А́КТАН,

Эктан (Acton) Джон Эмерык Эдуард Дальберг (Dalberg; 10.1.1834, Неапаль — 19.6.1902), англійскі ліберальны гісторык і паліт. дзеяч. У 1859—65 член парламента, лорд. Праф. (з 1895) Кембрыджскага ун-та. Католік па веравызнанні, Актан лічыў гал. у гіст. працэсе развіццё ідэй, якія засн. на рэліг. вераванні. Прыхільнік канстытуцыйнай манархіі і памяркоўных рэформаў. Працы па праблемах сярэднявечча і новай гісторыі аб’яднаны ў зб-кі «Гісторыя свабоды і іншыя эцюды», «Гістарычныя эцюды і даследаванні» (абедзве 1907), «Царква і дзяржава» (1953) і інш. Ініцыятар выдання шматтомнай «Кембрыджскай новай гісторыі».

т. 1, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТА́Н,

насычаны вуглевадарод нармальнай будовы, CH3(-CH2)6-CH3. Бясколерная вадкасць, мае спецыфічны пах, tкіп 125,6 °C, шчыльн. 0,702∙10 кг/м³, не раствараецца ў вадзе, раствараецца ў спіртах, ацэтоне, эфіры. Актанавы лік 17—19. У пэўных умовах ператвараецца ў араматычныя вуглевадароды (о-ксілол, этылбензол і інш.), што выкарыстоўваюцца ў працэсах каталітычнага рыформінгу.

Атрымліваюць рэктыфікацыяй бензінавых фракцый нафты і сінт. бензінаў. Мае 17 ізамераў, 2 з іх (трыметылпентан і тэтраметылбутан) з высокім актанавым лікам (97—105) — кампаненты маторнага паліва.

т. 1, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́НТЭ

(Brontë),

англійскія пісьменніцы, сёстры. Нарадзіліся ў Торнтане, графства Йоркшыр (Вялікабрытанія). Працавалі настаўніцамі. У 1846 выдалі зб. вершаў пад псеўд. браты Бел. Тэма жаночай свабоды, ідэал паўнакроўнага, яркага, не ўшчэмленага жорсткімі ўмоўнасцямі жыцця ўласцівы творчасці ўсіх Бронтэ: увялі ў англ. л-ру 19 ст. вобраз незалежнай жанчыны, роўнай мужчыне па інтэлекце і сіле характару.

Шарлота (псеўд. Карэр Бел; 21.4.1816—31.3.1855), аўтар сац.-псіхал. раманаў «Настаўнік» (1846, выд. 1857), «Джэйн Эйр» (т. 1—3, 1847), «Шэрлі» (т. 1—3, 1849), «Вілет» (т. 1—3, 1853). Эмілі Джэйн (псеўд. Эліс Бел; 30.7.1818—19.12.1848) належаць рэфлексійна-філас. вершы і раман «Пагоркі буйных вятроў» (1847, рус. пер. «Навальнічны перавал», 1956) — гісторыя трагічнага кахання батрака і дачкі яго гаспадароў — цесна звязаны з эстэтыкай рамантызму. Ганна (псеўд. Актан Бел; 17.1.1820—28.5.1849), аўтар вершаў, раманаў «Агнес Грэй» (1847, аўтабіягр.), «Арандатар Уайлдфел-Хола» (1848).

Тв.:

Рус. пер. — Бронте Ш. Городок: Роман. М., 1990;

Джейн Эйр: Роман. Мн., 1992;

Бронте Э. Грозовой перевал: Роман. М., 1988;

Бронте А. Агнес Грей: Роман;

Незнакомка из Уайлдфелл-Холла: Роман;

Стихотворения. М., 1990.

Літ.:

Тугушева М. Шарлотта Бронте: Очерк жизни и творчества. М., 1982.

т. 3, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)