АКРЫ́ЛАВЫЯ КЛЕ́І, поліакрылавыя клеі,
сінтэтычныя клеі на аснове вытворных акрылавай, метакрылавай ці цыянакрылавай кіслот. Найб. пашыраны акрылавыя клеі з манамерных эфіраў ці раствораў поліакрылатаў ва ўласных манамерах ці інертных арган. растваральніках. Некаторыя акрылавыя клеі мадыфікуюць інш. манамерамі ці сінт. смоламі для надання ім спецыфічных уласцівасцяў (эластычнасці, тэрмаўстойлівасці, трываласці клеявых злучэнняў і інш.). Выкарыстоўваюцца для склейвання металаў, пластмасаў, драўніны, паперы, сілікатнага і арган. шкла (у т. л. аптычнага), цыянакрылатныя клеі — пры хірург. аперацыях. З акрылавых клеяў вырабляюць ліпкія стужкі і пластыры.
т. 1, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКРЫ́ЛАВЫЯ ВАЛО́КНЫ,
гл. ў арт. Поліакрыланітрыльныя валокны.
т. 1, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКРЫ́ЛАВЫЯ ЛА́КІ, поліакрылавыя лакі,
растворы поліакрылатаў і іх вытворных у арган. растваральніках. Утвараюць святло-, атмасфера- і водаўстойлівыя пакрыцці з добрай адгезіяй да металу. Выкарыстоўваюць для аховы ад карозіі алюмінію і яго сплаваў; эмалевыя фарбы на іх аснове — у авіяц. і аўтамаб. прам-сці, вытв-сці буд. канструкцый і інш.
т. 1, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІАКРЫЛА́ТЫ,
сінтэтычныя палімеры, прадукты полімерызацыі складаных эфіраў акрылавай к-ты (акрылатаў). Агульная ф-ла [—CH2—CH(COOR)—]n.
Найважн. П. — поліалкілакрылаты, у якіх R — алкільны радыкал нармальнай будовы (CH3, C2H5 і інш.). Бясколерныя каўчукападобныя ці цвёрдыя рэчывы. Раствараюцца ва ўласных манамерах, араматычных вуглевадародах, ніжэйшыя гамолагі (R — алкіл з 1—6 атамамі вугляроду) — у ацэтоне. Хімічна ўстойлівыя, устойлівыя да ўздзеяння святла і кіслароду. Выкарыстоўваюць у вытв-сці ліставых і плёначных матэрыялаў, лакаў (гл. Акрылавыя лакі), кляёў (гл. Акрылавыя клеі), у стаматалогіі (для вырабу пратэзаў зубоў).
т. 12, с. 472
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІГАЭФІРАКРЫЛА́ТЫ, поліэфіракрылаты,
сінтэтычныя алігамеры, прадукты ўзаемадзеяння мнагаатамных спіртоў з многаасноўнымі к-тамі ў прысутнасці рэгулятараў росту макрамалекул (напр., акрылавыя к-ты). Бясколерныя вязкія вадкасці ці цвёрдыя рэчывы. Маюць высокую рэакцыйную здольнасць. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці шклапластыкаў, лакафарбавых матэрыялаў, клеяў, кампаўндаў, палімербетону, герметыкаў, друкарскіх формаў.
т. 1, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІАКРЫЛАНІТРЫ́ЛЬНЫЯ ВАЛО́КНЫ, акрылавыя валокны,
сінтэтычныя валокны, што фармуюць з раствораў поліакрыланітрылу. Прамысл. вытв-сць пачата ў ЗША у 1946. Вядома каля 250 гандл. марак П.в., асн. з іх: нітрон, акрылан, арлон, дралон, куртэль, кашмілон.
Паводле мех. уласцівасцей падобныя да шэрсці. Вызначаюцца атмасфера- і святлоўстойлівасцю, устойлівыя да ўздзеяння мікраарганізмаў, а таксама раствораў кіслот і шчолачаў сярэдніх канцэнтрацый, арган. растваральнікаў, у т. л. тых, што выкарыстоўваюць у хім. чыстцы (бензін, ацэтон, трыхлорэтылен і інш.). Вырабляюць пераважна штапельныя (рэзаныя) П.в. ці жгут. Выкарыстоўваюць у вытв-сці трыкатажу, дываноў, штучнага футра, адзежных, абівачных і фільтравальных тканін, для перапрацоўкі ў вугляроднае валакно; у сумесі з бавоўнай і віскознымі валокнамі — для вырабу гардзін, брызенту.
М.І.Пракапчук.
т. 12, с. 472
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІМЕТАКРЫЛА́ТЫ,
сінтэтычныя палімеры, прадукты полімерызацыі складаных эфіраў метакрылавай к-ты (метакрылатаў). Агульная ф-ла [—CH2——C(CH3)(COOR)—]n; найважн. поліалкілметакрылаты, у якіх R — алкільны радыкал нармальнай будовы (CH3, C2H5 і інш.).
Аморфныя шклопадобныя (R — алкіл з 1—3 атамамі вугляроду), эластычныя (2—14 атамамі) ці воскападобныя крышт. рэчывы. Маюць больш высокія т-ры шклавання і цвёрдасць, чым поліакрылаты з тым ж R (напр., т-ра шклавання поліметылакрылату 8 °C, поліметылметакрылату 105—110 oC). Раствараюцца ў складаных эфірах, у т. л. ва ўласных манамерах, хлараваных і араматычных вуглевадародах. Устойлівыя да ўздзеяння вады, разбаўленых раствораў кіслот і шчолачаў, святла і кіслароду. Выкарыстоўваюць П., а таксама супалімеры метакрылатаў з метакрылавай к-той для вытв-сці безасколачнага шкла (гл. Шкло арганічнае), вырабу пратэзаў (хірургія, стаматалогія), як аснову лакаў і кляёў (гл. Акрылавыя клеі).
т. 12, с. 475
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)