Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АДЭНО́ІДЫ (ад адэна... + грэч. eidos падобны),
пухлінападобныя разрастанні насаглотачнай міндаліны. Бываюць пераважна ў дзяцей, часцей у 3—10 гадоў, іншы раз у грудных. Узнікненню адэноідаў спрыяюць інфекц. хваробы. Асн. прыкмета захворвання — цяжкае дыханне праз нос; часта праяўляецца захворваннямі сярэдняга вуха, «адэноідным габітусам» (вузкі нос, адкрыты рот, згладжаная носагубная складка, высокае паднябенне, няправільнае размяшчэнне зубоў на верхняй сківіцы), паслабленнем увагі і памяці, парушэннем сну, іншы раз начным нетрыманнем мачы. Лячэнне хірургічнае (выдаленне міндалін, часцей амбулаторна).
т. 1, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЭН..., АДЭНА... [ад грэч. adēn (adenos) залоза],
састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: «які адносіцца да залоз, залозістай тканкі», «які адносіцца да лімфатычных вузлоў», «які адносіцца да адэноідаў», напр., адэнавірусы, адэноіды.
т. 1, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАН’ЮНКТЫВІ́Т (ад лац. conjunctivus злучальны + ...іт),
запаленне слізістай (злучальнай) абалонкі вока. Адна з найб. пашыраных хвароб вачэй. Адрозніваюць К. востры і хранічны. Найчасцей бывае востры; выклікаецца інфекцыяй, дзеяннем розных хім. рэчываў, траўмамі і інш. Прыкметы: пачырваненне слізістай абалонкі вока, рэзь, слёзацячэнне, святлабоязь, слізістыя ці слізіста-гнойныя выдзяленні. Пры своечасовым лячэнні ўскладненняў не пакідае, доўжыцца 3—6 дзён, вірусны — да 1 мес. К. ад трахомы, ганарэі, дыфтэрыі пакідаюць язвы рагавой абалонкі, бяльмо. Хранічнаму К. садзейнічаюць пыл, дым, недастатковае асвятленне, некарыгіраваныя акулярамі анамаліі зроку, анеміі, гельмінтозы, адэноіды, парушэнне абмену рэчываў. Лячэнне: ліквідацыя асн. прычын, тэрапеўтычнае.
Л.М.Марчанка.
т. 8, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)