НЭ́РУ Мацілал (6.5.1861, Дэлі — 6.2.1931),
дзеяч інд. нац.-вызв. руху. Бацька Дж.Нэру. Скончыў каледж у Алахабадзе. З 1907 адзін з лідэраў Індыйскага нацыянальнага кангрэса (ІНК). Напачатку чл. умеранага крыла ІНК, пасля расстрэлу брыт. войскамі мірнага мітынгу ў Амрытсары (1919) перайшоў на радыкальныя пазіцыі. Разам з М.К.Гандзі ўзначальваў кампаніі грамадз. непадпарадкавання, за што не раз быў арыштаваны брыт. ўладамі. З 1923 адзін з лідэраў свараджысцкай партыі ўнутры ІНК. У 1928 распрацаваў праект канстытуцыі Індыі, які прадугледжваў наданне Індыі статуса дамініёна ў межах Брыт. імперыі.
т. 11, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДВЕ́КЦЫЯ (ад лац. advectio дастаўка),
1) у метэаралогіі гарызантальнае перамяшчэнне паветраных мас, якое абумоўлівае перанос цяпла і вільгаці з адных раёнаў Зямлі ў іншыя; адзін з найважн. фактараў фарміравання надвор’я. Адбываецца ў выніку руху цыклонаў, пераносу паветра пануючымі вятрамі. Тэр. Беларусі знаходзіцца пад уплывам адвекцыі амаль 2/3 года. Гл. таксама Канвекцыя.
2) У акіяналогіі адвекцыя — перанос вады ў гарызантальным, іншы раз у вертыкальным напрамку (гл. Марскія цячэнні).
т. 1, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ЭКАЛАГІ́ЧНЫ САЮ́З (БЭС, БелЭкаС),
добраахвотная грамадская арг-цыя, якая ставіць за мэту актывізацыю прыродаахоўнай дзейнасці грамадзян, прадпрыемстваў, устаноў, аб’яднанне іх намаганняў для захавання экалагічнай раўнавагі і паляпшэння асяроддзя пражывання насельніцтва Беларусі. Засн. 3.4.1989 у Мінску. Прэзідэнт Б.П.Савіцкі, віцэ-прэзідэнты Р.Г.Гарэцкі, Я.П.Пятраеў, Л.Р.Тарасенка. Больш за 5 тыс. членаў (з 1995). Вышэйшы кіруючы орган — з’езд (праводзіцца адзін раз у 3 гады).
т. 2, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОНС,
адзін з найб. старажытных рым. аграрных багоў, што шанаваліся разам з багіняй Опс. Ушаноўваўся як абаронца запасаў збожжа, схаваных пад зямлёй. Яго падземны алтар адчынялі раз на год у час свята кансуалій, калі К. прыносілі ахвяры і наладжвалі ў яго гонар гульні і спаборніцтвы. Пазней кансуаліі зліліся са святам коннага Нептуна, а сам К. з прычыны сугучча яго імя са словам «савет» (лац. consilium) лічыўся богам добрых парад.
т. 8, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗАРНИ́ЦЫ»,
літаратурна-мастацкі часопіс ліберальна-асветнага кірунку. Выдаваўся ў Гомелі з 26.11(9.12).1911 да 15(28).6.1912 адзін раз у 2 тыдні на рус. мове. Спрыяў яднанню маладых пісьменнікаў, крытыкаў і публіцыстаў. У паэзіі пераважалі элегічныя матывы С.Надсана і ранніх сімвалістаў, апавяданні больш нагадвалі эскізы на мясцовыя тэмы, чым закончаныя творы. Змяшчаў літ.-крытычныя ацэнкі творчасці І.Нікіціна, Надсана, К.Бальмонта, М.Дабралюбава, музыкі Ф.Ліста, М.Рымскага-Корсакава.
У.М.Конан.
т. 6, с. 538
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСТМІ́ЙСКІЯ ГУ́ЛЬНІ, Істміі,
у Стараж. Грэцыі святы і спаборніцтвы ў гонар Пасейдона. Праходзілі на Істме (цяпер Карынфскі перашыек), верагодна з 582 да н.э. адзін раз у 2 ці 4 гады. Паводле міфа, засн. Тэсеем. Праводзіліся гімнастычныя, конныя, пазней муз. і паэт. спаборніцтвы. Пераможцу ўзнагароджвалі вянком з сельдэрэю ці хвоі, у які ўпляталася галінка пальмы. На час І.г. у Грэцыі абвяшчаўся «свяшчэнны мір», не вяліся ваен. дзеянні. Да ўдзелу ў І.г. не дапускаліся арганізатары Алімпійскіх гульняў — элейцы.
т. 7, с. 347
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЯТЭРАПІ́Я (ад крыя... + тэрапія),
лячэнне з выкарыстаннем нізкіх для арганізма тэмператур. Грунтуецца на даных крыябіялогіі і агульнай медыцыны аб уплыве холаду на цеплакроўных жывёл і чалавека. Здаўна прымянялася ў форме абгортвання цела ці яго частак мокрымі халоднымі прасцінамі, абкладвання лёдам. Мае станоўчы эфект пры запаленчых працэсах, вонкавых і ўнутр. крывацёках, абсцэсах, ацёках, траўмах і інш. Мясц. (лакальнае) замарожванне тканак — адзін з дапаможных метадаў агульнай крыяхірургіі; у мікрахірургіі К. іншы раз выкарыстоўваецца як асн. метад лячэння, асабліва пры аперацыях на воку і галаўным мозгу.
т. 8, с. 531
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕМЕ́ЙСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,
спаборніцтвы, якія адбываліся ў Стараж. Грэцыі ў Немейскай даліне (у Аргалідзе, Пелапанес) каля храма Зеўса. Паводле падання засн. Адрастам, які ўзначаліў паход семярых супраць г. Фівы, ці Гераклам. Вядомы з 573 да н.э. Праходзілі адзін раз у 2 гады ў маладзік чэрвеня. У праграму гульняў уваходзілі спарт. і муз. спаборніцтвы. Арганізатарамі Н.г. былі жыхары г. Клеон, з 460 да н.э. — г. Аргас. Пераможцы ўзнагароджваліся вянкамі з аліўкавых галін, пазней — з сельдэрэю. Н.г. спыніліся ў 4 ст. н.э. пасля ўсталявання хрысціянства.
т. 11, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБСІ́Т (ад прозвішча амер. мінералога Дж.Гібса), гідраргіліт,
мінерал падкласа гідраксідаў, аксігідраксід алюмінію Al(OH)3. Мае 65,4% гліназёму Al2O3, 34,6% H2O. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Трапляецца ў выглядзе прамянёва-ліставатых, нацечных агрэгатаў, канкрэцый. Колер белы, шараваты. Празрысты. Бляск шкляны да перламутравага. Цв. 2,5—3. Шчыльн. каля 2,4 г/см³. Утвараецца пры выветрыванні алюмасілікатаў, іншы раз гідратэрмальнага паходжання. Адзін з гал. кампанентаў баксітаў. Гідраргілітавыя баксіты — важная алюмініевая руда. На тэр. Беларусі трапляецца ў верхнепратэразойскіх і верхняюрскіх корах выветрывання крышт. фундамента, у пясчана-гліністых карбанатных ніжнекаменнавугальных пародах Прыпяцкага прагіну.
т. 5, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАДЭ́РМА (ад гіпа... + дэрма),
у пазваночных жывёл самы глыбокі слой скуры з рыхлай злучальнай тканкі, у якім назапашваюцца тлушчавыя клеткі, што ўтвараюць падскурную тлушчавую клятчатку. Гіпадэрма злучае скурнае покрыва з падлеглымі тканкамі, выконвае апорную, трафічную, пластычную, тэрмарэгулятарную, ахоўную функцыі. У беспазваночных жывёл гіпадэрма — тонкі слой прызматычнага эпітэлію, што знаходзіцца пад кутыкулай, створанай у выніку сакраторнай дзейнасці клетак гіпадэрмы. У раслін гіпадэрма — адзін ці некалькі слаёў клетак, што знаходзяцца пад эпідэрмісам сцёблаў, лісця, насення і пладоў; у каранях гіпадэрмы іншы раз называюць вонкавыя пласты клетак першаснай кары.
т. 5, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)