ЛАКАЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац. localis мясцовы),

аднясенне чаго-небудзь да пэўнага месца; абмежаванне пэўнай прасторай месца дзеяння, распаўсюджання якой-н. з’явы, працэсу (напр., Л. пажару).

т. 9, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГО́ГІКА (ад грэч. agoge адвод, аднясенне),

у музычным выкананні невялікія, часам не пазначаныя ў нотным тэксце адхіленні ад тэмпу і метра. У вак. музыцы садзейнічае гнуткасці, выразнасці выканання, падкрэслівае матыўнае чляненне, гарманічную структуру твора, сэнсавы змест.

т. 1, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАЛІФІКА́ЦЫЯ (ад лац. qualis які, якой якасці + facere рабіць),

1) характарыстыка прадмета, з’явы, аднясенне яго да якой-н. групы, катэгорыі, напр., кваліфікацыя злачынства.

2) Ступень і від прафесійнай падрыхтаванасці працоўных і служачых да выканання пэўнага віду працы. Уключае тэарэт. веды, практычныя навыкі і прафес. майстэрства. Ступень К. працоўных вызначаецца прысвоенымі ім кваліфікацыйнымі разрадамі, якія ўстанаўліваюцца з улікам складанасці, адказнасці, умоў працы на аснове тарыфна-кваліфікацыйнага даведніка. Паказчыкам К. работніка таксама можа быць катэгорыя, дыплом, наяўнасць звання і вучонай ступені. Гл. таксама Тарыфная сістэма.

т. 8, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕАЛАГІ́ЧНАЯ КЛАСІФІКА́ЦЫЯ МОЎ,

вывучэнне і групаванне моў свету (аднясенне да пэўнай групы, сям’і і інш.) на аснове іх падабенства, звязанага з наяўнасцю роднасных сувязей паміж імі. Роднасныя сувязі абумоўлены тым, што мовы пэўнай групы або сям’і ўтвараюцца з адной мовы-асновы (прамовы) шляхам яе распадзення. Прамова — гэта рэальная мова, якая некалі існавала і якую нельга аднавіць поўнасцю, але можна рэканструяваць яе фанетыку, граматыку і лексіку. Рэканструкцыя адбываецца шляхам супастаўлення роднасных моў (гл. Роднасць моў) на падставе параўнальна-гістарычнага метаду. Найб. дакладны матэрыял дае параўнанне граматычнай структуры, што тлумачыцца абмежаванасцю набору граматычных значэнняў у мовах свету і іх устойлівасцю ў адносінах да змянення, а таксама тым, што словазмяняльныя формы амаль не запазычваюцца. Больш складанае выкарыстанне лексічных адпаведнасцей паміж мовамі: вял. колькасць супадзенняў на гэтым узроўні тлумачыцца запазычаннямі (напр., бел. «бурбалка» < літ. burbulas). Для лексікалагічных параўнанняў бяруць словы, якія гістарычна належаць да эпохі прамовы: назвы роднасці і сваяцтва, некаторых жывёл, раслін, прылад працы, частак цела, некаторыя невытворныя займеннікі і інш. Важную ролю адыгрывае і гукавое афармленне таго, што параўноўваецца. Самы надзейны крытэрый роднасці моў — частковыя супадзенне і разыходжанне гукавой абалонкі пры ўмове рэгулярных гукавых адпаведнасцей і ўліку фанетычных законаў кожнай мовы. Напр., лац. ferunt адпавядае рус. «берут», што пацвярджаецца рэгулярным узнікненнем рус. «б» замест лац. «f» («брат» — frater, «боб» — faba). Пры генеалагічнай класіфікацыі моў блізкароднасныя мовы аб’ядноўваюць у падгрупу, потым — групу, сям’ю моў. Існуюць наступныя асн. сем’і моў: у Еўропе і Азіі — індаеўрапейскія мовы, фіна-угорскія мовы, цюркскія мовы, іберыйска-каўказскія мовы; у Азіі і Афрыцы — семіта-хаміцкія мовы; у паўд.-ўсх. і ўсх. Азіі — мангольскія мовы, тунгуса-маньчжурскія мовы, кітайска-тыбецкія мовы, палеаазіяцкая, дравідская; у Акіяніі, Аўстраліі і Новай Зеландыі — малайска-палінезійская, аўстра-азіяцкая; у Афрыцы — нігера-кардафанская, ніла-сахарская; у Паўн. Амерыцы — алгонкіна-масанская, хока-сіў, юкі-пенуці; у Цэнтр. Амерыцы — танаюта-ацтэкская, майя-соке; у Паўд. Амерыцы — аравакская, янамана-панатаканская, тупі-гуарані.

У 2-й пал. 20 ст. ўзнікла гіпотэза пра аб’яднанне сем’яў у больш буйныя сукупнасці — макрасем’і, адна з якіх — настратычныя мовы.

Літ.:

Мейе А. Сравнительный метод в историческом языкознании. 4 изд. М., 1954;

Иванов В.В. Генеалогическая классификация языков и понятие языкового родства. М., 1954;

Иллич-Свитыч В.М. Опыт сравнения ностратических языков: Сравнительный словарь. [Т. 1—3]. М., 1976—84;

Реформатский А.А. Введение в языковедение. 4 изд. М., 1967.

А.​А.​Кожынава.

т. 5, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)