Адстрат, гл. Стратыфікацыя моў
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АДСТРА́Т
(ад лац. ad пры, каля + stratum слой),
сляды ўзаемадзеяння мовы прышэльцаў і тубыльцаў на фанетычным, лексічным, граматычным узроўні. Пры гэтым не адбываецца асіміляцыі, а абедзве моўныя сістэмы працягваюць суіснаванне (скандынаўскі ўплыў на англ. мову 9—11 ст., цюркскі адстрат у бел. мове, напр.: кіндзюк — зельц). Часам тэрмін «адстрат» ужываецца для абазначэння ўзаемапранікнення тэрытарыяльна сумежных, але не блізкародных моў (бел. і літоўскай; напр., валандацца, клыпаць). Паняцце «адстрат» уведзена М.Барталі ў 1936.
А.А.Кожынава.
т. 1, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РТАЛІ (Bartoli) Матэо Джуліо
(22.11.1873, Альбона, Італія, цяпер г. Лабін, Харватыя — 23.1.1946),
італьянскі мовазнавец. Праф. Турынскага ун-та. Заснавальнік «неалінгвістычнага» кірунку ў лінгвістыцы. Першы ўвёў у мовазнаўства паняцце «ізаглоса» і, карыстаючыся паняццем «лінгвістычны арэал» (уведзены франц. дыялектолагам Ж.Жыльеронам), вылучыў разнастайныя тыпы арэалаў («Субстрат, суперстрат і адстрат», 1939; «Нарысы арэальнай лінгвістыкі», 1945). У 1925 распрацаваў асн. прынцыпы арэальнай лінгвістыкі.
Тв.:
Introduzione alla neolinguistica. Geneve, 1925;
Breviario di neolinguistica. Modena, 1925.
т. 2, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)