзе сустракаецца ў рудах урану і торыю. Адкрыты франц. вучоным А.​Дэб’ернам (1899). Серабрыста-белы метал, у выніку радыеактыўнага распаду свеціцца ў цемнаце, tпл 1050 °C. Хім. ўласцівасцямі блізкі да лантану.

Атрымліваюць пры апрамяненні ​226Ra нейтронамі ў ядз. рэактарах. Выкарыстоўваецца ў нейтронных крыніцах. Высокатаксічны, ГДК у вадаёмах 34,8 Бк/л, у паветры 1,3∙10​−6 Бк/л.

т. 1, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТАКТЫ́НІЙ (лац. Protactinium),

Pa, радыеактыўны хім. элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 91, ат. м. 231,0359, адносіцца да актыноідаў. Вядома 20 ізатопаў з масавымі лікамі 216—218, 222—238; найб. устойлівы ​231Pa (перыяд паўраспаду 3,28∙10​4 гадоў) уваходзіць у радыеактыўны рад урану. У зямной кары 10​−10% па масе. Адкрыты ў 1917 О.Ганам і Л.Майтнер і незалежна ад іх — Ф.Содзі і Дж.​Кранстанам. Назва ад грэч. prōton — першы і актыній (пры α-распадзе ​231Pa утвараецца актыній-227).

Светла-шэры метал, tпл1572 °C, шчыльн. 15370 кг/м³. Вылучаюць з прыроднай сыравіны (ва уранавых рудах на 1 частку урану прыпадае ⁓3∙10​−7 частак П.). Выкарыстоўваюць ​231Pa як зыходны нуклід для атрымання урану-232, ​233Pa (γ-выпрамяняльнік) у навук. доследах.

т. 13, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ДНЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,

рудны паклад (цела) або іх скопішчы на паверхні ці ў нетрах Зямлі, якія паводле памераў, якасці і ўмоў залягання прыдатныя для прамысл. распрацоўкі. Фарміраваліся на працягу ўсёй гісторыі геал. развіцця зямной кары. Вылучаюць 8 гал. эпох рудаўтварэння: архейская, раннепратэразойская, сярэднепратэразойская, раннерыфейская, познарыфейская, каледонская, герцынская і альпійская (гл. Металагенія). Паводле паходжання Р.р. падзяляюцца на эндагенныя і экзагенныя. Утварэнне эндагенных звязана з ’магматычнымі расплавамі (гл. Магматычныя горныя пароды) і гідратэрмальнымі растворамі (гл. Гідратэрмальныя радовішчы, Метасаматычныя радовішчы, Грэйзен, Скарн) ці абумоўлена ўздзеяннем метамарфічных працэсаў на горныя пароды і раней утвораныя радовішчы (гл. Метамарфагенныя радовішчы). Экзагенныя радовішчы ўтвараюцца з удзелам паверхневых ці грунтавых вод, паветра і арганізмаў. Сярод іх вылучаюць выветрывання радовішчы і асадкавыя радовішчы. Паводле саставу вылучаюць Р.р. чорных (жалеза, марганцу, хрому, тытану, ванадыю), лёгкіх (алюмінію, магнію), каляровых (медзі, свінцу, цынку, нікелю, сурмы), рэдкіх (волава, вальфраму, малібдэну, ртуці, берылію, літыю, танталу і ніобію), высакародных (золата, плаціноідаў і серабра), радыеактыўных (урану, торыю, радыю) металаў, а таксама рассеяных (актыній, гафній, галій, германій, індый, кадмій, протактыній, рэній, рубідый, селен, скандый, талій, тэлур, цэзій і інш.) і рэдказямельных (цэрыевай і ітрыевай груп) элементаў. Вылучаюць таксама Р.р. неметалічных карысных выкапняў (барыту, фасфарыту, серы, флюарыту, графіту і інш.). Гл. таксама Берыліевыя руды, Жалезныя руды, Уранавыя руды і інш.

Я.​А.​Ільін.

т. 13, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)