ГЕНЕРА́Л-ГУБЕРНА́ТАР, намеснік,
1) вышэйшая службовая асоба мясц. адміністрацыі ў Расіі ў 1703 — 1917. Меў усю паўнату грамадз. і ваен. улады. З 1775 узначальваў генерал-губернатарства. Прызначаўся імператарам і падпарадкоўваўся яму (фармальна Сенату). Меў права выдаваць абавязковыя пастановы па пытаннях грамадскага парадку і бяспекі, адмяняць рашэнні губернатараў. Улада генерал-губернатара ў Расіі захоўвалася да Лют. рэв. 1917 (акрамя Фінляндыі, дзе гэта пасада існавала да кастр. 1917).
2) У б. калоніях і дамініёнах Вялікабрытаніі, Францыі і інш. калан. дзяржаў кіраўнік калан. адміністрацыі.
3) У краінах брыт. Садружнасці прадстаўнік англ. манарха, які прызначаецца па рэкамендацыі мясц. урадаў.
т. 5, с. 153
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭ́ТАРСКАЕ ПРА́ВА (лац. jus praetorium),
прававая сістэма ў Стараж. Рыме, што складалася з рашэнняў (эдыктаў) прэтараў — службовых асоб, якія ажыццяўлялі пераважна судовыя, прававыя функцыі. Рашэнні прэтараў заўсёды насілі працэсуальны, а не матэрыяльны характар, бо яны не мелі права адмяняць або змяняць законы. Прэтарскі эдыкт дзейнічаў на працягу года, але кожны новы яго пераемнік пры складанні свайго эдыкта выкарыстоўваў найб. важныя прававыя ўстанаўленні папярэднікаў, фактычна спыняючы дзеянне састарэлых норм. З сярэдзіны 2 ст. да н.э. прэтары атрымалі права складаць у ходзе суд. працэсу абавязковую для суддзяў юрыд. інструкцыю. т.зв. фармулярны працэс. П.п. істотным чынам рэфармавала ін-ты прыватнага права, напр., валоданне, дагавор, права на спадчыну. У 4—5 ст. н.э. адбылося збліжэнне П.п. і цывільнага права, што прывяло да поўнай іх аднастайнасці.
т. 13, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВІЛЕ́Й 1492, Аляксандраў прывілей,
агульнадзяржаўны заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вял. кн. Аляксандрам у Вільні 6.8.1492 пасля абрання яго на велікакняжацкі пасад. Меў характар феад. канстытуцыі ВКЛ, якая замацоўвала асновы дзярж. і грамадскага ладу, пануючае становішча баяр і іх вярхоў — паноў. Складаецца з 33 артыкулаў. П. пацвердзіў з частковымі зменамі ўсе прывілеі баярству, выдадзеныя папярэднімі вял. князямі. Важнай уступкай буйным феадалам было юрыд. афармленне вял. паўнамоцтваў Рады Вялікага княства Літоўскага, куды ўваходзілі вышэйшыя саноўнікі дзяржавы і радавітая знаць, сваякі вял. князя. П. устанавіў, што вял. князь не мае права адмяняць або змяняць законы, пастановы і судовыя рашэнні, прынятыя разам з Радай. Яе пастановы, прынятыя большасцю галасоў, павінны былі выконвацца вял. князем. Рада дзейнічала пад кіраўніцтвам вял. князя, а ў выпадку яго адсутнасці самастойна вырашала пытанні агульнадзярж. значэння. Прывілей вызначыў асновы адм., цывільнага і крымінальнага права. Службовым асобам было забаронена вымагаць у падначаленых падачкі звыш устаноўленых плацяжоў. Былі акрэслены прынцыпы прызначэння і пазбаўлення дзярж. пасад. П. пацвердзіў абавязковы характар мясц. прававых звычаяў. Дзярж. пасады і зямельныя ўладанні мелі права атрымліваць толькі ўраджэнцы ВКЛ (польскай шляхце гэта забаранялася). У П. абвяшчалася неабходнасць вынясення справядлівых судовых рашэнняў, забараняліся хабары і судзейская неаб’ектыўнасць, устанаўліваліся пэўныя тэрміны разгляду спраў. Напісаны на лац. мове.
А.П.Грыцкевіч.
т. 13, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)