АКСІДАВА́ННЕ,
працэс утварэння на паверхні металічных вырабаў аксіднай плёнкі. Павышае каразійную ўстойлівасць, зносаўстойлівасць, электраізаляцыйныя ўласцівасці вырабаў, надае ім прывабны дэкар. выгляд (гл. Паціна). Аксідную плёнку атрымліваюць тэрмічным (гл. Вараненне), хімічным (з дапамогай раствораў кіслот, шчолачаў, спец. рэчываў) і электрахім. анодным (гл. Анадзіраванне) спосабам. Выкарыстоўваюць у прылада-, самалёта-, машынабудаванні, для аддзелкі буд. і арх. дэталяў, метал. вырабаў быт. прызначэння. Гл. таксама Акаліна, Акісленне металаў.
т. 1, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Аксідаванне металаў 1/199, 309; 2/595; 3/318; 4/353; 8/300
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АКІСЛЕ́ННЕ МЕТА́ЛАЎ,
рэакцыя злучэння металаў з кіслародам з утварэннем аксідаў; рэакцыя, у якой атамы металу страчваюць электроны і ўтвараюць розныя злучэнні (сульфіды, хларыды і інш.). У прыродзе металы знаходзяцца ў акісленым стане (у выглядзе рудаў). Акісленне металаў і іх сплаваў — аснова карозіі. У металургіі акісленне металаў прыводзіць да ўтварэння акаліны, страты каштоўных легіравальных элементаў і жалеза. У некат. выпадках акісленне металаў выкарыстоўваецца з ахоўнымі ці дэкар. мэтамі (гл. Аксідаванне).
т. 1, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКА́ЛІНА,
прадукт акіслення паверхні металаў, сплаваў пры ўзаемадзеянні з вонкавым асяроддзем. Звычайна акалінай наз. прадукт акіслення жалеза і яго сплаваў. У шырокім сэнсе акаліна — хім. злучэнні, утвораныя на паверхні любога металу пры яго рэакцыі з акісляльнікамі (кіслародам, серай, азотам і інш.). Пагаршае якасць паверхні і прыводзіць да страты металу (каля 6%); у некаторых выпадках выкарыстоўваюць яе ахоўныя ўласцівасці (гл. Аксідаванне). Акаліна, што ўтвараецца на паверхні металу ў час пракаткі, коўкі, штампавання, выкарыстоўваецца ў канвертарнай, доменнай ці мартэнаўскай вытв-сці. З акаліны кіпячых сталяў атрымліваюць жалезны парашок, які выкарыстоўваюць у магн. дэфектаскапіі, парашковай металургіі. Спец. апрацоўкай з акаліны легіраваных сталяў і сплаваў вылучаюць каштоўныя металы. Акаліны здымаюць мех. спосабам, траўленнем ці электрагідраўлічнай апрацоўкай.
т. 1, с. 183
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬВАНАТЭ́ХНІКА
(ад гальвана... + тэхніка),
галіна прыкладной электрахіміі, якая займаецца працэсамі электралітычнага асаджэння металаў на паверхні вырабаў. Уключае гальванастэгію, гальванапластыку і розныя спосабы электрахім. апрацоўкі металаў (аксідаванне, анадзіраванне, электралітычнае паліраванне і інш.). Асновы закладзены Б.С.Якобі, які ў 1838 адкрыў гальванапластыку і распрацаваў спосабы яе выкарыстання. Выкарыстоўваецца ў аўтамабілебудаванні, авіяц., радыётэхн. і электроннай прам-сці, у паліграфіі і інш.
Тэхнал. працэсы гальванатэхнікі заснаваны на з’яве электролізу. Асн. кампанент электраліту — солі металу, які ідзе на пакрыццё. У растворы яны распадаюцца на дадатна зараджаныя іоны металу (катыёны) і адмоўна зараджаныя групы (аніёны). Іоны металу асаджаюцца на адмоўным полюсе (катодзе), якім з’яўляюцца самі вырабы ці іх матрыцы. Аноды — пласціны або пруткі металу, які раствараецца ў электраліце і асаджаецца. У некаторых працэсах (напр., храміраванне, залачэнне) ужываюцца нерастваральныя аноды, а солі асноўнага металу дадаюцца звонку. Гальванатэхн. працэсы выконваюцца ў гальванічных ваннах (стацыянарных, паўаўтаматычных, ваннах-агрэгатах). Стацыянарныя ванны маюць прылады для вымярэння т-ры і прыстасаванні для перамешвання электраліту. Неметал. вырабы і матрыцы (з гіпсу, воску, пластмасы і інш.) для электраправоднасці пакрываюць графітам або тонкім слоем хімічна асаджанага металу; металічныя апрацоўваюцца акісляльнікамі для атрымання пасіўнай плёнкі, што дапамагае аддзяліць копію ад матрыцы. На з’яве нераўнамернага растварэння металу пры аноднай палярызацыі заснавана электралітычнае паліраванне.
У.М.Сацута.
т. 4, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)