Адзёр (этнагр.) 2/373

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Адзёр 1/104—105; 2/393, 404; 5/132; 6/106

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗЁР,

вострая вірусная хвароба чалавека, якая характарызуецца павышанай тэмпературай, інтаксікацыяй, катаральным запаленнем верхніх дыхальных шляхоў і вачэй, высыпкай на целе. Перадаецца паветрана-кропельным шляхам ад хворага. Інкубацыйны перыяд 8—10 (макс. 17) дзён. Хварэюць людзі любога ўзросту, але часцей дзеці ад 1 да 7 гадоў (да 3 месяцаў дзейнічае матчын імунітэт).

Адрозніваюць 3 перыяды хваробы: катаральны (3—4 дні), калі з’яўляюцца дробныя шаравата-белыя з чырвонай аблямоўкай плямкі на слізістай губ; перыяд высыпання (4—5 дзён) — высыпка з’яўляецца на твары, затым на ўсім целе; праз 3—4 дні яна знікае, застаецца пігментацыя і лушчэнне скуры; працягваецца 7—10 дзён. На ўсіх стадыях хваробы могуць узнікнуць ускладненні на органы дыхання (ларынгіт, фарынгіт, трахеіт, пнеўманія, абсцэс лёгкага), страўнікава-кішачны тракт (стаматыт, энтэракаліт), на скуру (піядэрмія), нервовую сістэму (менінгіт, менінгаэнцэфаліт, міэліт, энцэфаламіэліт), зрок (кератыт) і слых (атыт). Спецыфічных лек. сродкаў супраць адзёру адру* няма. Найб. дзейсны метад прафілактыкі — супрацьадзёрная вакцына. Прышчэпкі робяць дзецям у 12 месяцаў і ў 7 гадоў.

т. 1, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́СЫПКА,

агульная назва вонкавых ачаговых паталагічных змен скуры (экзентэма) і слізістых абалонак (энантэма). Бывае першасная (запаленчыя плямы, гнайнікі і інш.) і другасная (лускавінкі, язвы, эрозія і інш.). Узнікае пад уздзеяннем фіз., хім., бактэрыяльных паразітарных фактараў, пры кантакце з некаторымі раслінамі. Прычынай высыпкі могуць быць парушэнні функцый эндакрынных органаў, страўнікава-кішачнага тракту, ц. н. с., абмену рэчываў, балансу вітамінаў, імунітэту і інш. Сімптом многіх інфекц. захворванняў (адзёр, шкарлятына, тыф і інш.).

т. 4, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУХАТА́,

адсутнасць або недастатковасць слыху. Адрозніваюць прыроджаную, набытую, аднабаковую і двухбаковую глухату.

Прыроджаная бывае ад няправільнага развіцця і фарміравання вуха; можа быць ад перанесеных пры цяжарнасці вірусных хвароб, уздзеяння на арганізм цяжарнай жанчыны таксічных рэчываў. Прычыны набытай глухаты — інфекц. хваробы (менінгіт, грып, сіфіліс, адзёр і інш.), запаленне ўнутр. вуха, атыт, доўгае ўздзеянне моцных гукаў і шумаў, парушэнне кровазвароту ўнутр. вуха, уздзеянне на арганізм таксічных рэчываў. Глухата двухбаковая, прыроджаная або набытая ў раннім дзяцінстве, выклікае глуханемату. Лячэнне: хімія- і фізіятэрапія, хірургічнае. Пры няпоўнай глухаце карыстаюцца слыхавымі апаратамі.

П.​А.​Цімашэнка.

т. 5, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАХНАІДЫ́Т (ад грэч. arachnē павук, павуціна + eidēs падобны + ...im),

запаленне мяккіх мазгавых абалонак (пераважна павуціннай) галаўнога або спіннога мозга чалавека. Узнікае як ускладненне інфекц. хвароб (грып, вострыя рэспіраторныя, пнеўманія, адзёр і інш.), ачагоў факальнай інфекцыі, пры інтаксікацыі, чэрапнамазгавых траўмах. Прыкметы арахнаідыту галаўнога мозга (цэрабральны арахнаідыт): галаўны боль з млоснасцю, ірвотай, галавакружэнне, сутаргі, зніжэнне памяці, хуткая стамляльнасць, вегетатыўныя расстройствы, аднабаковае зніжэнне слыху з парэзам мімічнай мускулатуры на тым жа баку, хутка прагрэсіруючае зніжэнне зроку (да слепаты); выяўляюцца лёгкія або сярэдне выражаныя ачаговыя прыкметы пашкоджання галаўнога мозга. Пры арахнаідыце спіннога мозга (спінальным арахнаідыце) пашкоджваюцца нерв. карэньчыкі, інш. раз рэчывы спіннога мозга. Узнікаюць апяразвальныя болі ў вобласці тулава, якія аддаюць у адну ці абедзве нагі, слабасць у нагах. Лячэнне ўключае санацыю ачагоў факальнай інфекцыі, процізапаленчыя, дэсенсібілізоўныя, рассысальныя, агульнаўмацавальныя, седатыўныя сродкі; пры паказаннях зніжаюць унутрычарапны ціск; у некаторых выпадках робяць хірург. аперацыі. Пры своечасовым лячэнні арахнаідыт праходзіць.

Г.​Г.​Шанько.

т. 1, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГІ́НА (лац. angina літар. ўдушша),

вострая інфекцыйная хвароба з запаленнем міндалін, пераважна паднябенных. Узбуджальнік ангіны — звычайна гемалітычны стрэптакок; перадаецца хвароба праз кантакты з хворым, праз ежу і пітво. Ангіна можа быць сімптомам некаторых інфекц. захворванняў (дыфтэрыя, шкарлятына, адзёр), пры хваробах крыві і крывятворных органаў. Захворванню спрыяе агульнае і мясц. ахаладжэнне арганізма. Бывае катаральная (пачырваненне, прыпухласць слізістай абалонкі міндалін), лакунарная (у лакунах — паглыбленнях міндалін з’яўляецца фібрынозны налёт, які выступае на паверхні міндаліны ў выглядзе белых, шэрых палосаў), фалікулярная (нагнаенне лімфозных фалікул, што выступаюць пад слізістай абалонкай у выглядзе буйных жоўтых кропак), флегманозная (запаленне тканак вакол міндаліны, каляміндалінавы абсцэс). Асн. сімптомы ангіны: боль у горле, недамаганне, павышаная тэмпература (38—40°). Працягласць хваробы — 4—7 дзён. Ускладненні: рэўматызм, энда-, міякардыт, нефрыт. Лячэнне ангіны: пасцельны рэжым, цёплая, негустая ежа, сагравальныя кампрэсы, павязкі на шыю, паласканне горла (1—2%-ным растворам борнай к-ты, растворам марганцавакіслага калію, кухоннай солі), гарачкапаніжальныя (аспірын), сульфаніламіды, антыбіётыкі (пры цяжкім стане). Пры абсцэсах неабходна іх ускрыццё.

В.​А.​Быстрэнін.

т. 1, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІЦЯ́ЧЫЯ ХВАРО́БЫ,

група хвароб, што бываюць выключна ці пераважна ў дзяцей і звязаны з асаблівасцямі развіцця іх арганізма. Ва ўлонні маці ўзбуджальнікі інфекц. хвароб (таксаплазмоз, сіфіліс, сываратачны гепатыт, цытамегалія і інш.) праз плацэнту хворай маці пашкоджваюць унутр. органы і ц. н. с. Да заган развіцця плода прыводзіць і ўздзеянне на арганізм маці фіз., хім., біял. фактараў. Пры родах парушэнне кровазвароту ў плацэнце выклікае асфіксію, магчымы родавыя траўмы, заражэнне плода. У нованароджаных (да 4 тыдняў) бываюць хваробы, звязаныя з родамі (траўмы, кровазліццё ў мозг, неданошанасць), і выяўляюцца асн. недахопы развіцця плода. Яны асабліва адчувальныя да гнаяроднай інфекцыі, пераахаладжэнняў, хварэюць на сепсіс і запаленне лёгкіх. У грудным узросце бываюць гіпатрафія, паратрафія, анемія, дыятэз, рахіт, спазмафілія. Дзеці да 7 гадоў пераважна хварэюць на вострыя дзіцячыя інфекцыі — адзёр, коклюш, воспу ветраную, шкарлятыну, дыфтэрыю. У дзяцей малодшага школьнага ўзросту (7—12 гадоў) бываюць гэтыя і інфекц.-алергічныя хваробы — рэўматызм, астма бранхіяльная, нефрыты. У сярэднім і старэйшым школьным узросце (12—17 гадоў) найчасцей расстройствы нерв. і сардэчна-сасудзістай сістэм, парушэнні абмену рэчываў, дысфункцыя эндакрынных залоз, абвастрэнне інфекц.-алергічных хвароб. туберкулёзу, рэўматызму. З пачаткам палавой спеласці выяўляюцца дэфекты развіцця палавых органаў.

Р.​У.​Дэрфліо.

т. 6, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́РУСНЫЯ ХВАРО́БЫ,

хваробы раслін, жывёл і чалавека, узбуджальнікамі якіх з’яўляюцца вірусы. Падзяляюцца на групы: пухліны і інфекцыі. У чалавека выклікаюцца вірусамі РНК- і ДНК-геномных тыпаў. Крыніца заражэння — хворыя і вірусаносьбіты; шляхі — паветрана-кропельны (узбуджальнікі вострых рэспіратарных захворванняў, адру і інш.), аліментарны (узбуджальнікі кішэчных інфекцый і інш.), трансмісіўны (узбуджальнікі крывяных інфекцый і інш.), праз скуру (вірусы шаленства, воспы натуральнай, папіломы і інш.), палавы (вірус герпесу, узбуджальнік СНІДу і інш.), парэнтэральны (узбуджальнік гепатыту В.), трансплацэнтарны (унутрывантробны, выклікае цяжкія захворванні нованароджаных) і інш. Патагеннае дзеянне вірусаў абумоўлена ў першую чаргу пашкоджаннем клетак, у якіх яны размнажаюцца. Часткова яно можа быць звязана з гібеллю клетак пад уплывам антывірусных антыцел і сенсібілізаваных Т-лімфацытаў, а таксама з цытатаксічным уплывам вірыёнаў на клеткі органаў, у якіх вірус не размнажаецца. Вірусныя хваробы класіфікуюць паводле цяжкасці хваробы, віду ўзбуджальніка, механізма перадачы, крыніцы інфекцыі, месца заражэння і інш. Адрозніваюць прыроднаачаговыя і антрапагенныя заанозы, паза- і ўнутрыбальнічныя антрапанозы. Да вірусных хвароб адносяцца: поліяміэліт, герпес, грып, воспа, адзёр, энцэфаліты, ліхаманкі, гепатыт інфекцыйны, краснуха, шаленства і інш. У большасці выпадкаў пасля іх застаецца працяглы імунітэт. Лячэнне: процівірусныя хім. прэпараты, інтэрфероны, імунапрэпараты, патагенетычныя і сімптаматычныя сродкі. У жывёл вірусныя хваробы выклікаюцца агульнымі з чалавекам або патагеннымі толькі для іх заавірусамі. Адрозненні ў этыялогіі, патагенезе, клінічных праяўленнях, фарміраванні імунітэту, метадах дыягностыкі і лячэння ў параўнанні з віруснымі хваробамі чалавека нязначныя. Для свойскай жывёлы асабліва небяспечныя яшчур, шаленства, чума, воспа, грып і інш. У раслінгл. Вірусныя хваробы раслін.

А.​П.​Красільнікаў.

т. 4, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)