Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АКСІ́ДЫ, вокіслы,
злучэнні хімічных элементаў з кіслародам. Солеўтваральныя аксіды ўзаемадзейнічаюць з вадой; падзяляюцца на асноўныя (напр., Na2O, CaO, FeO), кіслотныя (напр., CO2, P2O5, SO3) і амфатэрныя (напр., ZnO, Al2O3). Да нясолеўтваральных аксідаў належаць CO, NO. Атрымліваюць акісленнем ці тэрмічным раскладаннем адпаведных гідраксідаў або соляў. Пашыраны ў прыродзе: аксід вадароду (вада) стварае гідрасферу, гал. саст. частка горных парод — аксід крэмнію, аксід алюмінію, жалеза і інш. Аксіды ўтвараюць руды — асн. форму метал. карысных выкапняў.
т. 1, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕ́ЗА АКСІ́ДЫ,
злучэнні жалеза з кіслародам. Вядомы аксіды жалеза (II) FeO, (III) Fe2O3 і змешаны (II, III) Fe3O4 ці FeO∙Fe2O3. У прыродзе сустракаюцца ў выглядзе мінералаў гематыту, магнетыту і вельмі рэдкага іацыту (FeO). Крышт. рэчывы. Не раствараюцца ў вадзе, раствараюцца ў к-тах. Fe2O3 атрымліваюць акісленнем жалеза пры награванні ці абпалам пірыту FeS2, інш. — аднаўленнем Fe2O3 у асяроддзі аксіду вугляроду ці вадароду. Выкарыстоўваюць як сыравіну для атрымання жалеза, як мінер. пігменты, кампаненты ферытаў, абліцовачнай керамікі і інш.
т. 6, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗО́ТУ АКСІ́ДЫ, азоту вокіслы,
злучэнні азоту з кіслародам. Адрозніваюць: геміяаксід N2O (аксід дыазоту) і монааксід NO — бясколерныя газы; сесквіяаксід N2O3 (дыазоту трыаксід) — пры звычайных умовах няўстойлівае злучэнне, пры ахаладжэнні светла-блакітная маса з tпл -102 °C; дыаксід азоту NO2 — буры газ (у вадкім і цвёрдым стане існуе яго дымер тэтрааксід дыазоту N2O4); аксід азоту N2O5 (пентаксід дыазоту) — бясколерныя лятучыя крышталі, няўстойлівыя і выбухованебяспечныя. Монааксід і дыаксід азоту парамагн. злучэнні. Аксід дыазоту і монааксід азоту — нясолеўтваральныя аксіды, сесквіяаксід утварае з вадой азоцістую кіслату, аксід азоту — азотную, тэтрааксід дыазоту — іх сумесь. Выкарыстоўваюцца пераважна NO2 як акісляльнік у вадкім ракетным паліве, пры ачыстцы нафтапрадуктаў, каталітычным акісленні арган. злучэнняў і NO — паўпрадукт у вытв-сці азотнай кіслаты. Азоту аксіды фізіялагічна актыўныя рэчывы: NO2 — «вяселячы газ» — выкарыстоўваецца для анестэзіі; NO дзейнічае на цэнтр. нерв. сістэму, у вял. канцэнтрацыях адмоўна ўплывае на формулу крыві (ГДК у паветры 0,0005 мг/л); NO2 выклікае ацёкі, зніжае крывяны ціск.
т. 1, с. 171
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ДЗІ АКСІДЫ,
злучэнні медзі з кіслародам. Найб. пашыраныя аксід медзі (I), ці геміаксід Cu2O і аксід медзі (II) CuO. Вядомы таксама няўстойлівы сесквіаксід Cu2O3.
Крышт. рэчывы, не раствараюцца ў вадзе. Паводле хім. уласцівасцей — асноўныя аксіды. Геміаксід медзі чырвона-рудога колеру, tпл 1242 °C. (плавіцца без раскладання). У прыродзе мінерал купрыт. Аксід медзі чорнага колеру, пры награванні да 1100 °C раскладаецца на Cu2O (адзін з лабараторных метадаў яго атрымання) і кісларод. У прыродзе мінерал тэнарыт. Выкарыстоўваюць М.а., як пігменты для шкла, керамікі; Cu2O таксама як кампанент фарбаў для аховы падводнай часткі суднаў ад абрастання і фунгіцыд. М.а. таксічныя, ГДК у паветры рабочай зоны 0,1 мг/м³.
т. 10, с. 249
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РГАНЦУ АКСІ́ДЫ,
аксіды, якія ўтварае марганец. Вядомыя: монааксід MnO, сесквіаксід Mn2O3, аксід Mn(II, III) Mn3O4, дыаксід MnO2, аксід Mn (VII) ці марганцавы ангідрыд Mn2O7. Дыаксід — самае пашыранае ў прыродзе злучэнне марганцу. Для MnO2 вядомыя 5 крышт. медыфікацый; найб. устойлівая β-MnO2 — мінерал піралюзіт. Іншыя М.а. таксама трапляюцца ў выглядзе мінералаў: MnO — манганазіт, α-Mn2O3 — курнаіт, β-Mn2O3 — біксбііт, Mn3O4 — гаўсманіт.
М.а. — крышт. рэчывы (акрамя Mn2O7 — масляная зялёная вадкасць, tпл 5,9 °C, шчыльн. 2400 кг/м³), не раствараюцца ў вадзе. Пры награванні вышэйшых М.а. вылучаецца кісларод і ўтвараюцца ніжэйшыя (меншай валентнасці) М.а. (напр., аксід Mn(IV) MnO2 раскладаецца пры т-ры каля 600 °C з утварэннем аксіду Mn(III) Mn2O3). Найб. шырока выкарыстоўваюць MnO2: для атрымання марганцу і яго злучэнняў, сікатываў, як дэпалярызатар у сухіх элементах, кампанент рудога пігменту (умбры) для фарбаў, акісляльнік у гідраметалургіі цынку, медзі, урану, для асвятлення шкла і інш.
т. 10, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РЫ АКСІ́ДЫ,
хімічныя злучэнні серы з кіслародам. Найб. пашыраныя аксіды серы (IV), ці серы дыаксід SO2, і аксід серы (VI), ці серы трыаксід SO3.
Серы дыаксід (сярністы ангідрыд, сярністы газ) — бясколерны газ з рэзкім пахам, шчыльн. 2,926 кг/м³, tпл -75,46 °C, tкіп -10,6 °C. Добра раствараецца ў вадзе, этаноле, дыэтылавым эфіры. Водны раствор SO2 — сярністая кіслата H2SO3: моцная двухасноўная к-та, якая існуе толькі ў растворы, утварае солі — сульфіты і гідрасульфіты. Уваходзіць у склад вулканічных газаў. У прам-сці атрымліваюць абпальваннем пірыту. Выкарыстоўваюць пераважна ў вытв-сці сернай к-ты, а таксама як аднаўляльнік, антыаксідант, для адбельвання шэрсці, шоўку і інш., кансервавання агародніны, садавіны; вадкі — як холадагент. Серы трыаксід (серны ангідрыд) — бясколерная вадкасць (пры пакаёвай т-ры), tкіп 44,7 °C; пры т-ры ніжэй за 16,8 °C — празрыстыя крышталі (α=SO3). У прысутнасці вельмі нязначнай колькасці вільгаці (1 моль вады на 106 моль SO3) полімерызуецца і цвярдзее; цвёрды існуе ў β-, γ- і δ-мадыфікацыях (tпл 32,5, 62,2 і 95 °C адпаведна). Бурна (з вылучэннем вял. колькасці цяпла) узаемадзейнічае з вадой, утварае серную кіслату. У вільготным паветры «дыміць». Раствараецца ў канцэнтраванай сернай кіслаце (раствор наз. алеумам). Моцны акісляльнік. Атрымліваюць каталітычным акісленнем SO2. Выкарыстоўваюць для вытв-сці сернай к-ты, олеума, сінтэзу шматлікіх арган. рэчываў, для гідратацыі пры вытв-сці азотнай к-ты. С.а. атрутныя; пашкоджваюць слізістыя абалонкі органаў дыхання, серны ангідрыд выклікае цяжкія апёкі скуры. SO2 — адзін з асн. ядаў, што атручваюць навакольнае асяроддзе, ГДК у атм. паветры 0,5 мг/м³.
А.Л.Чарнякова.
т. 14, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)