ЕЗЯРЫ́ШЧАНСКІ ЗА́МАК Існаваў у 14—17 ст. Размяшчаўся за 3 км ад г.п.Езярышча Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. У плане чатырохвугольнік (100 х х 120 м). Быў абкружаны землянымі валамі з 3 вежамі і ровам, які аддзяляў замак ад астатняй тэр. паўвыспы. У час паводак замак ператвараўся ў астраўную крэпасць. Паводле польскага храніста Р.Гейдэнштэйна, у 16 ст. Е.з. меў значныя ўмацаванні і разам з Полацкім замкам панаваў над «усім краем». У Лівонскую вайну 1558—83 узяты рус. войскам (1565) і спалены, потым адбудаваны. У 1579 яго знішчылі ў час штурму войскі караля Стафана Баторыя, пазней адноўлены. У пач. 17 ст. ў час пажару ўмацаванні замка згарэлі, адбудаваны па загадзе караля Жыгімонта III Вазы езярышчанскім старостам К.Сакалінскім. У жн. 1654 замак захапіла рус. войска на чале з ваяводам С.Стрэшневым. Захаваліся рэшткі валоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛІЦКІ ЦУКРО́ВЫ ЗАВО́Д.Дзейнічаў у 1839—82 у Беларусі, у мяст. Беліца (цяпер у межах г. Гомель). Быў найб.цукр. прадпрыемствам на Беларусі. Вырабляў цукар-пясок. У 1839 згарэў, у 1840 адбудаваны. Меў 2 паравыя машыны, 2 паравыя, 3 дэфекацыйныя (1855), 6 выпаральных катлоў, 2 цэнтрабежныя машыны, халадзільнік. Працаваў на мясц. сыравіне (цукр. буракі). У 1879 на з-дзе 232 рабочыя, выпушчана 19 тыс. пудоў цукру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ТРАНКА,
вёска ў Смоліцкім с/с Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. За 17 км ад горада і чыг. ст. Быхаў, 60 км ад Магілёва. 175 ж., 103 двары (1996).
Вядома з 19 ст. З 1866 у Ветранцы дзейнічаў Александрыйскі шклозавод, у 1898 адкрыта школа. У 1926 — 226 ж., 49 двароў. У 1927 пачаў дзейнічаць торфазавод. У 1935—48 рабочы пасёлак. У Вял.Айч. вайну з ліп. 1941 да 26.6.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У жн. 1943 гітлераўцы спалілі пасёлак, загубілі 287 жыхароў. Пасля вызвалення адбудаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮЦЭ́РН (Luzern),
горад у цэнтр.ч. Швейцарыі. Адм. ц. кантона Люцэрн. Засн. каля 1180. Каля 70 тыс.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на Фірвальдштэцкім воз.Прам-сць: маш,буд., прыладабуд., швейная, паліграф., харчовая. Музеі, у т. л. мастацкі і гістарычны. Скарбніца Гофкірхе. Гар. ўмацаванні з вежамі (пач. 15 ст.), Рыцарскі палац, пазней езуіцкі калегіум (2-я пал. 16 ст.), драўляныя гатычныя масты Капельбруке (1333, згарэў у 1993, адбудаваны) і Шпроербруке (1408), ратуша (пач. 17 ст.), будынкі ў стылі барока (17—18 ст.). Штогадовыя муз. фестывалі. Кліматычны курорт. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́РСКІ МУЖЧЫ́НСКІ ПРААБРАЖЭ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у 17 — пач. 20 ст. каля в. Ахора (цяпер Чэрыкаўскі р-н Магілёўскай вобл.) на беразе р. Сож. Паводле падання, заснаваны як праваслаўны пустэльнікам ці будаўніком Аркадзем. Першы ігумен вядомы з 1669. У 1708 у час Паўн. вайны 1700—21 знішчаны шведамі, пазней адбудаваны. Прывілеем караля Аўгуста II 1720 пацверджана прыналежнасць манастыра да правасл. царквы і захавана яго зямельная ўласнасць. У 1842 прыпісаны да Магілёўскага Богаяўленскага манастыра, з 1870 самастойны. Меў 2 драўляныя храмы: Праабражэння (1711) з разьбяным 3-ярусным іканастасам і шанаваным абразом Маці Божай і Успення (1843). У 1918 манастыр закрыты. Будынкі не захаваліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПЕЦК,
горад у Расіі, цэнтр Ліпецкай вобл., на р. Варонеж. 477 тыс.ж. (1997). Вядомы з 13 ст.; у 1284 разбураны татарамі; з 1779 губернскі горад (адбудаваны на месцы с. Ліпецкія Заводы). Чыг. станцыя. Вузел аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: чорная металургія (найбуйнейшы ў Расіі Наваліпецкі металургічны камбінат, трубны з-д), машынабудаванне і металаапрацоўка (трактары, станкі, пускавыя рухавікі і інш.), буд. матэрыялаў, хім. (з-ды азотна-тукавы, гумава-пластмасавых вырабаў), харчасмакавая, швейная, мэблевая. 2 ВНУ. 2 тэатры. Краязнаўчы музей і Дом-музей Г.В.Пляханава. Сабор Раства Хрыстова (18—19 ст.). Бальнеалагічны і гразевы курорт.
Літ.:
Колтаков В.М.Памятные места Липецка: Справ.-путеводитель. Воронеж, 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́НФ (Korinthos),
горад у Грэцыі, на Пн в-ва Пелапанес. Адм. ц. нома Карынфія. Каля 30 тыс.ж. (1996). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на Карынфскім канале (вываз разынак, аліўкавага алею). Буйнейшы ў краіне нафтаперапр.з-д. Перапрацоўка с.-г. прадукцыі.
У старажытнасці — горад-дзяржава (поліс). Засн., верагодна, у 9 ст. да н.э.дарыйцамі. У 8—7 ст. да н.э. буйны гандл. і рамесніцкі цэнтр (вырабы з бронзы і керамікі), стварыў калоніі Сіракузы, Керкіра, Патыдэя і інш. У 7—6 ст. да н.э. дасягнуў найб. росквіту. У канцы 6 ст. да н.э. ўступіў у Пелапанескі саюз, удзельнічаў у грэка-персідскіх войнах 500—449 да н.э. Супярэчнасці паміж Афінамі і К. былі адной з прычын Пелапанескай вайны 431—404 да н.э. Вёў Карыкфскую вайну 395—387 да н.э. У 243 да н.э. ўвайшоў у Ахейскі саюз. У 146 да н.э. захоплены і разбураны рымлянамі, у 46 да н.э.адбудаваны, з 27 да н.э.гал. горад рым. правінцыі Ахая. У 51 н.э. заснавана першая хрысц. абшчына. У 395 разбураны вестготамі, у 521 — моцным землетрасеннем. Пасля аднаўлення (522—523) — крэпасць. З 1205 пад уладай Візантыі, у 1455—1822 у складзе Асманскай імперыі. Сучасны К. адбудаваны за 6 км на ПдЗ ад старажытнага пасля моцнага землетрасення 1858. З 1896 вядуцца рэгулярныя археал. раскопкі. Захаваліся: храм Апалона (каля 550 да н.э.), рым. агара (15 н.э.), грэч. і рым. жыллёвыя кварталы, храмы, адэон, тэатр рым. часоў; ант. і сярэдневяковыя ўмацаванні на гары Акракарынф; руіны свяцілішча Пасейдона (5 ст. да н.э.), стадыёна пач. 4 ст. да н.э., рым. тэатра і тэрмаў; крэпасць Юстыніяна 6 ст., рэшткі ант. і сярэдневяковых абарончых збудаванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ.
Дзейнічаў у Віцебску з 17 ст. па 1820. Езуіты пасяліліся ў Віцебску ў 1639, калі смаленскі ваявода А.Корвін-Гасеўскі падарыў ім прыстань на Зах. Дзвіне і землі (1 тыс. кв. міль) на Смаленшчыне. Віцебскім езуітам матэрыяльна дапамагаў Аршанскі езуіцкі калегіум, свецкія феадалы ахвяравалі маёнткі. У 1649 езуіты пабудавалі ў Віцебску касцёл, у калегіуме пачалося навучанне, з 1676 існавала муз. бурса. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21 Віцебскі езуіцкі калегіум двойчы спыняў дзейнасць, у 1708 будынкі згарэлі. У 1731 адбудаваны. З 1756 пры калегіуме дзейнічалі семінарыя для дзяцей збяднелай шляхты, друкарня, тэатр, аптэка (1697). Закрыты паводле ўказа імператара Аляксандра I ад 13.3.1820 аб высылцы езуітаў з Рас. імперыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ЗААЛАГІ́ЧНЫ ПАРК,
старэйшы на Беларусі, засн. ў 1927 на сродкі гар.т-ва аматараў прыроды (ініцыятар — прыродазнавец, выкладчык біялогіі мясц. гімназіі Ян Каханоўскі). З 1931 арандаваны прыватным прадпрымальнікам, з 1939 уласнасць дзяржавы, у калекцыі меў каля 400 жывёл. У Айч. вайну матэрыяльныя каштоўнасці знішчаны, рэдкія віды звяроў вывезены ў Германію. У 1949 адбудаваны, калекцыя адноўлена. Пл. 3,42 га. Сярод 321 віду прадстаўнікі млекакормячых (98), птушак (83), рэптылій (41), амфібій (16), рыб (78), бруханогіх малюскаў (5). Экспануюцца рэдкія жывёлы, занесеныя ў Чырв. кнігу Міжнар. саюза аховы прыроды: кіт. алігатар, суматранскі і амурскі тыгры, туркм. кулан, алень Давіда, зубр, чырвоны і канадскі ваўкі, арлан-белахвост і інш. Працуюць секцыі: іхтыялогіі, герпеталогіі, драпежных жывёл і малпаў, капытных, арніталогіі, кармлення, навукова-асветная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ВЕНТРЫ (Coventry),
горад у цэнтр.ч. Вялікабрытаніі. Каля 320 тыс.ж. (1994). Трансп. вузел. Прам-сць: аўта-, авія-, рухавіка- і станкабудаванне, эл.-тэхн., радыёэлектронная, каляровая металургія (вытв-сць алюмінію і бронзы), хім. (штучны шоўк). Ун-т. Тэхн. каледж. Руіны гатычнага сабора (14 ст.; разбураны ў час 2-й сусв. вайны, захоўваюцца як сведчанне фаш. варварства), побач новы сабор (20 ст.). Пасля разбурэнняў у 2-ю сусв. вайну К. адбудаваны нанава.
Сфарміраваўся вакол заснаванага ў 1043 кляштара бенедыкцінцаў. У 1153 атрымаў гар. правы. У 13—17 ст. цэнтр гандлю і вытв-сці воўны. З пач. 20 ст. развіваецца вытв-сць аўтамабіляў, электраапаратуры, авіяматораў, самалётаў, штучных тканін. У 2-ю сусв. вайну бамбардзіроўкамі герм. авіяцыі знішчаны гіст. цэнтр К. з арх. помнікамі 14—15 ст.