АДУ́Р (Adour),
рака на ПдЗ Францыі. Даўж. 335 км, пл. бас. 22 тыс. км². Пачынаецца ў цэнтр. раёне Пірэнеяў, перасякае плато Арманьяк і Гаронскую ніз., упадае ў Біскайскі зал.
Разводдзе і паводкі вясной і восенню ад раставання снягоў і ліўняў у Пірэнеях. Сярэдні расход вады 360 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходства ў ніжнім цячэнні. ГЭС. На Адуры гарады Баёна, Тарб.
т. 1, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАВАРНІ́ (Gavarnie),
вадаспад на Пд Францыі, у Пірэнеях, у вярхоўях р. Гаўдэ-По (бас. р. Адур). Выш. 422 м (адзін з самых высокіх у свеце). Спадае 12 патокамі са схілаў найб. ў Еўропе ледавіковага цырка Гаварні. ГЭС. Турызм.
т. 4, с. 415
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКС (Dax),
прыморскі бальнеагразевы і кліматычны курорт у Францыі. На ПнУ ад г. Баёна, на беразе р. Адур. Вядомы з часоў Стараж. Рыма; развіваецца з 19 ст. Мяккі марскі клімат, мулавыя гразі і мінер. воды выкарыстоўваюцца для лячэння хвароб органаў дыхання, перыферычнай нерв. сістэмы, суставаў. Цэнтр турызму. Арх. помнікі 13 ст., музей фізіка і геадэзіста Ж.Бардо.
т. 6, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРО́НСКАЯ НІЗІ́НА, Аквітанская нізіна,
на ПдЗ Францыі, у сярэднім і ніжнім цячэнні р. Гарона, паміж Цэнтр. Франц. масівам і Пірэнеямі. Выш. да 200—300 м. Працягласць каля 200 км. Размешчана на месцы перадгорнага тэктанічнага прагіну; складзена пераважна з рыхлых кайназойскіх адкладаў. У рэльефе — чаргаванне шырокіх рачных далін (р. Гарона з прытокамі, прытокі р. Адур) і плоскіх, месцамі ўзвышаных, міжрэччаў; уздоўж Біскайскага заліва — пясчаная забалочаная частка нізіны — Ланды, з вял. колькасцю азёр. Масівы шыракалістых і пасаджаных хваёвых лясоў, міжземнаморскія хмызнякі. Сады, вінаграднікі, пасевы збожжавых, вырошчваецца тытунь. Найб. горад — Бардо.
т. 5, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРЭНЕ́І (ісп. Pirinéos, франц. Pyrénées),
горная сістэма на ПдЗ Еўропы, у Іспаніі, Францыі і Андоры. Працягласць 450 км ад Біскайскага зал. да Міжземнага м. Найб. выш. да 3404 м (пік Анета). П. — альпійская складкаватая сістэма. Найб. высокая восевая зона гор, складзеная крышт. парод. Характэрна чаргаванне высокіх платопадобных участкаў і скалістых вяршынь з рысамі плейстацэнавага зледзянення. Зах. П. — сярэдневышынныя горы, развіты вапнякі, карст; у цэнтры — пераважна крышт. пароды, альпійскія формы рэльефу, ледавікі (пл. каля 40 км²); на У хрыбты зніжаюцца, чаргуюцца з міжгорнымі ўпадзінамі. З П. бяруць пачатак рэкі Гарона, Адур і левыя прытокі р.Эбра. Важны кліматападзел (на Пн ад П. тэр. з умераным кліматам, на Пд з субтрапічным). На вільготных зах. і паўн. схілах, дзе выпадае 1500—2000 мм ападкаў, пераважаюць букавыя і піхтавыя лясы, субальпійскія хмызнякі і лугі. На паўд. схілах, дзе колькасць ападкаў зніжаецца да 500—750 мм, лясы з вечназялёных дубоў і зараснікі міжземнаморскіх хмызнякоў (маквіс, гарыга, таміляры). Радовішчы баксітаў, жал. руд. У гарах жывёлагадоўля, у далінах вінаградарства і садоўніцтва.
М.В.Лаўрыновіч.
т. 12, с. 385
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)