АДКО́РМ сельскагаспадарчых жывёл, тэхналагічны працэс у прамысл. жывёлагадоўлі, які забяспечвае атрыманне найб. колькасці высакаякаснага мяса за адносна кароткі перыяд. Адкормліваюць буйную рагатую жывёлу, свіней, авечак, трусоў, а таксама птушак. Віды адкорму залежаць ад патрабаванняў да мясной прадукцыі.
У гадоўлі буйной рагатай жывёлы найб. пашыраная і эфектыўная тэхналогія атрымання высакаякаснай маладой ялавічыны — адкорм маладняку з 6—8-месячнага ўзросту да 15—20 мес, калі жывёла дасягае жывой масы 400—480 кг і больш. Сярэднясутачныя прыбаўкі ў вазе на адкорме 800—1200 г і больш. Затраты корму на 1 кг прыбаўкі ў вазе 8—11 кармавых адзінак. Тыпы адкорму ў свінагадоўлі: мясны (пераважае), беконны і адкорм да тлустых кандыцыя. На мясны адкорм ставяць парасят масай 15—16 кг ва ўзросце 2,5 мес, заканчваюць у 7—7,5 мес пры масе 100—110 кг (таўшчыня сала супраць 6—7-га рэбраў 1,5—4 см). Сярэднясутачны прырост складае 500—600 г, затрата корму на 1 кг прыбаўкі ў вазе 4,5—5 кармавых адзінак. Удзельная вага канцэнтратаў у рацыёнах 60—80%, сакаўных кармоў — 15—25%. У авечкагадоўлі найб. эфектыўны адкорм маладняку мясавоўнавых парод і мяшанцаў ад прамысл. скрыжавання матак танкарунных парод з баранамі мясавоўнавых паўтанкарунных парод. Пачынаюць пасля адымання ягнят ад матак, заканчваюць у 7—8-месячным узросце. У птушкагадоўлі пераважае спец. адкорм бройлераў і птушак, вылучаных з розных гасп. груп (рамонтнага маладняку, бацькоўскага статка ва ўзросце 2—6 мес і выбракаванай птушкі). Тэрмін адкорму 15—25 сутак, расход корму на 1 кг прыбаўкі ў вазе 6—9 кармавых адзінак.
т. 1, с. 110
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕКО́Н
(англ. bacon),
засоленая ахалоджаная палавіна свіной тушы, без ніжніх канечнасцяў, пазваночніка, касцей таза, грудзіны. Характарызуецца нятлустым сакавітым мясам, пранізаным роўнымі слаямі сала, а таксама белай тонкай скурай без плямаў і пашкоджанняў. Для атрымання бекону выкарыстоўваюць маладых (6—8 мес) свіней мяснога тыпу, якія адкормліваюцца па спец. схеме (беконны адкорм).
т. 2, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОЛ,
кастрыраваны самец буйн. раг. жывёлы ва ўзросце больш за 2 гады. Выкарыстоўваецца пераважна як мясная, радзей рабочая жывёла. Бычкоў, адабраных для забою на мяса, кастрыруюць ва ўзросце 2—5 месяцаў і адкормліваюць (нагульваюць) да 1,5—2-гадовага ўзросту. Забойны выхад у валоў мясных парод 60% і больш. Валоў, якіх прызначаюць для гасп. работ, кастрыруюць ва ўзросце 8—12 месяцаў і прывучаюць да работы з 2-гадовага ўзросту, запрагаючы парамі. Праз 8—9 гадоў валоў ставяць на адкорм. Ад валоў атрымліваюць каштоўную падэшвенную скуру.
т. 4, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАКО́ЎКА СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫХ ЖЫВЁЛ,
выдаленне са статка жывёл, не прыдатных для ўзнаўлення або далейшага гасп. выкарыстання. Праводзіцца штогод з мэтай паляпшэння статка. Аб’ёмы залежаць ад кірунку гаспадаркі, віду і ўзросту жывёл, інтэнсіўнасці іх выкарыстання. Напр., штогод бракуюць 20—25% кароў, 20% цялушак у малочных статках, 20—30% дарослых свіней у племянных гаспадарках, 70% свінак у перыяд дарошчвання, да пераводу іх у групу асн. матак. Выбракаваных жывёл перад забоем ставяць на адкорм. Племянных жывёл бракуюць пры баніціроўцы, у таварных статках — у розныя тэрміны (буйн. раг. жывёлу звычайна ўвосень перад пастаноўкай на стойлавае ўтрыманне, авечак — у 2-й пал. лета пасля адымання ягнят).
т. 3, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАБА́МА
(Alabama),
штат на Пд ЗША. Пл. 131,4 тыс. км², нас. 4187 тыс. чал. (1993). Адм. ц. — г. Мантгомеры. Найб. гарады Бірмінгем, Мабіл, Хантсвіл. Большая ч. тэрыторыі занята нізіннай прыморскай раўнінай, месцамі забалочанай, на Пн і ПнУ — адгор’і Апалачаў. Клімат умерана цёплы, на Пд субтрапічны. Ападкаў каля 1500 мм за год. Рэкі Алабама, Тэнесі. Вядучая галіна эканомікі — апрацоўчая прам-сць. Развіты чорная металургія (Бірмінгем), вытв-сць алюмінію, пластмасаў, гумы, хімікатаў, тэкстылю, электратэхн. абсталявання. Прадпрыемствы цэлюлозна-папяровай, авіяракетнай, суднабуд., тэкст. прам-сці. Здабыча вугалю, нафты, прыроднага газу. ГЭС на р. Тэнесі. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля (адкорм буйн. раг. жывёлы, авечак, свіней, бройлераў). Вырошчваюць сою, кукурузу, бавоўнік, сеяныя травы, арахіс, агародніну, садавіну. Чыг., аўтамаб., водны транспарт. Марскі порт Мабіл.
т. 1, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЯВА
(Iowa),
штат у цэнтральнай частцы ЗША. Пл. 145,75 тыс. км². Нас. 2814 тыс. чал. (1993), гарадскога каля 60%. Адм. цэнтр — Дэ-Мойн. Буйныя гарады Сідар-Рапідс і Давенпарт. Паверхня — узгорыстая раўніна сярэдняй выш. 400—500 м са слядамі зледзянення. Клімат цёплы, умерана кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -10 да -6 °C, ліп. 23 °C, ападкаў 700—890 мм за год. Гал. рэкі Місісіпі з прытокамі Сідар, Аява, Дэ-Мойн і Місуры. Пераважаюць прэрыі з урадлівымі глебамі, пад лесам каля 7% тэрыторыі. Вядучы сектар эканомікі — апрацоўчая прам-сць: вытв-сць с.-г. Машын, халадзільнага абсталявання, электроннай тэхнікі, быт. электрапрылад, аўтапрылад, мінер. угнаенняў, хім. і дрэваапр. прадпрыемствы і інш. Здабыча буд. каменю, цэментнай сыравіны, пяску і жвіру. Аява — адзін з гал. штатаў па вытв-сці с.-г. прадукцыі. Вырошчваюць кукурузу на зерне і сілас, сою, авёс, сеяныя травы. Гадуюць свіней, авечак, хатнюю птушку. Адкорм буйн. раг. жывёлы. Развітая сетка шляхоў зносін. Суднаходства па рэках Місісіпі і Місуры. Турызм.
М.С.Вайтовіч.
т. 2, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКА́НЗАС
(Arcansas),
штат на Пд ЗША. Уваходзіць у групу штатаў Паўд.-Зах. Цэнтра. Пл. 137,8 тыс. км², нас. 2424 тыс. чал. (1993). Адм. ц. — г. Літл-Рок. Буйныя гарады: Форт-Сміт, Блайтвіл, Феетвіл. Гар. насельніцтва каля 50%. На ПнЗ плато Азарк (823 м), на ПдЗ горы Уашыта, на У і ПдУ урадлівая даліна Місісіпі і Берагавыя Раўніны. Клімат субтрапічны, вільготны. Сярэдняя т-ра (у г. Літл-Рок) студз. 6 °C, ліп. 28 °C, ападкаў 1250 мм за год. Гал. рэкі Місісіпі з прытокамі Арканзас і Уайт-Рывер. Больш як палавіна тэрыторыі пад лесам (хвоя, белы дуб, кіпарыс, каменнае дрэва). Аснова эканомікі — апрацоўчая прам-сць, земляробства, турызм, лясная гаспадарка. Прамысловасць: хім., лесаапр., папяровая, электратэхн., маш.-буд., нафтаперапр., металургічная (выплаўка алюмінію і сталі), швейная і інш. Здабыча буд. пяскоў і каменю, баксітаў, нафты і газу. Вырошчваюць сою, рыс, бавоўнік, пшаніцу, кукурузу, агародніну, вінаград, садавіну. Гадуюць свіней і птушак. Адкорм буйн. раг. жывёлы, вырошчванне бройлераў. Транспарт: рачны (на Місісіпі і Арканзасе), чыг., аўтамаб., ёсць газа- і нафтаправоды. Турызм. Курорты на плато Азарк.
М.С.Вайтовіч.
т. 1, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)