АДЫНАМІ́Я (ад грэч. adynamia бяссілле),
амаль поўнае або поўнае спыненне рухальнай актыўнасці ў выніку парушэнняў нервова-мышачнага апарата; крайні выпадак гіпадынаміі. Узнікае пры захворваннях цэнтр. і перыферычнай нерв. сістэмы, рэзкім упадку сіл пры галаданні, вымушанай поўнай мышачнай бяздзейнасці (напр., пры ложкавым рэжыме хворага), цяжкіх інфекц. захворваннях, хранічнай інтаксікацыі. Вядзе да атрафіі мышцаў, дэтрэніраванасці сардэчна-лёгачнай сістэмы, пагаршэння дзейнасці ўнутр. органаў, дысгармоніі вышэйшых вегетатыўных цэнтраў. Пры гэтым узнікаюць расстройствы эмацыянальныя і паводзін, галаўны боль, парушаецца сон, зніжаюцца рэзервовыя магчымасці арганізма.
т. 1, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУЦЭЛЁЗ (ад прозвішча англ. ўрача Д.Бруса, які адкрыў бруцэлы),
інфекцыйна-алергічная хвароба чалавека і жывёл. Суправаджаецца ліхаманкай, пашкоджаннем рэтыкула-эпітэліяльнай, сасудзістай, нерв. і інш. сістэм, найчасцей — апорна-рухальнага апарату. Адносіцца да заанозных інфекцый, гал. крыніца якіх дробная і буйн. раг. жывёла, свінні, а таксама коні, вярблюды, сабакі, кошкі і інш. Чалавек можа заразіцца ад хворай жывёлы, ад інфіцыраваных прадуктаў (сырых малочных, мясных і інш.). У арганізм бруцэлы (узбуджальнікі бруцэлёзу) трапляюць праз слізістыя абалонкі стрававальнага тракту і дыхальных шляхоў, пашкоджаную скуру.
Інкубацыйны перыяд бруцэлёзу 2—3 тыдні. Тэмпература цела павышаецца да 39—40 °C, бывае і субфебрыльная. Першыя прыкметы хваробы — дыфузнае павелічэнне лімфатычных вузлоў і патлівасць, страта апетыту, сухасць у роце, абложаны язык, запоры, змены ў печані і селязёнцы. Пры пашкоджанні палавых органаў у мужчын узнікаюць архіты і эпідыдыміты, у жанчын — парушэнне менструальнага цыкла, выкідышы. Пры пашкоджанні нерв. сістэмы з’яўляюцца ўзрушанасць, эйфарыя, бяссонніца. У перыяд рэмісіі захоўваецца слабасць у мышцах, адынамія, цягнучы боль у канечнасцях, дыфузны разліты боль у мышцах, касцях, суставах. Пры хранічным бруцэлёзе дамінуюць ачаговыя пашкоджанні ўнутр. органаў і нерв. сістэмы. Лячэнне: тэрапеўтычнае, фізіятэрапеўтычнае, сан.-курортнае.
У арганізм жывёлы ўзбуджальнік найчасцей трапляе з кормам і вадой, а таксама праз слізістыя абалонкі і скуру. Свінні і авечкі найчасцей заражаюцца палавым шляхам. Інфекцыя можа распаўсюдзіцца ад чалавека, які даглядае жывёлу.
П.Л.Новікаў.
т. 3, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)