Акваланг 1/187 (іл.); 2/541; 7/602

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АКВАЛА́НГ (ад аква... + англ. lung лёгкае),

аўтаномны апарат, з дапамогай якога чалавек дыхае пад вадой. Вынайдзены французамі Ж.​І.​Кусто і Э.​Ганьянам (1943). Складаецца з балонаў са сціснутым паветрам (да 200 ат), аўтамата, што рэгулюе выдыханне і паступленне паветра адпаведна ціску навакольнага асяроддзя і інш. элементаў. У комплексе з маскай, гідракамбінезонам, ластамі і інш. выкарыстоўваецца ў падводным спорце і паляванні, у даследаваннях, выратавальнай службе.

Акваланг: 1 — маска з загубнікам; 2 — дыхальны апарат; 3 — балоны са сціснутым паветрам; 4 — рамяні мацавання.

т. 1, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВО́ДНЫ СПОРТ,

від спорту. Уключае падводнае арыентаванне. плаванне ў ластах, падводныя спартыўныя паляванне і стральбу па мішэнях, падводны турызм. Спарт. інвентар: акваланг, дыхальная трубка, ласты, маска і інш.

П.с. узнік у 1920-я г., інтэнсіўна развіваецца пасля вынаходства акваланга. Сусветная канфедэрацыя падводнай дзейнасці (падводнага спорту) створана ў 1959 (Манака); першы прэзідэнт Ж.А.Кусто. Канфедэрацыя аб’ядноўвае 112 краін (2000). Чэмпіянаты свету і Еўропы па падводным паляванні праводзяцца з 1950-х г., па падводным арыентаванні і плаванні ў ластах — з 1960-х г. (з 1967 кожны год), спаборніцтвы на Кубак Еўропы — з 1969.

На Беларусі культывуюцца (з 1959) падводныя спарт. паляванне і стральба па мішэнях, плаванне ў ластах. Чэмпіянаты рэспублікі і спаборніцтвы на Кубак Беларусі па падводным паляванні і плаванні ў ластах праводзяцца з 1972. У чэмпіянатах свету бел. спартсмены ўдзельнічаюць з 1976. Федэрацыя П.с. Беларусі створана ў 1992. Майстры спорту Беларусі В.​Сашынскі (чэмпіён Беларусі, 1996, 1997) і А.​Шапавалаў (чэмпіён Беларусі, 1998, 1999).

С.​А.​Патрыкееў.

т. 11, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)